Домой Общество Дэпутат гарсавета правядзе справаздачу – перад народам

Дэпутат гарсавета правядзе справаздачу – перад народам

Дэпутат гарадскога Савета Галіна Малікава правядзе справаздачу. Яна адбудзецца 11 траўня ў школе № 26 Бабруйска. Тэма – праца дэпутата ў сваёй акрузе за 2016 год.

Гэтага, можна сказаць, дасягнулі актывісты Міжнароднага цэнтру грамадскіх ініцыятыў «Наш Дом». Папярэдне яны звярталіся да дэпутата з прапановай аб справаздачы вусна й пісьмова. Аднак студзеньскі зварот, як сцвярджае актывіст «НД» Яўген Глаголеў-Васьковіч, да Малікавай не дайшоў.

– Мы адпраўлялі свой зварот да яе поштай, – кажа Яўген. – Але, напэўна, ён згубіўся. Таму ў красавіку мы зрабілі гэта зноў. І адна з прычын – безвыніковасць вусных размоў на гэтую тэму.

Час, які быў прызначаны Галінай Радзівонаўнай, – 17:00. Як сцвярджае актывіст, гэта не вельмі зручна для працавікоў. Аднак сам факт справаздачы з’яўляецца, на яго думку, станоўчым.

Даведка:

Міжнародны цэнтр грамадскіх ініцыятыў «Наш Дом» заснаваны ў 2002 годзе як рэгіянальная кампанія. Зараз актывісты «Нашага Дому» займаюцца абаронай правоў грамадзян. Асноўны акцэнт дзейнасці – канкрэтная дапамога ў дэмакратызацыі ўладаў. Для гэтага дзейнічаюць дзве кампаніі – «Недзіцячая справа» і «Народны дэпутат».

 

Ягор Карэнішчаў

Фота з «ВБ»