Домой Красота и здоровье Бабруйскія актывісты патрабуюць адмяніць платныя паслугі ў паліклініках

Бабруйскія актывісты патрабуюць адмяніць платныя паслугі ў паліклініках

Актывісты партыі «Справядлівы свет» і аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» 4 сакавіка наведалі бабруйскую паліклініку № 2 для атрымання адказу ад міністра аховы здароўя. Але грунтоўнага адказу ім не далі…

— У першую чаргу, — кажа спн. Таісія Кабанчук, кіраўнік БХД па Магілёўскай вобласці, — уразіла тое, што адказ нам не даслалі пісьмова. Гэтую справу Міністэрства аховы здароўя вырашыла даручыць сваім падначаленым нізкага ўзроўню.

Раней па ініцыятыве бабруйскіх актывістаў партыі «Справядлівы свет» міністру аховы здароўя быў накіраваны зварот з патрабаваннем скасаваць указ № 128 аб павелічэнні коштаў на медычныя паслугі. Да напісання звароту далучыліся грамадскія актывісты і дзеячы БХД. Такім чынам была працягнута кампанія хадэкаў «За якасную медыцыну».

Але міністр аховы здароўя сп. Жарко, відаць, палічыў 28 подпісаў, сабраныя ў Бабруйску, недастатковымі ягонай увагі. Такое стаўленне выказалі і ў раённай паліклініцы.

— Што гэтыя 28 подпісаў? — сказалі там.

Але ж тутэйшыя прадстаўнікі аховы здароўя павінны былі даць адказ на зварот. Адбыўся, гэтак мовіць, «спарынг» тры на тры. З боку актыўнай грамадскасці Бабруйску былі Таісія Кабанчук (БХД), Леанід Чугураў («Справядлівы свет») і Валянціна Марусава (актыўная грамадзянка).

Пазіцыю ўлады выказвалі намеснік галоўнага ўрача паліклінікі Таццяна Дземянкова, эканаміст гарадскога аддзялення аховы здароўя Тамара Круптца і эканаміст Наталля Чарпакова.
Вось яны і пачалі тлумачыць, у сувязі з чым быў прыняты гэты ўказ. Маўляў, крызіс і да таго падобнае. Але актывісты не збянтэжыліся.

— Мы ім сказалі, — гаворыць Таісія Кабанчук, — што нам не патрэбныя прычыны гэтага ўказу. Нам патрэбны адказ: скасуе Жарко сваё рашэнне ці не. Пасля гэтага ўрачы разгубіліся, не ведаючы, што сказаць.

А калі актывісты пачалі казаць, што ў дзеючай уладзе не так, іхнія апаненты спужаліся. Яны папрасілі не гаварыць аб палітыцы, бо «ў кабінеце могуць стаяць жучкі».

У выніку размовы прадстаўнікі аховы здароўя паабяцалі самі адказаць бабруйчанам на іхні зварот да міністра.

Яўген Глаголеў-Васьковіч