Домой Аляксей Ненадавец Царэўна-гадзюка

Царэўна-гадзюка

 Продолжаем публикации материалов на тему белорусской мифологии и демонологии.

 Аляксей Ненадавец, блог, міфалогія, гадзюка

Гадзюка ў адрозненне ад вужа атрымала ў беларускім фальклоры рэзка адмоўнае значэнне. І таму асабліва не трэба здзіўляцца, што ў любым вуснапаэтычным творы змяя (у беларускім фальклоры значэнне слоў «змяя» і «гадзюка» ўвогуле не адрознівалася, а выступала як адзінае цэлае, хоць, як гэта ўжо даказана даследчыкамі, слова «змяя» ўбірае ў сябе значна шырэйшы змест, чым «га­дзюка») надзялялася самымі адмоўнымі рысамі, сярод якіх пераважалі каварнасць, здрадлівасць, уменне дзейнічаць спадцішка і інш.

А. Афанасьеў сцвярджаў, што «ў звычайных санскрыцкіх слоўніках… 26 назваў для змяі». Змяя магла выклікаць страх і павагу да сябе ў старажытнага чалавека яшчэ і таму, што ён не мог растлумачыць, зразумець, чаму такая параўнаўча малая істота гэтак балюча кусае чалавека, ад чаго ён нярэдка памірае, а сама яна ў большасці выпадкаў беспакарана адпаўзае і хаваецца. Гэта ўжо потым з’явяцца ўсемагчымыя тлумачэнні адносна таго, што змяя, якая ўкусіла чалавека, і сама пазней памірае.

З даўніх часоў здзіўляла жывучасць змей. Рассечанае цела, якое працягвала выкручвацца, выклікала страх перад жыццёвай сілай рэптыліі.

На тое, што ў быце розных народаў быў распаўсюджаны змяіны арнамент, указвае Б. Рыбакоў «Змяіны ўзор існуе амаль паўсюдна; спіралі змей абвіваюць масіўныя грудзі на пасудзіне і на накрыўцы да яе, змеі складаюць аснову татуіроўкі статуэтак, змеі з’яўляюцца адным з элементаў, якія нараджалі знакамітую трыпальскую спіраль. Часам на пасудзіне на бачным месцы змяшчаецца выразнае адлюстраванне змяі як асобнага сімвала; часта мы бачым парныя адлюстраванні змей.

Першае пытанне, без адказу на якое мы не можам ісці далей у аналізе змяінага арнаменту, – гэта характар адносін да чалавека.

Злыя яны ці добрыя?

Адказ мы атрымліваем вельмі дакладны: у раннетрыпальскі час сустракалася многа пасудзін і накрывак з вушкамі для завязвання. І вось ля адтуліны вушак мастак малюе на галіне змяю, каб яна ахоўвала завязкі, г. зн, ахоўвала каштоўнасць змесціва пасудзіны. Часам у гэтым адказным месцы малявалі дзвюх змей галава да галавы, так што адтуліна вушка знаходзілася на месцы вока кожнай змяі.

На раннетрыпальскіх статуэтках такая ж пара змей малявалася ў вобласці жывата, дзе змеі выступалі ахоўніцамі чэрава, якое выношвае плод.

Адказ атрыманы: трыпальскія змеі – носьбіты дабра, захавальніцы самага дарагога».

У гэтага ж вучонага ёсць наступнае сведчанне: «Шырока прымяняецца негатыўны спосаб паказу змей, калі намаляваны фарбай контур рознай таўшчыні ствараў не тулавы іх, а толькі прастору паміж імі, самі ж змеі ўтвораны аконтуранымі свет­лымі фонамі гліны пасудзіны, якія пашыраліся ля галоў; чорныя кропкі азначаюць вочы. Часам ствараюцца два бясконцыя рады змей, адзін –пазітыўны, а другі – негатыўны».

Названыя факты прымушаюць уважліва і з павагай адносіцца да вядомых у этнаграфіі і фальклоры змяіных свят. У славян зафіксаваны два змяіныя святы: адно з іх звязана з першым веснавым з’яўленнем змей на зямлі (25 сакавіка) і другое (27 верасня), калі яны адпраўляюцца на зімоўку.

Пасля першага свята, на думку нашых далёкіх продкаў, гады быццам бы пачыналі ўдзельнічаць у сельскагаспадарчым цыкле чалавека, паступова дапамагаючы яму вымольваць дождж і вільгаць у засушлівыя перыяды працоўнага года.

З сезонным «паміраннем» і «ажываннем» змей у беларускім фальклоры звязана мноства легенд і паданняў. Да традыцыйнага рытму зімовай спячкі і веснавога абуджэння гадаў патрэбна далучыць і рытм традыцыйнага знаходжання ў норах і выпаўзання на паверхню.

Разглядаючы прычыны, якія далі падставы нашым старажытным продкам для ўшанавання і абагаўлення змяі, а патрыярхальным беларусам – гадзюкі, адзначым наступнае: па-першае, сувязь Змея, які з цягам часу пераўвасобіўся ў змяю, са стварэннем Сусвету; па-другое, змяя ўяўлялася як засцерагальніца жылля чалавека, яго дабрабыту.

Але ў беларускім фальклоры гадзюка так і не атрымала «царскі» трон, бо ён, паводле народнага ўяўлення, трывала ўтрымліваўся вужом. Тым не меней гадзюкі баяліся, яе асцерагаліся і ўсё з-за ядавітых укусаў.

У народзе існавала мноства ўсемагчымых засцярог ад укусаў змяі і ад іх вылячэння. Напрыклад, у Е. Раманава чытаем: «Акрамя таго, калі ўбачыш змяю, неабходна кінуць у яе каменем ці кіем, пры гэтым прымаўляючы: не я цябе б’ю, а б’е цябе святы панядзелак (назваць дзень, у які яе ўбачыш)».

Рэкамендаваў ён і адзін з народных рэцэптаў, які быццам бы дапамагаў ужо непасрэдна ад укусаў: «Калі ёсць бягучая вада і чалавек пасля ўкусу пераступіў яе, то трэба замаўляць на гэтай вадзе, якую потым п’е ўкушаны. Пры гэтым неабходна адрозніваць, паросная была змяя ці ялаўка.

У апошнім выпадку пухліна праходзіць пасля дзевяціразовага вымаўлення замовы. Калі ж пасля трэцяга разу на паверхні вады з’явіцца «рубец» – хваляванне, значыцца, змяя была паросная».

Змей, якіх ужывалі для вырабу розных лекаў, народныя варажбіты лавілі толькі да Купалля, пакуль «гадзюка была ў сіле», пасля Купальскай ночы яна траціла ўсялякую цудатворную і лекавую здольнасць.

Дзеля таго, каб выратавацца ад укусаў змяі, чалавеку, якога яна ўкусіла, часта раілі націраць укушанае месца пчаліным ядам ці самай звычайнай пчолкай, бо «пчала – ад Бога, а гадзюка – ад чорта».

Паводле вуснапаэтычных твораў вараж6іты нібыта могуць пры дапамозе гадзюкі насылаць на любого невылечную хваробу, і чалавек памірае.

І. Сахараў адзначаў: «У народзе сцвярджаюць, што варажбіты могуць сапсаваць чалавека за тысячу і болей вёрст, выпускаючы дзеля гэтага з-за пазухі змяю ці вужа, якія залазяць у жывот, і тады той, на каго яе наслалі, адчувае, што порча падбіраецца пад сэрца і ляжыць, як пірог».

Даволі часта варажбіты нібыта прымушаюць змяю не залазіць у сярэдзіну чалавека, а проста ўкусіць яго ў пакаранне за нейкі дрэнны ўчынак.

Патрэбна адзначыць і тое, што нашы прашчуры на працягу многіх стагоддзяў назіралі за паводзінамі гадзюкі, таму нядзіўна, што заўважылі, калі колькасць гадаў у лясах і балотах становіцца значна меншай, калі яны няшкодныя для чалавека.

Болей таго, дакладна было вядома, у якім месцы можна абавязкова натрапіць на гадзюку, бо яны там водзяцца адвеку, дзе іх ніколі не бывае. Быў акрэслены і тэрмін найбольшай актыўнасці змей у прыродзе: «На Івана Купалу сем змей прапала».

 

Працяг – будзе.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя