Домой Общество Беларуская мова робіць адрознымі ад канкурэнтаў

Беларуская мова робіць адрознымі ад канкурэнтаў





Так лічаць уласнікі літоўскай гандлёвай сеткі «Mart Inn». Ад пачатку працы ў Беларусі крамы і рэклама «Mart Inn» афармляюцца выключна па-беларуску.

Выкарыстанне беларускай мовы ў працы — прынцыповая пазіцыя кампаніі «Mart Inn Food», якой належыць гандлёвая сетка.

«Беларуская мова сёння — гэта добры спосаб вылучыцца сярод іншых гандлёвых аператараў. — тлумачыць выбар уласнікаў сеткі крамаў дырэктар дэпартаменту маркетынгу і продажу Алена Сітдзікава. — Мы вырашылі камунікаваць з пакупніком па-беларуску, і мы рады, што гэта выклікае толькі станоўчую рэакцыю ў людзей».
Спадарыня Алена не выключае, што ў будучыні беларускамоўнымі могуць стаць і цэннікі на таварах у крамах «Mart Inn», якія пакуль што робяцца на расейскай мове. А вось ці пачуюць пакупнікі родную мову ад касіраў і іншага працоўнага персаналу — пытанне выбару кожнага канкрэтнага чалавека, бо, як адзначыла дырэктар па маркетынгу, дзяржаўныя мовы ў Беларусі — дзве, і прымусіць некага размаўляць па-беларуску яны не могуць.

Бабруйчане хочуць больш беларускай мовы ў горадзе

У Бабруйску «Mart Inn» працуе з пачатку лета бягучага году. Сталыя пакупнікі ўжо прызвычаіліся да беларускай мовы ў краме і адзначаюць, што гэтак і павінна быць, што родная мова не мусіць быць выключэннем.

«Я шмат дзе была за мяжой, і нідзе такога няма, каб надпісы ў горадзе былі на нейкай іншай мове. Вельмі патрэбна, каб было больш па-беларуску», — адзначыла жанчына, што як раз шла ў краму.

Адшукаць іншую краму ў Бабруйску, якая б цалкам была аформлена па-беларуску, не атрымалася. Ёсць прыгожыя беларускія назвы, напрыклад, «Буслік». Але ўнутры ў тым жа «Бусліку» — усё па-расейску. Няма беларускай мовы і ў нешматлікіх дзяржаўных крамах, што яшчэ засталіся ў Бабруйску.

Выглядае парадаксальным, што здольнасць канкураваць і быць карыснай у бізнэсе за беларускай мовай прызнаюць замежныя, а не айчынныя беларускія кампаніі.

Марына Міхневіч

Фото автора