Домой Аляксей Ненадавец Дамавік у аповядах

Дамавік у аповядах

Працяг. Пачатак тэмы тут: http://babruysk.by/tayamnichy-damavik/

Аляксей Ненадавец, блог, міфалогія, дамавік у аповядахПра дамавіка, як і іншых міфалагічных істот, таксама існавалі самыя разнастайныя аповеды. Напрыклад, А. Афанасьеў адзначаў: «Агонь, які захоўваўся ў хатнім ачагу, быў увасоблены ў пластычным вобразе дзядулі-дамавіка. Гэта пацвярджаецца дайшоўшымі да нашых часоў абрадамі і паданнямі.

Людзі паважліва адносіліся да дамавіка: чым зайсці перш у клець ці хлеў неабходна было кашлянуць, для таго, каб не спалохаць яго, ці не перашкодзіць яму. Яму прыносілі падарункі пад Ражджаство, Новы Год, перад Вялікім Пастом, у Чысты  Чацвер.

Акрамя гэтага ў народнай традыцыі існавалі дні, прысвечаныя дамавіку: дзень Яфрэма Сірына (10 лютага па ст. ст.), які лічыўся імянінамі дамавіка, яму напрыпеку пакідалі кашу і прасілі клапаціцца аб жывёле.

Былі дні, калі дамавік праяўляў празмерную ўзбударажанасць, што адбівалася на паводзінах людзей. Так у дзень Іаана Леевічніка дамавік, паводле павер’яў, святкаваў «прыход вясны і скідаў зімовую шкуру». Гаварылі, што ён мог лютаваць і перад Пятровым Днём.

Задобрыць дамавіка можна было толькі паднашэннямі. Найбольш пашыранымі у іх былі: хлеб, авечая поўсць, каляровыя матэрыі, бліны, фарбаваныя яйкі.

Пры пераходзе на новая месца жыхарства гаспадыня паліць печ у ста­рой хаціне; як толькі прагараць дровы, яна выграбае ўвесь жар у жоўты гаршок і са словамі: «Просім, шаноўны дзядулька, на новае жыллё!» пераносіць гарачыя вуголлі ў новую хаціну, дзе і высыпае іх у пячурку.

У студзені месяцы, 28 чысла, пасля вячэры пакідаюць для дамавіка на прыпечку гаршок кашы, які абкладваюць вакол гарачымі вуголлямі. Перш, без сумнення, клалі зерне, кашу, прама на агонь.

У Польшчы дамавік называецца выгарышча (ад гарэць, выгараць), а у беларусаў — падпечка: «каб табе падпечка!» — каб ты дамавіка ў сне ўбачыў.

У велікарускіх губернях думаюць, што дамавік жыве за ці пад печкаю, і кладуць туды для яго маленькія хлябцы, У некаторых ёсць такі звычай: ставіць за вячэрай асобную місу дамавіку і адкладваць для яго крыху ўсялякай ежы: калі ўсе заснуць, то ён тады прыходзщь і вячэрае: калі забудуць гэта зрабіць, дамавік сярдуе і ноччу перакідае сталы і зэдлікі  (Харкаўская губерня). Па апавяданнях палякаў, дамавік, не жадаючы пакідаць хаціны, у якой першапачаткова стаў жыць, застаецца на яе папялішчы нават і ў тым выпадку, калі згарыць уся будыніна, і працягвае жыць у абгарэлай печы».

Звесткі пра звычаі і абрады, звязаныя з «пераходзінамі», знаходзім і ў С. Максімава: «Пераход у новую хату, ці «улазіны», наваселле, іх асаблівасці — жудасная часіна і небяспечная справа. На новым месцы трэба нібы перарадзіцца, каб пачаць новае жыццё ў цемры і навобмацак. Цяжкі боль ляжыць на сэрцы, якое не адчувае (а ведаць жа хоча), чаго чакаць наперадзе: жадалася б добрага, калі ўсё навокал дрэнна… Перш за ўсё напрошваецца непераадольнае жаданне паваражыць на шчасце. Для гэтага ў новую хаціну наперад сябе пускаюць пеўня і ката. Калі мае адбыцца бяда, то няхай яна над імі і здарыцца. За імі ўжо можна смела уваходзіць з абразом і хлебам-соллю, лепш за ўсё ў поўню і абавязкова ноччу. Ноччу ж у новую хаціну і жывёлу прыганяюць. Шчаслівымі для наваселля лічацца двунадзесятыя святы, а паміж імі асабліва Уводзіны ў храм Багародзіцы».

Вось што амаль адносна таго ж пісаў Б. Рыбакоў: «У но­вую хаціну першым уваходзіў гаспадар з дзежкаю і абразамі ў руках, за ім гаспадыня з курыцаю ў руках, далей ішла моладзь».

Я. Бломквіст растлумачваў: «Усяленне сям’і ў новазбудаваную хаціну суправаджалася абрадам перанясення агню са старога жылля і перасялення дамавіка са старога падпечча ў новае. Дамавіка заклікалі і  запрашалі «Дамавік, дамавік! Пойдзем са мною!» Ці гаспадар, стаўшы ў дзвярах і пакланяючыся на тры бакі, гаварыў: «Бацюшка-дамавік і матухна-дамавуха з  усёй сям’ёй, хадземце да нас у новае жыллё з намі разам жыць!»  Дамавіка пераносілі ў гаршку з жарам са старой печы на хлебнай лапаце».

Паводле М. Нікіфароўскага, «той, хто заклікаў дамавіка раней, бачыць яго ў другі раз зусім такім,  якім бачыў і ўпершыню. Застаецца ў доме варты пераемнік паміраючага гаспадара ці не, дамавік… не перастае спрыяць да таго часу, пакуль да яго будуць захоўвацца пачатыя адносіны. Калі ж у кіраванне дома ўступіла жанчына і яно зацягваецца, дамавік аслабляе сваю спрыяльную дзейнасць, а нярэдка і зусім спыняе яе, застаючыся толькі сведкам хатняга заняпаду».

Вельмі цікава адбываўся перавод дамавіка з аднаго падворка ў другі (са старой хаціны ў новую). Напрыклад запрашалі так: ля парога ў пограб клалі лапаць і клікалі: «Гаспадар дамавы, пайдзём са мною ў новую хаціну!». Пасля гэтага бралі лапаць і няслі ў новы дом, лічылі, што дамавік «пераехаў».

Здаралася, што «перавозілі» на старым веніку, а, то і на хлебнай лапаце. Калі ж дамавіка забываліся забраць з сабою, то для новых гаспадароў, ў старой сядзібе гэта было вельмі небяспечна. Два дамавікі ў адным памяшканні не ўжываліся і пачыналіся сапраўдныя бойкі, якія заканчваліся калецтвам людзей, падзяжом жывёлы, бяссонніцай, а зрэдчас і вялікім пажарам.

Каб гэтыя бойкі і спрэчкі не сніліся гаспадарам, вымушаны былі біць венікам у сцяну, лупіць яе бізуном, палохаць вянкамі, сплеценымі на Тройцу, каб толькі ўціхамірыць дэманалагічнага персанажа.

 

Працяг – будзе.