Айцец Валянцін
Да Дню памяці Сабора ўсіх навамучанікаў у храме Святога Духа з сёмага лютага праходзіць фотавыстава, прысвечаная пацярпелым за веру Хрыстову.
У савецкія часы асаблівым ганенням падвяргаліся святары, якіх арыштоўвалі па 53 артыкулу (антысавецкая прапаганда).
Распавядае Айцец Валянцін:
— Ідэя распачаць працу ў гэтым накірунку ўзнікла два гады таму. Яшчэ патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Алексій ІІ даў згоду на фарміраванне кананізацыйных аддзелаў. За гэты час мы правялі вялікую працу: былі падняты сакрэтныя матэрыялы ў КДБ, высветлены абставіны, з-за якіх адбываліся рэпрэсіі.
Усяго ўдалося вывучыць 106 спраў. 90 з іх ужо разгледзелі і падрыхтавалі. Выдзелілі пяць святароў, якіх будуць кананізаваць.
Галоўны крытэрый пры кананізацыі, па словах Айца Валянціна, — крыштальна чыстае жыццё. Бывалі выпадкі, калі святароў на допытах імкнуліся прымусіць адрачыся ад сану, веры, прызнаюць сваю віну.
— Менавіта такія людзі, — кажа Айцец Валянцін, — вартыя кананізацыі. Бо калі яны адмаўляліся загадам чэкістаў, да іх ужывалася вышэйшая мера пакарання.
Бывалі і такія выпадкі, калі святароў абвінавачвалі ў антысемітызме, ці смяротнае пакаранне выносіў старшы лейтэнант. Даходзіла нават да таго, што на разгляд справы давалася не болей як адзін месяц. Турмы ў 1936 — 1937 гадах былі перапоўненыя, таму так званая “вышка” ўжывалася часта. Некаторых святароў ссылалі на Паўночны Усход, дзе шмат хто з іх загінаў.
У гонар гэтых людзей у нядзелю сёмага лютага ўпершыню ў храме Святога Духа правялі Саборную паніхіду па забітых святарах. Дзеля ўшанавання памяці аб забітых святарах рыхтуюцца выданні невялічкіх кніжак аб іхным жыцці і дзейнасці. Яны будуць распавядаць аб забітых, аб пакутах, якія прыйшлося трываць святарам.
Выстава будзе праходзіць яшчэ тыдзень. Яе можа наведаць і ўшанаваць памяць аб пакутніках любы жадаючы.
Яўген ВАСЬКОВІЧ