Домой Аляксей Ненадавец Дамавік і нячысцік

Дамавік і нячысцік

Пачатак тэмы: http://babruysk.by/tayamnichy-damavik/

Аляксей Ненадавец, блог, беларуская міфалогія, дамавік і нячысцікСустракаюцца звесткі і зусім іншага плана, дзе інфарматары смела называюць свайго хатніка няйначай, як чортам ці нячысцікам: «Калі не будзеш усё ў парадку ў доме ды на падворку трымаць, то цябе ўсё роўна хутка да гэтага прывучыць чорт-дамавік. Ён надта патрабавальны і пільны, яго проста так не абдурыш».

Пра гэта ж піша і М. Шаховіч: «Чорт у кожнай хаце ёсць, каторы называецца «дамавік». Каб не чорт, сваркі ў хаце нігды не было б. Чорт любіць увесь час з кагосьці смяяцца, а як не мае з чаго, то паддурвае людзей да сваркі, а найчасцей баб, бо і чалавеку, з боку гледзячы, ёсць з чаго смяяцца, як бабы сварацца альбо б’юцца».

Або вось такое сведчанне: «Дамавой… з’яўляецца таксама свайго роду чортам, які жыве ў хаце або ў гаспадарчых будынках і апякуецца жывёлай».

Здаралася, што найбольш спрактыкаваныя людзі перасцерагалі парадзіх, каб тыя не прамаўлялі слова «чорт»: «Жанчына асабліва павінна асцерагацца сёмага і сямнаццатага тыдня пасля родаў: калі ў гэты час, кладучыся спаць, забудзецца перахрысціць дзіця альбо неасцярожна вымавіць «чорт», то чэрці возьмуць дзіця, а замест яго пакладуць у люльку «балвана» (абрубак дрэва)».

Пра жонку дамавіка таксама згадваецца ў беларускім фальклоры, хоць і не так часта, як пра яго самога: «У дамавіка толькі адна жонка. Пасля смерці яе ён можа ажаніцца да чатыроў разоў, але не на сваячках – інакш ён павінен пакінуць хатнюю службу і паступіць, напрыклад, у лесавікі, вадзянікі, балотнікі. Ад сваей жонкі дамавік мае сыноў і дачок. Дасягнуўшы ўзросту, сыны звычайна становяцца дамавікамі новых пабудаваных дамоў; дочкі ж выдаюцца за дамавікоў, хоць некаторыя з іх застаюцца ў дзеўках назаўсёды. У гэтым выпадку яны застаюцца вечна юнымі красунямі, чым і зводзяць хатніх хлопцаў і схіляюць на сувязь з сабою, але ў той жа час яны няўлоўныя. Дамавічкі патрабуюць вернасці толькі сабе адным і неміласэрна помсцяць хлопцам пры парушэнні вернасці, нават і тады, калі самі пачалі новую сувязь. Дамавікі спраўляюць вяселлі сваіх дзяцей у залежнасці ад дома, дзе жывуць, – то багата, то сціпла, прычым стараюцца прымеркаваць іх да вяселляў гаспадаровых дзяцей, каб не плаціць асобна музыкан­там; адпаведна яны надзяляюць дачок пасагам. Час харчавання, сну і работы дамавікі размяркоўваюцъ у адпаведнасці з прынятым ў доме  распарадкам».

Часам сцвярждалі, што калі ў хаце, напрыклад, жывуць адны жанчыны, то і апекаваць ім будзе, адпаведна, не дамавік, а дамавічка. Гаварылі, што гэты дэманалагічны персанаж вельмі лёгка перавасабляецца ў іншых і нават у неадухоўленыя прадметы.

Своеасаблівай, паводле народнага ўяўлення, з’яўляецца таксама і смерць дамавіка.

М. Нікіфароўскі адзначаў: «Колькі ча­су жывуць дамавікі – нікому не вядома, хоць кожны ведае, што адзіная іх пагібель – ад грамавых удараў – магчыма та­ды, калі сам ён, у гэтым выпадку вельмі асцярожны, штосьці зрабіў не так, як трэба. Як і ўсе нячысцікі, забіты дамавік ператвараецца ў прах, прычым нават дзеці яго не збіраюцца пла­каць па бацьку».

Беларусы свята верылі ў тое, што калі шанаваць і паважаць дамавіка, то і ён абавязкова будзе адплочваць тым жа са­мым: «Уначы ён (дамавік. – А. Н.) даглядае коней і рагатую жывёлу, раздае ім сена, авёс, заплятае коням грывы, гладзіць любімага коніка па спіне, ад чаго той з прыемнасцю выцягвае шыю, становіцца на калені і кладзецца. Але трэба задобрываць дамавіка, трэба узгадняцца з яго густамі. Каб дамавіку спадабалася жывёла, яна павінна быць пэўнай масці.

Некаторыя лічаць, што гаспадар павінен набываць кароў і коней па масці, якая нагадвае колер уласнай барады – гэта дамавіку даспадобы; такія каровы і коні прыжывуцца і будуць весціся». Ці напрыклад: «Кажуць, калі палюбіць ён нейкую карову, дык будзе пра яе дбаць, будзе дасыпаць корму, каню будзе заплятаць грыву. Але дастаткова яго нечым прагнявіцъ, і ў гаспадарцы пачнуцца  ўбыткі, жывёла будзе худнець і падаць».

Ёсць і іншыя сведчанні, дзе згадваецца пра выбрыкі дамавога: «Нелюбімых коней ён замучвае, катаецца на іх  вер­хам цэлую ноч ды блытае ім грывы. Калі падысці да хлява ці да канюшні ў ночы, адразу можна заўважыць, злуецца дамавік ці жыве ў згодзе з гаспадаром. У першым выпадку коні стаяць неспакойныя, фыркаюць і стукаюць капытамі; выгляд у іх загнаны, напалоханы, усе яны потныя».

Так і запэўнівалі, што калі жывёліна яму не спадабалася – «не па поўсці» – непадыходзячага колеру,  то яна ніколі не прыжывалася ў гаспадарцы. Такую карову ці каня пазнавалі адразу: яна пастаянна крычала, як галодная, хоць і была перад гэтым добра дагледжаная. Гаварылі, што дамавік не дае жывёліне дакрануцца да корму. Калі неўзлюбіць авечку, то кожную ноч уплятае ёй паміж ног салому, зблытвае поўсць.

Каб злітавісціць дамавіка, ва ўсе вуглы двара лілі малако. У некаторых мясцінах акурвалі двор і дом мядзведжай поўсцю, ці абводзілі вакол будынкаў жывога мядзведзя, махалі ў двары ліпавым кіем, уторквалі нож пад дзвярыма, малявалі крэйдай крыжы на столі і на касяках дзвярэй, абкурвалі жывёлу ладанам, крапілі паўсюль святою вадою. Але ў большасці выпадкаў такую жывёлу імкнуліся тэрмінова збыць (прадаць, зарэзаць, выменяць).

Адначасова дамавік вельмі злаваўся, калі сам гаспадар дрэнна, неахайна адносіўся да сваёй жывёлы, абзываў яе, лаяў бруднымі словамі, біў. Дамавік, бясспрэчна, за такую жывёлу ўступаецца, адганяе з двара, і праганяе да іншага гаспадара і г.д. Калі ж такая жывёла  вымушана была начаваць у лесе ці недзе на пашы, дык лютыя звяры ёй не пагражалі, бо ім «былі замкнуты зубы і губы».

 

Працяг – будзе. 

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя