У нашым горадзе адбылася творчая сустрэча з рэжысёрам Віктарам Корзунам і музыкам Касяй Камоцкай
14-га чэрвеня ў Бабруйску прайшоў прэм’ерны паказ фільма рэжысёра Віктара Корзуна «Паралелі. Такое рознае падабенства». У 37-хвіліннай дакументальнай стужцы аўтар паспрабаваў зрабіць аналіз Беларусі сярэдзіны мінулага стагоддзя і нашага часу, параўнаць абедзве эпохі.

У цэнтры апавядання фільма – гісторыі жанчын-палітвязняў дзвюх эпох: удзельніцы Саюза Беларускіх патрыётаў – Марыі Бялевіч і валанцёркі выбарчага штаба паэта, былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева – Александрыны. Абедзве актывісткі трапілі пад рэпрэсіўныя жорны дзяржаўнага апарата – у гэтым падабенства. Розніца – у форме і сродках рэпрэсій: Марыя атрымала 10 гадоў сталінскіх лагероў, Александрына – 10 содняў.
У фільме выкарыстаны кадры гістарычнай кінахронікі, а таксама – рэканструкцыі падзей на Беларусі канца 40-х гадоў мінулага стагоддзя кінарэжысёра Валерыя Мазынскага.
Сваімі думкамі наконт паралелей паміж часам сталінізму і эпохай рэжыму Лукашэнкі ў стужцы падзеліліся праваабаронца і пісьменнік Алесь Бяляцкі, палітык Павал Севярынец, філосаф і культуролаг Міхась Жбанкоў…
Пасля прагляду фільма адбылося яго абмеркаванне з гледачамі. Тэма была злабадзённай для многіх прысутных, што натхніла іх на дыскусію… А скончылася імпрэза музычным выступам легендарнай аўтаркі і спявачкі Касі Камоцкай. Яна брала наўпроставы ўдзел у стварэнні фільму, з’яўляючыся прадзюсеркай і інтэрв’юеркай падчас здымкаў.

Антон Пуціла
Фота Віктара Масаловіча
Відэарэпартаж Віктара Масаловіча і Антона Пуцілы