Домой Спорт Гонка набыла статут міжнароднай (Відэа)

Гонка набыла статут міжнароднай (Відэа)

25 — 26 красавіка ў Бабруйску адбылася IV велагонка памяці Заслужанага трэнера Беларусі Ігара Карпенкі.

Сёлета гонка набыла статут міжнароднай. Акрамя мацнейшых гоншчыкаў з усёй краіны, у спаборніцтвах узялі ўдзел жаночыя зборныя Украіны і Літвы. Не дзіўна, што агульная колькасць удзельнікаў дасягнула рэкорднай адзнакі — 212 спартоўцаў. Таксама вынікі гонкі шлі ў залік Другога этапу Кубка Беларусі па веласіпеднаму спорту.

У праграме спаборніцтваў былі 2 гонкі — групавая і “крытэрыум”. За ўзнагароды мемарыялу спрачаліся не толькі дарослыя спартоўцы, але юніёры (1991-92 г. н.) і юнакі (1993 г. н. і мал.). У першы дзень у групавой гонцы сярод жанчын перамагла літоўка Аўшрына Трэбайтэ. На наступны дзень, у гонцы па вуліцах горада, яна была толькі другой, саступіўшы вышэйшую прыступку сваёй сяброўцы па камандзе — бронзаваму прызёру чэмпіянату свету Віліі Серыкайтэ. У мужчынскім “крытэрыуме” не было роўных Юрыю Юрчанку з Гомеля. А галоўны прыз спаборніцтваў, за перамогу ў групавой гонцы, дастаўся прадстаўніку Міншчыны — Максіму Кумілеўскаму.

Ёсць адна ўзнагарода и на рахунку бабруйчан: Алена Трухан заваявала “бронзу” ў групавой гонцы сярод юніёрак. Яшчэ адзін наш зямляк — галоўны суддзя спаборніцтваў Яўген Шабуня — падвёў вынікі гэтых спаборніцтваў:
— Усе засталіся вельмі задаволеныя гонкай. Думаю, што на наступны год, акрамя Украіны і Літвы, мы запросім і Польшчу, і Малдову, і Расію, і Латвію. Разлічваем, што будзе шэсць-семь краін. Дарогі ў Бабруйску вельмі добрыя. Не ў адным горадзе краіны не праводзяцца гонкі ў цэнтры. Мы — старт і фініш групавой гонкі, а “крытэрыум” поўнасцю — праводзім у самым цэнтры горада. Гэта унікальны выпадак… Таму лічу, што гонка з кожным годам будзе квітнець!”

Антон ПУЦІЛА

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя