Домой Выборы Дэмакратычныя кандыдаты з Бабруйску заяўляюць аб ціску з боку ўладаў

Дэмакратычныя кандыдаты з Бабруйску заяўляюць аб ціску з боку ўладаў

Акруговая камісія Бабруйскай-Першамайскага выбарчай акругі адмяніла сваё рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатам на выбары ў Палату прадстаўнікоў ад БНФ Арсеня Чыгіра.

Гэтыя дзеянні чыноўнікі патлумачылі тым, што Чыгір не даў у камісію дадзеныя аб адкрыцці спецыяльнага выбарчага рахунку.

  кандыдаты, Бабруйск, ціск, улады, Арсень Чыгір

У той жа час, камісія Бабруйскай-Ленінскай акругі распавяла кандыдату Комару пра тое, што ва ўсіх месцах, больш прыдатных для агітацыйных пікетаў, ужо абвесцілі свае пікеты прадстаўнікі дзеючага дэпутата Рынейскай. А таму пікеты там можна праводзіць толькі з яе згоды.

Падобныя ноў-хаў бабруйскія актывісты ацэньваюць адназначна – спроба ўладаў перамагчы праз пратэкцыю сваім пратэжэ.

– Яны сказалі, што мы павінны спытваць дазвол на правядзенне пікетаў у Рынейскай. Маўляў, яна раней замовіла самыя людныя кропкі па Ленінскай акрузе, – узбураецца  Галіна Смірнова, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Комара. – Дык гэткім чынам можна заўжды забараняць пікеты апазіцыйных кандыдатаў. Тады й удзел у выбарах, як кампаніі, якая дазваляе паразмаўляць з народам, таксама бессэнсоўны. Такім чынам апазіцыя ў Беларусі ўвогуле знікне.

Другі дэмакратычны кандыдат – Алесь Чыгір – увогуле быў выключаны з перадвыбарчай гонкі. Прычынай стала тое, што ён не паведаміў пра адкрыццё спецыяльнага выбарчага рахунку ў «Беларусбанку». Але, як аказалася, гэта ўжо другое парушэнне. Да гэтага моманту чыноўнікі  выносілі Арсенію папярэджанне аб парушэнні ім правілаў вызвалення ад працы для правядзення агітацыі. Карацей, не так адпрасіўся ў водпуск для правядзення агітацыі.

Гэтае рашэнне акруговай камісіі Арсеній аспрэчваў. Аднак яго пакінулі без зменаў. Ва ўсёй гэтай сітуацыі былы кандыдат бачыць жаданне ўладаў пазбавіцца ад тых апазіцыянераў, якія выкарыстоўваюць свае пікеты для моцнага мэседжу і збору подпісаў пад канкрэтнымі праблемамі. Цяпер Чыгір мае намер дапамагаць праводзіць агітацыйную кампанію свайму канкурэнту на Бабруйскай-Першамайскай акрузе прадстаўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзянісу Худаўцу.

Мы ж у сваю чаргу ўзялі каментар аб гэтай падзеі ў дэпутата Вярхоўнага савету ХІІІ склікання Валерыя Шчукіна. Ён заўважыў, што акруговая камісія не мае ніякага права ўмешвацца ў зносіны кандыдата з ягоным працадаўцам. Таму першае «парушэнне» Шчукін назваў свавольствам бабруйскіх чыноўнікаў. Што датычыць другога парушэння, то й тут Валер Аляксеевіч бачыць перагіб.

– Той пункт, на які спасылаюцца ў сваім рашэнні прадстаўнікі акруговай камісіі, не гаворыць аб тым, што кандыдат абавязаны прадастаўляць звесткі аб адкрыцці ім асаблівага рахунку. А значыць, і парушэння ніякага няма.

Як вынік, на сённяшні дзень ужо тры прадстаўнікі дэмсілаў сутыкнуліся з ціскам уладаў, а адна кандыдатка – Святлана Грыцэнка – зняла сваю кандыдатуру на знак пратэсту. Першым быў блогер Алег Жалноў у стаўленні да якога распачалі шэраг адміністрацыйных справаў. Як вынік, на рэгістрацыю кандыдатам ён не падаваўся, хаця ягоныя пікеты па зборы подпісаў стаялі па горадзе. Арсеня Чыгіра знялі за сумнеўныя парушэнні. А цяпер Аляксандру Комару спрабуюць забараніць пікеты ў людных месцах.

 

Яўген Глаголеў-Васьковіч