Домой Общество Феномен бабруйскага клуба «Патрыёт». Выхаванцы: «Мы сталі адной сям’ёй»

Феномен бабруйскага клуба «Патрыёт». Выхаванцы: «Мы сталі адной сям’ёй»

Да кампаніі салідарнасці з арыштаванымі патрыётамі актыўна далучаюцца выхаванцы, іх бацькі і сябры вайскова-патрыятычнага клуба «Патрыёт».

Як вядома, сярод фігурантаў справы кіраўнік клуба, педагог Цэнтра дзіцячай творчасці, былы спецназавец Мікалай Міхалькоў і некаторыя яго выпускнікі, якія з’яўляюцца кадравымі афіцэрамі.

«Наша Ніва» атрымала водгукі ад непасрэдных выхаванцаў клуба і ўдзельнікаў летнікаў розных гадоў.

 

Вікторыя, студэнтка:

«Для мяне летнікі клуба «Патрыёт» былі нечым нашмат большым, чым проста заняткі па фізічнай і вайсковай падрыхтоўцы. Там заўсёды панавала атмасфера сяброўства і ўзаемадапамогі. Сярод удзельнікаў былі і дзеці 11—12 гадоў, і дзяўчаты. І заўжды старэйшыя дапамагалі малодшым, мацнейшыя — слабейшым. Таму вельмі здзіўляюць цяперашнія тэлесюжэты, што расказваюць аб прапагандзе агрэсіі і ідэалагічнай прамыўцы на летніках. Наўрад ці хто з удзельнікаў назваў бы заняткі па беларускіх народных танцах або размовы на гістарычную тэматыку (што звычайна насілі характар супольных абмеркаванняў) прапагандай.

Вядома, што далёка не ўсе з нас абралі вайсковы шлях. Шмат каго вабіла магчымасць акунуцца ў беларускамоўнае асяроддзе, бавіць час у цудоўнай кампаніі, развівацца фізічна і гартавацца маральна. Трэніроўкі не толькі давалі нам добрую фізічную форму, але і вучылі не баяцца цяжкасцяў і пераадольваць іх, дасягаць сваіх мэтаў, сябраваць і дапамагаць адно аднаму, прывучалі да самадысцыпліны, што немалаважна для любога чалавека, не толькі вайскоўца. Менавіта праз удзел у летніках я набыла тыя якасці характару, што не раз потым дапамагалі ў жыцці».

Кастусь, выхаванец клуба:

«За амаль пяць гадоў, якiя я займаюся ў клубе, ён стаў для меня другiм домам, а тыя, хто займаецца разам са мною, — маёй другой сям’ёй. Падчас заняткаў у iм я стаў фiзічна больш дужы, чым раней, набыў тэарытычныя і практычныя веды ў вайсковай справе. Але акрамя гэтага, я набыў больш глыбокiя веды па нашай гiсторыi, стаў яшчэ больш любiць i паважаць сваю краiну, мову. Я стаў больш упэўнены ў сабе, таксама я адкрыў у сабе лiдарскiя задаткi i жадаю iх развiваць.

Да кiраўнiка клуба, Мiкалая, маю толькi цёплыя і ўдзячныя пачуццi. Ён не раз дапамагаў мне ў складаных справах, за што я яму вельмi ўдзячны. Да выхаванцаў клуба стаўлюся з павагай, яны для мяне — жывы прыклад сапраўдных патрыётаў сваёй краiны.

Летнiк — гэта тое, чаго ты чакаеш увесь год. Акурат падчас летнка выхаванцы клуба маюць магчымасць праверыць свае здольнасцi ва ўсiм, чаму iх вучаць, набыць новыя веды i навыкi. Гэта магчымасць яшчэ больш параднiцца з тымi, хто побач з табой, знайсцi новых сяброў i адкрыць нешта новае ў сабе і сваіх таварышах».

Гюльнара, выхаванка клуба:

«Мы сям’я! Гэта першая думка, якая гучыць у галаве. Вялікі боль адбіваецца ў сэрцы ад апошніх падзей. Праўда — адна з найпершых рэчаў, якую выхоўваў у нас Мікола. Таму хочацца расказаць аб сапраўдным клубе «Патрыёт». Заняткі ў клубе для кожнага з нас былі самай чаканай падзеяй сярод тыдня. Яны падзяляліся на дзве часткі: фізічную і тэарытычную. Я вельмі любіла тапаграфію і гісторыю. Было цікава абмяркоўваць у сяброўскім коле тэмы па гісторыі ці проста разважаць над творамі беларускіх мастакоў. Заўсёды было цікава, калі для нас арганізоўвалі майстар-класы па беларускіх народных танцах, калі запрашалі музыкаў і ўвогуле цікавых творчых асобаў. Асабліва блізкімі сэрцу былі тыя дні, калі мы разам з Міколам дапамагалі старэйшым людзям, проста за шчыры «дзякуй», за цёплую ўсмешку ці абдымкі. У тыя моманты разумелі, што разам мы можам зрабіць шмат. Мікола вучыў нас узаемадапамозе, паважаць адно аднаго. Мы не толькі займаліся і навучаліся разам, але таксама і адпачывалі. Як у кожнай сям’і, за пэўны час склаліся свае традыцыі. Сярод нас панавала павага, узаемаразуменне і братэрства. Насамрэч, Мікола для кожнага з нас стаў другім бацькам. Ён вучыў нас верыць у сябе, вучыў быць зычлівымі і годнымі людзьмі. Мікола адкрываў браму свайго сэрца для кожнага паасобку.

Тое, што адбываецца, не ўкладваецца ў галаве. Цікава, з якіх часоў любоў да роднай мовы, вывучэнне гісторыі свайго краю і заняткі спортам ды ўвогуле рознабаковае развіццё лічыцца прапагандай агрэсіі?!»

Таццяна Дамарад, маці выхаванца клуба:

«Я ведаю кiраўнiка клуба «Патрыёт» Мiкалая Мiхалькова амаль 25 гадоў. Тады яшчэ не было клуба. Але Мікола заўсёды цікавіўся гісторыяй і культурай Беларусі. Менавіта гэтая захопленасць прывабіла маладых людзей згуртавацца каля яго. Потым мясцовыя ўлады прапанавалі яму арганізаваць патрыятычны клуб, дзе юнакі і дзяўчаты маглі б вабіць вольны час з карысцю для сябе.

Патрыятызм — гэта любоў да Радзімы, веданне яе гісторыі, культуры, а таксама гатоўнасць быць яе абаронцам. Так нас вучаць у школах з першых гадоў навучання. Кожны нармальны хлапец ведае, што пойдзе служыць ва ўзброеныя сілы Беларусі. Таму ў клубе надавалася ўвага падрыхтоўцы юнакоў да войска. Пямятаеце ўрокі пачатковай вайсковай падрыхтоўкі ў савецкіх школах? Хто скажа, што гэта кепска?

Летнік — гэта асобная размова! Кожнае лета мы наведваліся на некалькі дзён пажыць у лагеры, каб апынуцца ў атмасферы добразычлівасці і сяброўства. Дзеці вучыліся весці гаспадарку — самі прыбіралі, мылі посуд, пралі адзенне, гатавалі ежу. Успомніце піянерскі фільм «Бронзавая птушка». Хто з нас у дзяцінстве не марыў пажыць у лесе? Гэта ж сапраўдная рамантыка. Пры чым тут агрэсія і баевікі?!

Выхаванцы клуба праз супрацу з сацыяльнымі службамі дапамагалі людзям сталага веку: прыбіралі ў іх на падворках ці ў кватэрах, калолі дровы, вывозілі смецце, хадзілі ў краму. Неаднаразова ўдзельнічалі ў ацыях па ўборцы парку ці сквераў у горадзе.

Мой сын Максім з 12 гадоў наведваў клуб «Патрыёт». І кожны летнік чакаў як радасць. Дзякуючы выхаванню Міколы і яго ўплыву на фармаванне характару, мой сын вырас годным чалавекам, які любіць сваю Радзіму і ведае, што нацыянальныя каштоўнасці трэба берагчы, бо гэта нашыя карані. Ці не пра гэта нам заўсёды распавядаюць па тэлебачанні? Нічога, што супярэчыла б дзяржаўнай палітыцы.

І галоўнае. Асноўным кірункам у выхаванні моладзі была ўстаноўка: патрыятызм — гэта любоў да Радзімы, шанаванне традыцый і павага да суседзяў. Галоўнай ідэяй клуба была накіраванасць на спартыўны і здаровы лад жыцця і абсалютнае міралюбства. Мікола Міхалькоў заўсёды заклікаў ні пры якіх умовах «не распальваць агонь ва ўласнай хаце». То бок ні пра якія канфлікты, пагатоў узброеныя, у краіне не магло быць ні думкі, ні тым больш гаворкі!

Максім, працуе ў судаходнай справе:

«Клуб для мяне — частка майго станаўлення як чалавека, упэўненага ў сабе, які паважае сябе і іншых. Абвінавачванні кіраўніка клуба і яго падапечных у экстрэмізме не слушныя. Ніводзін з удзельнікаў не браў удзел ні ў адной з акцый або мітынгаў. Клуб не скіроўваў моладзь на нянавісць або агрэсію. Кіраўнік заўсёды заклікаў быць шматбаковай асобай і дапамагаў ва ўсіх годных памкненнях. На вялікі жаль, для нашай дзяржавы цяпер прасцей даць для масаў «казлоў адпушчэння», чым шукаць рэальныя праблемы і спрабаваць іх вырашаць. Маю надзею, што справа не дойдзе да крайнасці і хлопцы будуць апраўданы. Яны працуюць на карысць Беларусі — няўжо дзяржаве гэтага недастаткова?»

Кацярына, працуе бармэнам:

«Для мяне клуб — гэта мой дом, а Мікалай Мікалаевіч — тата, якому я вельмі ўдзячная! Тут мяне навучылі глядзець на жыццё пазітыўна, упэўнена, бо я была вельмі закамплексаваным і сарамлівым дзіцём. Я зразумела, што магу пераадолець усе жыццёвыя цяжкасці, што я чагосьці вартая. Абстаноўка заўсёды была зычлівая, паважлівая. Ты ведаў, што калі ў цябе праблемы, ты можаш звярнуцца ў клуб — і табе дапамогуць. Мы сталі адной вялікай сям’ёй. Ніколі ніхто не агітаваў удзельнічаць у якіх-небудзь палітычных мітынгах ці акцыях. Абвінавачванні, прад’яўленыя кіраўніку і іншым выхаванцам клуба, лічу беспадстаўнымі. Інфармацыя, прадстаўленая пра клуб у дзяржаўных СМІ, абсалютна не падобная да праўды».

Таіса Іванаўна, бабуля выхаванца клуба:

«Мне 64 гады. Прадстаўнікі майго пакалення добра памятаюць школьную пару. Мы здавалі нормы ГПА: вучыліся разбіраць і збіраць вінтоўку, страляць, кідаць навучальныя гранаты. І ў кожнай школе быў цір. А яшчэ была грамадзянская абарона, мы вывучалі процігазы, навыкі аказання першай дапамогі. Наступнае пакаленне — нашы дзеці — добра памятаюць гульню «Зарніца», грамадзянскую абарону, заняткі па АБЖ.

І нарэшце, нашы ўнукі. Спартова-патрыятычны клуб «Патрыёт». Мой унук, пачынаючы з сярэдніх класаў школы, быў удзельнікам гэтага клуба і кожны год быў на летніку ў лагеры. Мы з маім мужам і сынам наведвалі гэты лагер і бачылі здаровых, загартаваных дзяцей, якія разумеюць дысцыпліну, працавітых, самастойных. Мы пазнаёміліся і назаўжды сталі сябрамі з кіраўніком клуба Мікалаем Мікалаевічам Міхальковым. Мы ўдзячныя яму за навыкі і якасці, выхаваныя ў нашага ўнука. Прыстойнасць, сумленнасць, паважлівае стаўленне да іншых, патрыятызм дапамагалі і дапамагаюць яму і цяпер. Бачылі б вы, якая ў яго была выправа і паводзіны, калі ён быў прызваны на тэрміновую службу ва ўзброеныя сілы Беларусі! Яго падрыхтоўка, выправа, паводзіны былі ацэненыя ў войску. Майму унуку 22 гады, і ён не курыць, не п’е, не брыдкасловіць, не бадзяецца абы-дзе. І гэта шмат у чым дзякуючы Мікалаю Міхалькову, якога наша сям’я ведае не першы год, і ён зусім не падобны сваёй душой, сэрцам і думкамі на таго, кім яго назвалі ў перадачы «Белы легіён чорных душаў».

Лявон, выкладчык:

«Патрыёт» — гэта не проста клуб, дзе я атрымаў неацэнныя навыкі і веды, якія спатрэбіліся мне ў самастойным дарослым жыцці. Для мяне ўсе тыя асобы, хто складае гэты клуб, з’яўляюцца сям’ёй, як бы гэта пафасна ні гучала. Маленькую суполку здолелі стварыць Мікалай Міхалькоў і ўсе тыя годныя хлопцы, якія ў дадзены момант цалкам незаслужана ўтрымліваюцца пад вартай. Мы — усе тыя, хто займаўся ў клубе, — атрымалі не проста адмысловыя веды і ўменні, неабходныя сапраўднаму беларускаму патрыёту і проста чалавеку з вялікай літары. Многія з нас знайшлі братоў і сёстраў, як я, напрыклад. Я з вялікай павагай, як і ўсе з нас, стаўлюся да Мікалая, бо ён адзіны, хто патлумачыў мне сапраўдны сэнс словаў «гонар і годнасць» сваім асабістым прыкладам. І ставіўся да кожнага з нас як да сваіх дзяцей, быў цярплівым і не шкадаваў свайго часу і сілаў, укладваючы ў кожнага з нас найлепшыя якасці, неабходныя кожнаму падлетку. Не хопіць і сотні старонак, каб апісаць усю глыбіню маёй удзячнасці. Разам з тым мне балюча бачыць, як найлепшыя з беларусаў зусім бязвінна падвяргаюцца неабгрунтаваным і несправядлівым абвінавачанням. Хочацца, каб гэтая сітуацыя вырашылася станоўча для затрыманых і яны змаглі вярнуцца да блізкіх і родных людзей, якія іх вельмі чакаюць і любяць. Жыццё ў клубе — гэта найлепшы час майго юнацтва і самыя выдатныя людзі нашай краін. Яны не заслугоўваюць тых словаў і цэтлікаў, якія на іх вешае прапаганда».

Настасся, студэнтка:

«Мікалай Мікалаевіч — найвыбітнейшы чалавек, які сустрэўся на маім шляху. Напэўна, ніводзін педагог не паўплываў на маё жыццё так, як ён.

Ён навучыў мяне быць моцнай, калі сілы пакідалі. Навучыў думаць і клапаціцца пра іншых нават у самых складаных сітуацыях. Побач з ім я ўпершыню пачула, наколькі прыгожая беларуская мова. У школе я ніколі не адчувала гонар за нашу краіну, і толькі Мікалай Мікалаевіч дапамог палюбіць мне яе ўсім сэрцам.

Да гэтага часу знаходжуся ў жаху ад падзей, якія адбываюцца! Як з чалавека, які заслугоўвае звання найлепшага настаўніка, можна зрабіць ворага народа?!»

Мікалай, працуе праграмістам:

«Я лічу нападкі на клуб «Патрыёт» беспадстаўнымі, а тое, што яго дыскрэдытуюць у вачах грамадскасці, вялікай памылкай або правакацыяй.

Для многіх «Патрыёт» стаў другім домам, асабліва для дзяцей з праблемных сем’яў. Тут усе атрымлівалі тое сяброўства, якое павінна быць у кожнага. Таму што клуб выхоўваў такія паняцці, як таварыскасць, узаемадапамога, і тлумачыў, што задача моцных — гэта дапамагчы стаць моцнымі слабым. Хлопцы і дзяўчаты з радасцю праводзілі ў клубе час. Навошта хадзіць у мноства гурткоў, калі тут мы і разам трэніраваліся, вучыліся і адпачывалі? Хлопцы часцяком рабілі ўрокі проста там, бо яны ведалі, што старэйшыя заўсёды дапамогуць і растлумачаць тое, што незразумела па якім-небудзь прадмеце. Трэніроўкі праходзілі ў жывым тэмпе, таму вынікі не прымушалі сябе доўга чакаць. Сумесны адпачынак яшчэ больш згуртоўваў падлеткаў, бо не было такога, каб малодшы не мог падсесці да кампаніі старэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак — усе адпачывалі разам. Клуб выхоўваў у дзяцей мноства карысных і патрэбных якасцяў. Такіх, як дапамога блізкаму, упартасць, любоў да ведаў, культура мовы і многія іншыя».

Паліна Антонаўна, педагог, пісьменніца:

«Для мяне Мікалай самы лепшы педагог, якога я сустрэла ў сваім жыцці. Калі б людзі толькі ведалі, колькім падлеткам ён дапамог! Сумленны, прыстойны, адкрытая душа. Мне пашчасціла працаваць побач з гэтым чалавекам, у тым ліку і нашым летніку. Я ўпершыню пабачыла такую атмасферу ўзаемадапамогі, сяброўства і згуртаванасці сярод падлеткаў, якую ён змог стварыць! Сёння гэта вельмі вялікая рэдкасць…

Проста не магу паверыць у абсурд, які зараз адбываецца! У летніку вучылі дзяцей быць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны. Любіць сваю мову, ведаць гісторыю. І гэта не пафасныя словы і не педагагічная «ліпавая» справаздача. Гэта тыя пачуцці, якія ўжо даўно не вядомыя цяперашняму пакаленню. Але… я іх ўпершыню ўбачыла ў вачах і сэрцах хлопцаў і дзяўчат! Мікалай Мікалаевіч на прыкладзе фактаў Вялікай Айчыннай вайны або сітуацыі ва Украіне, наадварот, паказваў наколькі каштоўны мір, у якім мы жывем. І толькі мы ў адказе за яго. Прычым вучылі паказваць гэтае не на словах, а сваёй справай. Ці то лес, які трэба прыбраць ад смецця, ці то ветэран, якому трэба насекчы дровы. Не губляю надзеі, што ў нашай дзяржаве засталіся разумныя людзі, здольныя адрозніць праўду ад хлусні!»

 

Нагадаем, што вайскова-патрыятычны клуб «Патрыёт» быў заснаваны ў 2003 годзе і дзейнічаў пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Ленінскага раёна Бабруйска. Штогод яго выпускнікі станавіліся курсантамі Вайсковай акадэміі, Акадэміі МУС, вайсковых факультэтаў іншых ВНУ краіны. Выхаванцы «Патрыёта», апроч вайскова-патрыятычнай дзейнасці, бралі актыўны ўдзел у валанцёрскай справе, гарадскіх і раённых спаборніцтвах, мерапрыемствах рознага ўзроўню, былі вядомым у горадзе моладзевым калектывам з выключна станоўчай рэпутацыяй, пра што сведчыць немалая колькасць узнагарод ад гарадской адміністрацыі і шэраг публікацый мясцовай прэсы розных гадоў. Штогод клуб арганізоўваў патрыятычныя летнікі, якія праходзілі на базе адпачынку аднаго з прадпрыемстваў Бабруйска. Апроч кіраўніка клуба, на іх абавязкова прысутнічаў калектыў педагогаў са згаданага Цэнтра творчасці, прызначаўся дырэктар летніка. За ўсе гады дзейнасці праз клуб прайшлі сотні маладзёнаў.

Феномен клуба «Патрыёт» палягае ў тым, што пры шчырым і адказным падыходзе педагогаў, найперш яго кіраўніка Мікалая Міхалькова, і адэкватным і плённым узаемадзеянні з мясцовымі ўладамі ўдалося арганізаваць унікальны выхаваўчы праект, заснаваны на нацыянальных каштоўнасцях і ідэалах беларускай дзяржаўнай незалежнасці.

бабруйскі, клуб, "Патрыёт", Мікалай Міхалькоў

 бабруйскі, клуб, "Патрыёт", Мікалай Міхалькоў

 бабруйскі, клуб, "Патрыёт", Мікалай Міхалькоў

 бабруйскі, клуб, "Патрыёт", Мікалай Міхалькоў

 бабруйскі, клуб, "Патрыёт", Мікалай Міхалькоў

 бабруйскі, клуб, "Патрыёт", Мікалай Міхалькоў

 бабруйскі, клуб, "Патрыёт", Мікалай Міхалькоў

 бабруйскі, клуб, "Патрыёт", Мікалай Міхалькоў

 бабруйскі, клуб, "Патрыёт", Мікалай Міхалькоў

 

Антон Катовіч

http://nn.by/

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя