Домой Аляксей Ненадавец Фантастычны воблік дамавіка

Фантастычны воблік дамавіка

Працяг. Пачатак тэмы тут: http://babruysk.by/tayamnichy-damavik/

Аляксей Ненадавец, блог, міфалогия, фантастычны воблік дамавікаЧаста дамавік нагадвае сабою нейкую напаўчароўную дэманалагічную істоту, само паходжанне якой у фальклоры тлумачылася як нейкае дзівоснае, фантастычнае: «Беларус не толькі ўяўляе сабе дамавіка ў вобразе змяі, але нават і па паходжанні лічыць яго амаль што змяёю. Трэба пеўня, які заспявае на трэці дзень пасля выхаду з яйка, трымаць сем гадоў. За гэты час ён знясе зносак (маленькае яйка велічынёй з галубінае), які трэба зашыць у мяшэчак і насіць яго пад левай пахай шэсць месяцаў. Праз гэты тэрмін з яго вылупіцца змеяня, якое, уласна, і ёсць дамавік. У знак падзякі за прытулак ён будзе чалавеку, што насіў яго, прыносіць дастатак у гаспадарцы».

Далей П. Дземідовіч адзначае: «Дамавік, звычайна, жыве ў клеці (у каморы, па некаторых звестках – у падпеччы) і вылазіць адтуль толькі на Дзяды для ўдзелу ў агульнай вячэры.  Пры гэтым яму аказваюць усялякую пашану: дарога з клеці да  стала высцілаецца белым палатном, стравы прапануюцца самыя лепшыя, пераважна малако».

Абавязкова трэба памятаць яшчэ і пра тое, што «не ў кожны дом увойдзе закліканы дамавік… а толькі у той, які прыйшоўся яму па нораву і густу, што назіраецца, напрыклад, пры пераходзе гаспадароў у новы дом: як ні схілялі яго да пераходу, ён застаецца ў старым доме, пакуль той не разбурыцца. Тады дамавік пераходзіць у выбраны, да новых гаспадароў, але не сваякоў папярэдняга, увесь час злуецца на сужыцеляў, што кінулі яго, і помсціць ім».

Даволі часта давалася падрабязнае тлумачэнне, што дамавік не ўвесь час злы і свірэпы, а толькі ў нейкія канкрэтныя дні і перыяды. А. Афанасьеў пісаў: «Дамавік робіцца злым пераважна ў той час, калі мяняе сваю скуру ці злуецца за невыкананне звычайных для яго ахвярапрынашэнняў. Паводле рускага павер’я, дамавік шалее 30-га сакавіка ад світанку і да паўночы, пакуль не заспяваюць пеўні. У гэты час ён не пазнае нікога са сваіх хатніх, чаму ноччу баяцца падыходзіць да вокнаў, а жывёлу і птушак зачыняюць з заходам сонца. Раптоўна ўсходзіцца дамавік, распавядаюць сяляне, і злуецца так, што гатоў бы, здаецца, увесь дом разбурыць: коней пазабівае пад яслі, сабак перакусае, кароў ад ежы паадбівае, прычындалле ўсё параскідае, гаспадару пад ногі падкочваецца, бывае з ім такая перамена ці з-за таго, што з дамавіка спадае старая скура, ці находзіць на яго шаленства (чума), ці захочацца яму жаніцца на ведзьме».

Але ж было і зусім адваротнае: «У Беларусі і да гэтага дня захавалася ў некаторых мясцінах павер’е, асабліва сярод сялян, што дамавік можа павялічыць ці паменшыць надой малака.

Гаварылі, што дамавік заўсёды вельмі добры і спагадлівы, асабліва калі ён знаходзіць паразуменне з гаспадаром хаціны, у якой жыве: «Дамавік – дабрадзейны слуга дома, якому дастаткова толькі выказаць уголас свае пажаданні, але без сведкаў. Тады ён праяўляе незвычайную дзейнасць і ледзь не штогадзіны просіць работы, што, відаць, мала стасуецца з гэтым цельпуком: ён чысціць, мые сцены і мэблю, выконвае работы найбольш любімых ім асоб – шые, прадзе, мые, меле па начах; тады ён закручвае любімчыкам кучары, пляце косы, адганяе ад тых, хто спіць, насякомых і інш. У той жа час дамавік сцеражэ дом і дабро, папярэджвае пра будучыя няшчасці – пажар, крадзеж ці хваробу – то асобным стукам, то смехам ці плачам, то пагладжваннем галавы і твару соннага, то з’яўленнем жывёлы…»

Працяг – будзе.