Домой Без рубрики Эдуард Мельнікаў – журналіст, ураджэнец Бабруйска, прэзентаваў у родным горадзе сваю кнігу

Эдуард Мельнікаў – журналіст, ураджэнец Бабруйска, прэзентаваў у родным горадзе сваю кнігу

Разам з журналістамі «Бабруйскага кур’ера» аўтар прайшоўся па вуліцах дзяцінства, а потым правёў сустрэчу з гарадской суполкай «Беларускай асацыяцыі журналістаў». Прэзентацыя цалкам адпавядала назве кнігі і стала для спадара Мельнікава сапраўдным «вяртаннем у Бабруйск».

Эдуард Мельнікаў, журналіст, кніга, «Бабруйскі кур’ер»Кніга «Вяртанне ў Бабруйск», па словах Эдуарда Мельнікава, – гэта збор гісторый пра бабруйскае жыццё вачыма хлопца. Гэта ўспаміны пра дваравое дзяцінства і юнацтва.

Эдуард Мельнікаў, журналіст, кніга, «Бабруйскі кур’ер»
Эдуард Мельнікаў, Бабруйск, сярэдзіна 1950-х, крыніца — baj.by
Эдуард Мельнікаў, журналіст, кніга, «Бабруйскі кур’ер»
З маці — крыніца baj.by
Эдуард Мельнікаў, журналіст, кніга, «Бабруйскі кур’ер»
З бацькам у Бабруйску, крыніца — baj.by

«У сваёй кнізе я пішу, што двор – файнае вынаходніцтва чалавецтва, бо тут добра растуць дзеці. Таму што яны тут лазяць, скочуць і так далей, – кажа спадар Мельнікаў пра двор свайго дзяцінства, што знаходзіўся за гасцініцай «Бабруйск». – Чаго толькі не было ў гэтым двары. Але галоўнае – тут праходзіла прыцірка нашых характараў. Той хітры, той моцны, таго пабілі, цябе пабілі, ты пабіў некага. Так ты сваім характарам рассоўваў сваю жыццёвую прастору, трэніраваўся гэтаму ў дзяцінстве. Што вельмі дапамагае потым у дарослым жыцці, калі ты ўжо ведаеш свае магчымасці, і што ты можаш, а чаго не можаш. Таму мне падаецца, што наш двор быў файным асяродкам, каб мы ў ім выраслі. Я яго згадваю з вялізнай цеплынёй».

Эдуард Мельнікаў, журналіст, кніга, «Бабруйскі кур’ер»
У сваім двары…

Усё сваё жыццё Эдуард Мельнікаў працаваў журналістам. А пачынаўся ягоны шлях у прафесію ў Бабруйску – пра гэта ён распавёў каля будынка друкарні ім. Непагодзіна, у якой некалі (1914-1920 гг.) месцілася і рэдакцыя «Бабруйскага кур’ера»:

«У часы майго дзяцінства, а потым юнацтва тут была газета «Камуніст». І ў гэтай газеце з’явілася мая першая зацемка пра апошні званок у нашай сярэдняй школе №5. Так я і стаў бегаць сюды пазаштатным карэспандэнтам. Газета дала мне характарыстыку для паступлення на факультэт журналістыкі. А потым пачаўся доўгі шлях эвалюцыі поглядаў…»

Аўтар «Вяртання ў Бабруйск» распавёў, як зразумеў каштоўнасць незалежнай журналістыкі, і што такое – пакліканне журналіста:

«Я ўсё жыццё прапрацаваў у журналістыцы, на тэлебачанні, дзе спачатку даводзілася рабіць праграмы, звычайныя для таго часу. Але потым я адчуў, што патрэбна нешта іншае. Тады я ўвайшоў у пул журналістаў-даследчыкаў, наколькі гэта было магчыма па тых часах. Тым не меньш, па выніках маіх даследванняў прымаліся нейкія рашэнні нават на ўзроўні ўраду…

Эдуард Мельнікаў, журналіст, кніга, «Бабруйскі кур’ер»

З іншага боку некаторыя прадстаўнікі ўраду скардзіліся ў Цэнтральны камітэт партыі, што «некаторыя журналісты ачарняюць савецкую рэчаіснасць». Тады пачыналася барацьба напярэдадні перабудовы, якая і дапамагла ў 90-я гады развіцца незалежнай журналістыцы. Аднаўленне  працы «Бабруйскага кур’ера», ягонае існаванне, дзейнасць – таму сведчанне. Таму гэтае месца для мяне вельмі памятнае. Пах друкарскай фарбы, тое, як набіралі літары свінцовыя… каму гэта зараз скажаш? Кампутар, праграмы, дадаткі…  А я пачынаў мантаваць фільмы і свае праграмы з вузкай чорнабелай плёнкі. Тэхналогіі змяняюцца, але не змяняюцца базавыя каштоўнасці, а яны заключаюцца, хіба, у тым, што трэба быць верным праўдзе, адлюстроўваць рэчаіснасць як яна ёсць. У гэтым пакліканне журналістаў, і гэта дакладна не змянілася і ніколі не зменіцца».

Эдуард Мельнікаў, журналіст, кніга, «Бабруйскі кур’ер»

Настальгічны шпацыр па Бабруйску працягнуўся ў тайм-клубе «1387» сустрэчай з журналістамі «Бабруйскага кур’ера» і сябрамі гарадской суполкі «БАЖ». Усім прысутным Эдуард Мельнікаў падараваў сваю кнігу. Набыць яе можна ў кніжнай краме «Крыніца ведаў» на плошчы Леніна.

«Тут наша ўсё бабруйскае жыццё, якім яно было тады, і ёсць ува мне дагэтуль. Тое, што належыць да таго часу, засталося ўва мне некранутым», – кажа спадар Мельнікаў пра змест сваёй кнігі.

Эдуард Мельнікаў нарадзіўся ў 1951 годзе ў Бабруйску. Скончыў журфак БДУ. Таксама мае ступень кандыдата гістарычных навук. На Беларускім тэлебачанні зрабіў кар’еру ад малодшага рэдактара да намесніка кіраўніка Беларускай дзяржтэлерадыёкампаніі. Быў генеральным дырэктарам «Беларускай дзелавой газеты», кіраўніком прэсавай службы Выканаўчага сакратырыяту СНД. Працаваў на «Белсаце» ад моманту стварэння тэлеканала, да нядаўняга часу вёў на ім праграмы «Форум» і «Рапарт Мельнікава». Прафесар Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэта. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Падрабязней пра «вяртанне ў Бабруйск» Эдуарда Мельнікава глядзіце ў нашым відэасюжэце.

 

Марына Маўчанава
Відэа Віктара Масаловіча