Домой Культура Бабруйскiя гiмназiсткi сталi лепшымi на «Беларускім пяціборстве»

Бабруйскiя гiмназiсткi сталi лепшымi на «Беларускім пяціборстве»

25 лютага ў Магілёве адбылося ўзнагароджванне пераможцаў штогадовага інтэлектуальнага спаборніцтва «Беларускае пяціборства-2013».

Яго арганiзатары — абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы і Дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова. Урачыстасьць праходзіла на пэдагагічным факультэце гэтага ўнівэрсытэту.

Сёлетняе пяціборства адбылося 16 студзеня ў дванаццаты раз. Удзельнікам спаборніцтва, прапаноўваліся заданьні па пяці школьных прадметах: матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі, літаратуры й мове. Па суме балаў вызначылі пераможцу. Адказы прымаліся толькі па-беларуску.

Пераможцам сёлетняга інтэлектуальнага спаборніцтва стала вучаніца восьмай клясы бабруйскай гімназіі № 3 Ангеліна Жыркевіч. Другое месца заняла сястра пераможцы, адзінаццаціклясьніца той жа бабруйскай гімназіі Наста Жыркевіч. Акрамя таго, журы Пяціборства прызнала мову дзяўчыны найлепшай сярод 23 сёлетніх удзельнікаў спаборніцтва.

Трэцяе месца заняла васьміклясьніца 1-й Магілёўскай гімназіі Марыя Пілецкая.

Пераможцы Пяціборства атрымалі дыплёмы, ухвальныя лісты, рэдкія выданьні беларускіх кніжак ды іншыя памятныя ўзнагароды.

Вольга Асокiна

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя