Домой Общество Габрэі смуткуюць і весяляцца (Відэа)

Габрэі смуткуюць і весяляцца (Відэа)

У беларускай сталіцы 20 кастрычніка распачаліся урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 65-х угодкаў знішчэння мінскага гета. Шэраг мерапрыемстваў з гэтай нагоды распачаліся адкрыццём у Бабруйску 19 кастрычніка мемарыяла вязням бабруйскага гета.

Усталяваны мемарыяльны знак “Разбіты горад” на вуліцы Бахарава, дзе ў часы Другой сусветнай вайны месцілася бабруйскае гета. З ліпеня па лістапад 1941 года тут было габрэйскае гета. У лістападзе больш за 10 тысяч ягоных вязняў каля вёскі Камянка нацысты расстралялі. Грошы на стварэнне мемарыяла збіралі жыхары горада, а таксама былыя бабруйчане, якія цяпер жывуць за мяжою.

Апоўдні ў нядзелю, каля прахадной завода ТДіА (дзе размешчаны помнік) сабралося шмат людзей. Акрамя жыхароў Бабруйска, прадстаўнікоў габрэйскай грамады, чыноўнікаў гарвыканкама на адкрыцці прысутнічалі сакратар амбасады Ізраіля ў Беларусі Аляксандр Карым, супрацоўнік мемарыяла “Ядвашэм” у Іерусаліме Аарон Вайс, стваральнікі мемарыяла. Адна з іх – архітэктар Галіна Левіна з Мінска пасля адкрыцця мемарыяльнага знака распавяла: “У аснову ідэі помніка былі пакладзеныя зламаныя вуліцы, зламаныя вокны, зламаныя лёсы габрэйскай грамады”. Але ён таксама сімвалізуе і дрэва жыцця, дрэва габрэйскай грамады, якая жыве і памятае сваю гісторыю, – помнік пераемнасці пакаленняў. Як казаў кіраўнік бабруйскай габрэйскай суполкі Леанід Рубінштэйн: “Гэты мемарыяльны знак – гэта нашае гора, наш смутак, гэта тыя турботы, якія не даюць нам спакою ў штодзённым жыцці”.

На адкрыцці помніка былі і прадстаўнікі габрэйскай грамады з усёй Беларусі – удзельнікі першага міжнароднога фестываля габрэйскіх мястэчак “Аідэшэр марк” (“Габрэйскі кірмаш”), які 18 і 19 кастрычніка адбыўся ў Бабруйску. Аўтарам ідэі феста выступіла каардынатар культурна-адукацыйных праграм бабруйскай габрэйскай суполкі Майя Казакевіч, чый грант перамог у конкурсе, абвешчаным еўрапейскім фондам Ротшыльда. Акрамя бабруйчан у фестывалі узялі удзел габрэйскія абшчыны з Магілёва, Гомеля, Віцебска, Пінска, Барысава, а таксама з расійскага Калінінграда. Тамтэйшы мужчынскі вакальны ансамбль “Шафар” выступаў па-за конкурсам. На працягу дзвюх дзён у памяшканнях абласнога тэатра драмы і камедыі ды Палаца мастацтваў удзельнікі фестываля змагаліся за перамогу ў намінацыях дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, кіно-фота-відэа, габрэйскія песня, слова, тэатр, харэаграфія, інструментальная музыка. Арганізатары “Габрэйскага кірмаша” спадзяюцца, што фестываль стане традыцыйным.

Антон ПУЦІЛА

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя