Домой В стране Чаму вымірае «сацыяльная» дзяржава?

Чаму вымірае «сацыяльная» дзяржава?

Згодна чарговага штогадовага выпуску «Міжнароднай кнігі фактаў», апублікованай ЦРУ ЗША, у Беларусі на 1.000 чалавек прыходзіцца 13,9 смерцяў. Па гэтым паказчыку Беларусь займае 12-е месца ў свеце.
Увесь час нас пераконваюць, што мы жывем добра, а будзем жыць яшчэ лепш. Пра гэта нам кажа шматтысячнае войска дзяржаўных ідэолагаў, пра гэта цвердзяць штодня дзяржаўныя тэлеканалы, пра гэта не перастае паўтараць прэзідэнт. Між тым, Беларусь аказваецца ў зоне вельмі прыкрай статыстыкі — мы выміраем. Мы проста фізічна не працягваем жыццё, і колькасць беларусаў скарачаецца ўвесь час.

Статыстыка

Дарэчы, на першым месцы па смяротнасці знаходзіцца Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, на другім — Украіна. 11-е месца займае Расія, а 13-е — Малі.

Як канстатуе ЦРУ, сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі — 71 год. Пры гэтым мужчыны ў сярэднім жывуць 66 гадоў, а жанчыны — 77.

Сумная статыстыка ў нас і па самазабойствах. Афіцыйных дадзеных аб колькасці суіцыдаў за 2012 яшчэ няма. Але ўсе канстатуюць, што пры рэгулярным зніжэнні гэтага паказчыка, ўзровень самагубстваў быў шмат гадоў высокім, і не змяняецца ўжо доўгія гады: 27,5 выпадку самагубства на 100 тысяч насельніцтва ў 2008 годзе, 28,3 — у 2009-м, 26,1 — у 2010-м годзе.

У 2011 годзе ў нас было 22,9 выпадкаў самагубства на 100 тыс. насельніцтва. Згодна з аналізам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, дзяржава з’яўляецца краінай з высокім узроўнем суіцыдаў, калі гэты паказчык вышэй за 20 выпадкаў на 100 тыяч насельніцтва.

Ад чаго ж беларусы мруць?

Лекар хуткай дапамогі з 28-гадовым стажам Аляксандр Валчанін кажа, што паводле афіцыйнай статыстыкі большасць у нас памірае ад старасці. Аднак сам ён у гэтай статыстыцы вельмі сумняецца. «На першае месца цяпер выходзяць анкалагічныя захворванні і захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы», — кажа ён.

Больш за тое, па прагнозах Валчаніна, анкалагічныя захворванні як праблема смяротнасці хутка выйдуць на першае месца ў Беларусі. «Гэта звязана і з наступствамі Чарнобыля, і з пытаннем незбалансаванага харчавання, і шэрагам іншых праблем», — адзначае Валчанін.

Між тым, праблему Чарнобыля, па запэўненні афіцыйных уладаў, мы ўжо вырашылі, а якія праблемы з харчаваннем могуць быць ў «сацыяльнай дзяржаве»?

«Што тычыцца сардэчных захворванняў, то гэта фактар выключна сацыяльны. Людзі ў большасці сваёй сталі нейкія больш нервовыя і больш псіхапатычныя. 28 гадоў працую на „хуткай“, і цяпер усё больш сутыкаюся з тым, што яшчэ ў кватэру медыкі не зайшлі, а да іх ужо прэтэнзіі, чаму так доўга ехалі. Хоць, калі ўзяць Жодзіна, то горад кампактны, і час прыбыцця на выклік у нас у сярэднім тры-чатыры хвіліны», — кажа Валчанін.

На яго думку, у Беларусі наогул складаецца нездаровая псіхічная атмасфера. «Пры СССР людзі былі больш добразычлівыя, больш спагадныя. Цяпер беларус вельмі эгаістычны. Часам няўменне або немагчымасць вырашыць нейкую праблему прыводзіць да суіцыдаў і парасуіцыдаў (парасуіцыд — спроба самагубства, якая канчатковай мэтай ставіць не смерць, а прыцягненне ўвагі — аўт.), з гэтым жа звязана павелічэнне алкагалізацыі і наркаманіі насельніцтва», — дадае Валчанін.

Нездаровая навакольнае асяроддзе і нездаровая псіхалагічная атмасфера ў цэлым па краіне адбіваецца і на смяротнасці. Але ж менавіта гэтыя фактары — клопат «сацыяльнай дзяржавы»!.

Несацыяльная сацыяльная

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка ўвогуле лічыць, што такога вызначэння, як «сацыяльная дзяржава», існаваць не павінна. «Наогул, тэзіс аб сацыяльна арыентаванай дзяржаве — гэта глупства палітыкаў, светапоглядная непісьменнасць. Любая эканоміка працуе не на Марс, не на Сонца, беларуская эканоміка не працуе на Злучаныя Штаты — яна працуе менавіта на беларускі соцыум і на беларускага чалавека. Па-іншаму яна проста не ўмее», — лічыць Заіка.

Што ж тычыцца высокай смяротнасці, то, як успомніў Заіка, самы высокі рост насельніцтва быў у Беларусі ў 1994 годзе — у год прыходу да ўлады Лукашэнкі. Затым колькасць беларусаў стала зніжацца. «Наўрад ці гэта залежыць ад Лукашэнкі, гэта сусветная тэндэнцыя. Людзі не хочуць памнажацца. Яны баяцца браць на сябе такую адказнасць. Таму колькасць беларусаў паступова зніжаецца на 80, 60, 40 тысяч штогод «, — кажа Заіка.

У высокім паказчыку суіцыдаў, як кажа Заіка, вінаватыя «дэвіянтныя паводзіны, алкагалізм і наркаманія». А такія паводзіны ўзнікаюць з-за таго, што «ўлада ставіцца да чалавека, як да наёмных працаўнікоў». «Што ў чалавека зараз ёсць? У лепшым выпадку, кватэра і тэлевізар. Гэта такая ўмоўная ўласнасць, па дасягненні якой чалавек больш не ведае, чым заняцца. А цяпер і для таго, каб зарабіць на кватэру, трэба куды-небудзь ехаць на заробкі, таму што 1.200 долараў за квадратны метр у Беларусі не заробіш. І што рабіць чалавеку, не маючы перспектыў? Співаюцца і суюць галаву ў пяцельку», — кажа Заіка.

Выратаванне ў каранях

Такім чынам, паводле экспертаў, адсутнасць перспектыў у нашай дзяржаве і абыякавасць да патрэбаў чалавека прыводзяць да таго, што яму нецікава жыць, нецікава нараджаць дзяцей, і ўвогуле нецікавая гэтая рэальнасць. А нічога іншага дзяржава чалавеку прапанаваць не можа.

Паводле меркавання Заікі, выправіць гэтую сітуацыю можа толькі наяўнасць уласнасці ў чалавека. «Калі ў яго ёсць зямля, дом, сядзіба, якія патрабуюць штодзённага дагляду — тады наўрад ці чалавек будзе думаць пра суіцыд. Наўрад ці ён будзе не ўпэўнены ў тым, ці трэба яму дзеткі, ці не. Гэта ўжо іншы ўзровень ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, і іншыя перспектывы», — кажа Заіка.

То бок, па ягоным меркаванні, дастаткова беларусам вярнуцца ва «улонне прыроды», — і ўсё будзе добра. Паветра будзе чысцейшым, жыццё спакайнейшым, і будзе ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Але ці дазволіць гэта зрабіць «сацыяльная» дзяржава?

Сяргей Коўш

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя