Домой Общество Бабруйскія дэмакратычныя актывісты правялі дыскусію па тэме паліттэхналогій

Бабруйскія дэмакратычныя актывісты правялі дыскусію па тэме паліттэхналогій

18 студзеня ў Бабруйску на офісе дэмакратычных сіл адбыўся прагляд кінастужкі «Хвост віляе сабакам».

На прагляд фільма прыйшлі актывісты розных структур. Па сканчэнні прагляду адбылася дыскусія на тэму актуальнасці паказанай у «Хвасце» тэмы для Беларусі. Прагляд арганізаваў актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзяніс Боршч.

Сюжэт фільма такі: за хуткім часам прэзідэнцкія выбары ў ЗША, а прэзідэнта абвінавачваюць у сексуальных дамаганнях. Ягоная папулярнасць імкліва падае. Трэба на некалькі дзён адцягнуць увагу грамадства ад гэтай падзеі, і дарадца прэзідэнта вырашае прыбегчы да дапамогі вядомага кінапрадзюсера.

Яны прыдумляюць пагрозу ад албанскай тэрарыстычнай групоўкі (якой не існуе насамрэч) і абгрунтоўваюць неабходнасць уцягнення ў вайну ЗША праз СМІ.

У выніку цяжкіх абставін яны ўсё ж дасягаюць мэты і дзеючы прэзідэнт набірае рэйтынг з 17 адсоткаў да 89.

У кінастужцы выкарыстоўваецца шмат фактаў і фраз, якія насамрэч мелі месца ў гісторыі ЗША. Так, напрыклад, часта гучыць фраза «Навошта мяняць коней на пераправе?», якая была слоганам прэзідэнцкіх кампаній Аўраама Лінкальна і Франкліна Рузвельта».

Джэймс Бялушы заяўляе, што з’яўляецца албанцам: і гэта праўда, ён сын імігрантаў з Албаніі. А фраза «віляць сабакам» — ідыёма.

«Віляць сабакам» – наўмысна адцягваць увагу ад больш значнага пытання да менш важнага.

Такім чынам менш значная падзея трапляе ў цэнтр увагі, заглушаючы больш значную падзею.

Дыскусія пасля прагляду фільма была пабудавана ў фармаце тлумачэння трох мадэляў паліттэхналогій і далейшага вызначэння прыналежнасці да гэтага Беларусі. Актывісты розных арганізацый падчас доўгіх спрэчак прыйшлі да высновы, што дзеючыя беларускія ўлады цалкам кантралююць грамадскую думку.

Таму, каб перамагчы ў дадзенай сітуацыі, апазіцыі неабходна аб’ядноўвацца ў адзіную сілу і змагацца са сваімі апанентамі шляхам кіравання грамадскай думкай. Але якім чынам тое рабіць, трэба вызначаць кожнаму асабіста.

Таксама прагучала думка, што цэнтралізацыя дэмакратычных арганізацый не спрацоўвае. Для дасягнення вынікаў трэба ствараць мясцовыя рады на ўзор бабруйскай і прымаць рашэнні, якія датычаць агульнай справы, на мясцовым узроўні.

Нагадаем, што бабруйскія актывісты розных дэмакратычных арганізацый ужо доўгі час абмяркоўваюць найбольш важныя для горада пытанні і праводзяць сумесныя акцыі.

Яўген Васьковіч