Домой Общество Фёдар Конюхаў наведаў alma mater (Відэа)

Фёдар Конюхаў наведаў alma mater (Відэа)

11 лютага Бабруйск наведаў адзін з самых знакамітых вандроўцаў у свеце — мастак і пісьменнік Фёдар Конюхаў. Менавіта тут — у мастацкім каледжы — ён у 70-х гадах адразу пасля службы ў войску вучыўся, але пасля гэтага 36 гадоў не быў у горадзе на Бярэзіне… Расійскі мараплавец першым на планеце дасягнуў тры канцавоссі (паўночнае, паўднёвае і вышыні — Эверэст), здзейсніў чатыры кругасветныя падарожжы, дзесяткі унікальных экспедыцыяў, 15 разоў перасек Атлантыку (у тым ліку — у адзіноце на вёсельнай лодцы)… Пра ўсё гэта ён распавядаў сённяшнім навучэнцам свайго каледжа на кароткай сустрэчы.

Пра яго кажуць, што ён больш бывае ў лодцы, чым ходзіць па зямлі. Але каб даехаць да Бабруйска, дзе ён калісьці вучыўся, падарожніку спатрэбілася 36 гадоў… У Фёдара Філіпавіча засталіся тут сябры, у тым ліку — былы аднакурснік і цяперашні дырэктар каледжа — Васіль Крычко. Па просьбе Конюхава навучэнцы каледжа за два дні зрабілі драўляны крыж з надпісамі на расійскай і англійскай мовах, які будзе усталяваны ім падчас адмысловай экспедыцыі на мыс Горн. Пасля ўсталявання беларускага крыжа на самай небяспечнай для мараплаўцаў кропке свету, там адбудзецца набажэнства ў памяць тысяч загінуйшых каля мыса маракоў.

Адразу пасля візіту ў родную alma mater Фёдар Філіпавіч прызнаўся:

— Хацелася проста паглядзець на месца свайго юнацтва, пабачыць яго. Вядома, я вельмі ўсхваляваны і ўзрушаны. І я вельмі рады, што ўсё тут так захавалася… Мне будзе прыемна з гэтым крыжам ляцець на край свету. Бо там мароз, вятры ўраганныя. А гэта частачка Беларусі будзе там.

Дырэктар Бабруйскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага мастацкага каледжа проста ззяў пасля спаткання з сябрам юнацтва:

— Фёдар Конюхаў — гэта гісторыя зямлі. Не так шмат на планеце мараходаў, якія дазваляюць сабе такія вольнасці, як сесці аднаму ў лодку і абыйсці зямны шар.

Сапраўды, пра самога Конюхава, які пабываў на ўсіх кантынентах, можна без нацяжкі сказаць, што гэта — чалавек свету.

Антон ПУЦІЛА

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя