Домой Общество Ці рэальна беларусам жыць на «пражытачны мінімум»?

Ці рэальна беларусам жыць на «пражытачны мінімум»?

З 1 лістапада бягучага года дзяржава, як вядома, павысіла памер бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва на 29,9% да 574 790 рублёў.

Што гэта клопат пра сучасныя патрэбы «сярэднестатыстычнага» беларуса ці адчайная спроба заткнуць дзіркі яго сямейнага бюджэту?
«Тут і цяпер» паспрабавала разабрацца ў гэтым (у рэшце рэшт, гаворка ідзе пра нашы з вамі кроўныя грошы).

УВАГА!
У 574 790 рублёў павінны ўвайсці асноўныя неабходныя выдаткі, памер якіх для нас таксама клапатліва зацвердзіў Савет Міністраў:
прадукты харчавання 58,4% (335 677 рублёў для сярэднедушавога БПМ),
прадметы гардэроба 17,1% (98 289 рублёў),
плата за карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі 9,0% (51 731 рубель),
бытавыя і транспартныя паслугі 4,6% (26 440 рублёў),
тавары бытавога і гаспадарчага прызначэння 4,5% (25 865 рублёў),
узносы і плацяжы 4,1% (23 566 рублёў),
прадметы першай неабходнасці, санітарыі, лекі 2,3% (13 220 рублёў).
Адметная дэталь: артыкулы выдаткаў разлічаны ў цэнах верасня гэтага года.

Апрануцца па мінімуме
Колькі-колькі на адзенне выходзіць? 98 тысяч? Ды мая жонка ў месяц толькі на шкарпэткі і калготкі больш траціць! абурыўся ўладальнік гандлёвай кропкі на адным з рэчавых кірмашоў Мінска, індывідуальны прадпрымальнік Вячаслаў Шыбека.
У вітрыне яго кіёска легінсы па 50 тысяч за пару, гетры па 30, цёплыя гольфы ад 15 тысяч. А вось знайсці што-небудзь больш істотнае з адзення і абутку на згаданую суму праблематычна. Па вялікім рахунку, на кірмашы і на ўвесь БПМ ледзь-ледзь атрымаецца зрабіць адно з двух: або апрануцца (купіць як быццам зімовую куртку альбо цёплыя джынсы і швэдар), або абуцца (у боты фасону «бывай, маладосць» коштам да 250 тысяч ці ў шэдэўры кітайскага легпраму на сезон, затое танна, да 400 тысяч). У адказ на просьбу паказаць «што-небудзь да 100 тысяч» прадаўцы спачатку губляліся, а потым з дзіцячым імпэтам корпаліся ў глыбінях кіёскаў. У выніку ў патрэбнай цэнавай катэгорыі былі знойдзены: мужчынская кашуля невядомага паходжання, вязаныя пальчаткі, камплект жаночай бялізны, дзіцячыя валёнкі, парасон, летні сарафан і гумавыя боты. Але ўсё гэта, мякка кажучы, не вельмі якаснае.

Нават падвоенай «гардэробнай» сумы ў 196 тысяч мне хопіць у лепшым выпадку на трусы (сабе і мужу) і футболку (каму-небудзь аднаму з нас).
Большасць жа прадаўцоў на маю просьбу паказвалі ў бок сэканд-хэндаўскіх развалаў: «Вам туды!» У дзень завозу, расказваюць заўсёднікі, цалкам можна абзавесціся 23 практычна новымі рэчамі па цане ад 30 да 50 тысяч, але гэта калі не праспаць пачатак разбору і не пагрэбаваць перабіраннем на працягу некалькіх гадзін стосаў пакамечанай вопраткі.

Дзеля абектыўнасці вырашаю напрыканцы марнага шопінгу зазірнуць яшчэ ў бліжэйшы гандлёвы цэнтр. Цікава, што прапаноўваюць вядомыя беларускія вытворцы бялізны?
З першага павільёна выходжу засмучаная: прыстойны жаночы камплект абыдзецца сама меней у 150 тысяч, а сапраўды прыгожы удвая даражэй Але ў наступнай краме я разумею, што не мела рацыі, і пачынаю нервова хіхікаць: 150 тысяч за камплект дорага? А 250 за піжаму? А 300 за дамашнюю сукенку? Карацей, нават падвоенай «гардэробнай» сумы ў 196 тысяч мне хопіць у лепшым выпадку на трусы (сабе і мужу) і футболку (каму-небудзь аднаму з нас).
У буціках сітуацыя яшчэ горшая: БПМ хопіць альбо на джынсы (распродажныя, 3 мадэлі, 3 памеры), альбо на дзіцячую зімовую куртку, альбо на мужчынскі лазневы халат. З 12 павільёнаў толькі ў чатырох знайшліся рэчы коштам да 100 тысяч. «Слухай, як жа пашанцавала, што нам з табой у гэтым годзе нічога з вопраткі не трэба!» шчыра рэзюмаваў муж, выслухаўшы маю справаздачу.
Паесці і не «скапыціцца»
З мінчанкай Інай Саковіч, маці маленькіх двайнятак, заходзім у адзін з буйных сталічных гіпермаркетаў. Іна за прадуктамі для сямі на тыдзень, я даведацца аб тым, ці ўпішацца сярэдняя сямя ў «сярэднестатыстычны» харчовы артыкул БПМ.

Ніякіх там шыкоўных ласункаў, на мой погляд, Іна не бярэ: строга па спісе закідвае ў вазок крупы, алей, малочныя прадукты, пару боханаў хлеба, бройлерную тушку, агародніну, нізку бананаў, гарбату і г.д. На выхадзе пільна вывучаем чэк, з дапамогай калькулятара «выкрэсліваем» усе нехарчовыя тавары, і ўсё адно атрымліваецца немалая сума больш як 250 тысяч.
І гэта я яшчэ не брала ні рыбу (тут яна дарагаватая), ні мясныя прадукты, ні кашу, ні печыва для малых, сумна ўсміхаецца Іна. -У нас, калі падлічыць, кожны тыдзень толькі на ежу ідзе амаль што той самы БПМ больш за 500 тысяч. Я ўжо адмыслова наядаюся перад паходам у краму, і ўсё адно часам не ўтрымліваюся і набываю якую-небудзь смакату. Вось і выйшла з запланаванага бюджэту. А калі выпадае нейкае свята, то смела дабаўляй тысяч 200, сама менш
Муж у Іны, між іншым, вопытны тынкоўшчык, які са сваёй з будаўнічай брыгадай не сядзіць без працы нават у крызіс і ў дом стабільна прыносіць 400 долараў. Таму Іна, магчыма, крыху і прыбядняецца (па беларускай традыцыі), але факт застаецца фактам: на прадугледжаную нарматывам «харчовую» суму асабліва не разгонішся. А калі паспрабаваць пражыць на яе цэлы месяц?
Эканом не эканом
Нагадаем, што, згодна з цяперашнім сярэднедушавым БПМ, на харчы ў месяц можна будзе патраціць 335 677 рублёў.
«Тут і цяпер» склала мінімальны (!!!) прадуктовы набор на гэты тэрмін для добраахвотніка-эксперыментатара, у адпаведнасці з разлічаным Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны складам мінімальнага спажывецкага кошыка для працаздольнага насельніцтва.
Мяркуйце самі:
6 кг хлеба і 3,6 кг батона,
180 г аўсянкі,
па 450 г рысу і макароны,
па 200 г грэчкі, ячных круп, проса і бабовых,
10 кг бульбы; 2,5 кг капусты, па 1,8 кг буракоў і морквы, па 1,5 кг памідораў, агуркоў, цыбулі,
750 г кансерваў з агародніны,
крыху больш як 3 кг садавіны ды 2,5 л соку;
з малочнага:
5,5 л малака, 4,5 л кісламалочных прадуктаў, 450 г смятаны, 1,1 кг тварагу, 900 г сметанковага масла, 200 г сыру;
з мяса:
1,7 кг ялавічыны, толькі 640 г свініны, 220 г субпрадуктаў, 1 кг каўбас, 1,5 кг птушкі,
975 г свежай або марожанай рыбы і 300 г салёнай;
а яшчэ:
-22 штукі яек,
2 кг цукру, 300 г солі,
640 г алею і менш як 100 г маргарыну ці іншага тлушчу,
0,5 кг мукі;
350 г сухафруктаў;
70 г гарбаты.
Цукеркі, мёд, грыбы, арэхі, спецыі, а таксама алкаголь у мінімальным спажывецкім кошыку не прадугледжаны. Але нават без іх менш чым на 510 тысяч наш «прадуктовы кошык» не пацягнуў. Каб укласціся ў грашовыя нормы, выкідваем дарагія сухафрукты і агуркі, замяніўшы іх гарбузам; выкрэсліваем бабовыя, проса, грэцкія і ячневыя крупы і дадаём яшчэ 1 кг бульбы; замест масла і смятаны возьмем спрэд і смятанны прадукт; скумбрыю заменім таўсталобікам, адмовімся ад ялавічыны і свініны на карысць пельменяў, сасісак і крывяной каўбасы; замест сокаў варым кампот з дармавой шыпшыны Усё адно атрымліваецца каля 375 тысяч. Была не была: выкідваем 0,5 кг тварагу, кіло цукру, 0,5 кг курыцы, сыр і пару літраў малака. Калі страўнік з такім падыходам не пагодзіцца, наварым яшчэ некалькі кіло бульбы хіба шкада?

МЕРКАВАННЕ СПЕЦЫЯЛІСТА
Выніковы спіс прадуктаў разглядае ўрач-дыетолаг Ірына Бяляцкая.
Ох, які эканомны паёк! здзіўляецца яна. Пражыць на такім рацыёне месяц, у прынцыпе, можна, але здароўя гэта дакладна не прыбавіць. Бялкоў, асабліва жывёльных, вельмі мала. І дзе карысныя вугляводы, кальцый, ёд, фосфар, іншыя неабходныя мінеральныя рэчывы? Бульба ў такой колькасці (амаль паўкілаграма штодня) таксама не ёсць добра. Дый па каларыйнасці ледзь-ледзь набіраецца мінімум: для мужчын працаздольнага ўзросту гэта ў сярэднім 25003100 Ккал у суткі і для жанчын 21002500. Дзяцей, пажылых, хворых людзей трымаць на такім рацыёне адназначна нельга.

Крызісны калькулятар: на што хопіць усяго БПМ

Прадукты харчавання

Знаёмства з пітахаяй давядзецца адкласці да лепшых часоў.
58,4% БПМ: 1 кг экзатычных лічы (301 000) або пітахаіі (313 000); 0,5 кг свежай імпартнай ажыны (350 000) або 4,5 мяшка сваёй бульбы.
Увесь БПМ: 1 бутэлька Хенэсі ХО (ад 500 000); 1 бутэлька джыну (270 000) + 1 бляшанка чырвонай ікры (108 000120 000) + 1 кг грэцкіх арэхаў (200 000220 000) або 5 пакецікаў семак (3700) і 29 бутэлек гарэлкі (19 000).
Вопратка, абутак
17,1% БПМ: гумавыя боты (80 000105 000), дзіцячыя валёнкі (90 000120 000) або жаночая сукенка (40 00095 000), мужчынскі джэмпер (60 000120 000) беларускай вытворчасці.
Увесь БПМ: брэндавыя джынсы (ад 460 000 на распродажы), зімовая дзіцячая куртка ці камбінезон (280 000800 000); камплект жаночай бялізны «Мілавіца» (200 000- 450 000) або польскія дэмісезонныя мужчынскія туфлі (250 000600 000).
Камунальныя паслугі і жыллё
9,0% БПМ: жыроўка двухпакаёвай кватэры (ад 85 000) без электрычнасці, газу, ацяплення, тэлефону, інтэрнэту або 1-пакаёвая кватэра на ўскрайку Мінска на суткі (ад 10 долараў).
Увесь БПМ: 0,030,06 кв.м кватэры ў новабудоўлях (8501300 долараў за 1кв. м), пакой у Мінску на месяц (450 000600 000) або аднамесны нумар ў гасцініцы ў Міры (62 460) на 9 дзён.
Транспартныя паслугі
4,6% БПМ: праязны на 1 від транспарту на паўмесяца (26 900); 20 паездак на гарадскім транспарце ў Мінску (26 000) або 24 паездкі ў абласным ці раённым цэнтры (26400).
Увесь БПМ: 1 паездка цягніком у Маскву і назад (плацкарт 296 000 у адзін бок) або 5 разоў туды і назад аўтобусам Мінск-Полацк (сярэдні кошт білета 50 000 рублёў), або 107 літраў бензіну АІ-95.
Прадметы бытавога і гаспадарчага прызначэння
4,5%БПМ: пральны парашок Tide 900 г (24 00026 000) або беларускі «Мара» 2 кг (30 000).
Увесь БПМ: 1 ЗВЧ-печка «Гарызонт» (550 000570 000); каструля Berghoff 22,5л (550 000610 000) або набор сталовага посуду з 1930 прадметаў (480 000650 000).
Прадметы санітарыі і гігіены, лекі
2,3% БПМ: 1 дэзадарант (9 00025 000) або 30 упаковак бінтоў (450500 рублёў).
Увесь БПМ: 2 вялікія ўпакоўкі «Віагры» (245 000440 000); 32 ўуакоўкі «Арбідолу» (16 00018 000) або 1 металакерамічная каронка на зуб (без устаноўкі і кошту матэрыялаў ад 500 000).
ЗАЎВАГА: усе разлікі рабіліся ў сярэдніх цэнах па Мінску на пачатак лістапада.
Дарэчы, паводле вынікаў апытання сайта Mojazarplata.by, кожны пяты беларус траціць на харчаванне больш за 80% заробку. І няма ніякіх падстаў спадзявацца на тое, што гэтая прапорцыя зменіцца ў недалёкай будучыні.

Вікторыя ПРАКАПОВІЧ
http://www.svabodaby.net/by/136/economics/

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя