Домой Главные новости Бабруйскія актывісты БХД прапануюць размесціць дзіцячую лякарню ў будынку былога вайсковага шпіталя

Бабруйскія актывісты БХД прапануюць размесціць дзіцячую лякарню ў будынку былога вайсковага шпіталя

1 снежня ў Бабруйск завіталі сустаршыня Аргкамітэта па стварэнню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Ключавым пытаннем для абмеркавання з бабруйчанамі стала кампанія па зборы подпісаў за будаўніцтва новай дзіцячай лякарні ў Бабруйску.

бабруйскія, актывісты БХД, прапануюць, дзіцячая лякарня, будынак вайсковага шпіталя
Ганна Канапацкая (злева)
бабруйскія, актывісты БХД, прапануюць, дзіцячая лякарня, будынак вайсковага шпіталя
ВІталь Рымашеўскі

«Запытайцеся ў Рынейскай і Власевіча – за які бюджэт яны будуць галасаваць?»

Ганна Ліннік, якая і распачала збор подпісаў, распавяла, што запрашала на сустрэчу з палітыкамі з Менску ўсіх, хто падпісаўся пад зваротам за новую лякарню. Але далёка не ўсе змаглі прыйсці, бо ў апошні момант людзей выклікалі на працу, абвесціўшы суботу 1-га снежня працоўнай.

Таксама Ганна Ліннік распавяла, як ёй патэлефанаваў бабруйскі афіцэр у адстаўцы і прапанаваў звярнуць увагу на будынак былога вайсковага шпіталя як альтэрнатыву будаўніцтву новай лякарні.

Маўляў, пасля рамонту, былы шпіталь стаў бы ідэальным месцам для дзіцячай лякарні, тым больш, што ён знаходзіцца ў маляўнічым і экалагічна чыстым месцы над Бярэзінай (што праўда, месца гэтае адначасова аддаленае ад гарадской інфраструктуры і туды  – пакуль — нязручна дабірацца на грамадскім транспарце, – «БК»).

Віталь Рымашэўскі і Ганна Канапацкая падтрымалі ідэю. Юрыст з Менску Пётр Папраўка прапанаваў адразу пісаць зварот уладам з абгрунтаваннем сваёй ідэі размяшчэння дзіцячай лякарні ў былым ваенным шпіталі.

Ганна Канапацкая абяцала бабруйчанам сваю ўсебаковую падтрымку з лякарняй, але адначасова заўважыла, што адна яна нічога зрабіць не зможа.

«Я хачу, каб вы разумелі – ад вас у гэтай краіне вельмі шмат што залежыць,– звярнулася да бабруйчан дэпутатка. – Я магу прапанаваць калезе-дэпутату: а  давай будзем галасаваць не за павелічэнне пенсій міліцыянтым у новым бюджэце, а за будаўніцтва лякарні ў Бабруйску. Але вы таксама прыйдзіце да вашых дэпутатаў – Ірыны Рынейскай і Віталя Власевіча – і запытайцеся, а як будуць галасаваць яны?»

«Гінекалагічнае аддзяленне радзільні халоднае, дзеці там будуць замярзаць»

Рэканструкцыя бабруйскай дзіцячай лякарні мусіла распачацца як раз у дзень візіта Канапацкай і Рымашэўскага – 1-га снежня. Ганна Ліннік не ўпэўнена, што працы сапраўды ўжо ідуць, і выказвае перасцярогі, што рэканструкцыя можа стаць шляхам засваення грошай, і ў рэшце рэшт вынік будзе зусім не такім, як усе чакаюць.

Напярэдадні першага дня зімы пацыенты лякарні мусілі «пераехаць» у гінекалагічнае аддзяленне радзільнага дома, а гінекалогія, у сваю чаргу, у анкалагічны дыспансэр, як распавядала раней кіраўніцтва дзіцячай.

Ганна Ліннік кажа, што такі расклад не падабаецца ўсім, у тым ліку, адміністрацыі радзільнага дома, прадстаўнікі якой дзяліліся з Ганнай, што аддзяленне гінекалогіі – вельмі халоднае, нягледзячы на тое, што будынак уцяпляўся, і што дзеці там будуць мерзнуць.

Удзельнікі сустрэчы прапанавалі разам з кампаніяй за будаўніцтва новай лякарні, не губляць з поля зроку рэканструкцыю старой, а нават стварыць адмысловую ініцыятыўную групу па кантролі за працамі.

Віталь Рымашэўскі падтрымаў ідэю і прапанаваў назву для ініцыятывы – «Народны кантроль за рэканструкцыяй лякарні».

Напрыканцы сустрэчы Рымашэўскі і Канапацкая разам з некалькімі актывістамі паехалі паглядзець на былы вайсковы шпіталь.

бабруйскія, актывісты БХД, прапануюць, дзіцячая лякарня, будынак вайсковага шпіталя

бабруйскія актывісты, БХД, прапануюць, дзіцячая лякарня, у будынку вайсковага шпіталя, Віталь Рымашэўскі, дэпутатка Ганна КанапацкаяСустаршыня БХД хацеў правесці стрым у сацсетках, каб паказаць і распавесці, у якім стане ў Бабруйску знаходзяцца ўстановы аховы здароўя. Але да шпіталя палітыкі з актывістамі не даехалі, вырашыўшы, што ідэальным фонам для стрыму стане Лядовы палац.

бабруйскія, актывісты БХД, прапануюць, дзіцячая лякарня, будынак вайсковага шпіталя

«Вось вам прыклад, куды ідуць бюджэтныя грошы – на вось такія безгустоўныя і мала каму патрэбныя будынкі, – зазначыў Рымашэўскі, паказваючы на Лядовы. – А ў той самы час адзіная дзіцячая лякарня ў Бабруйску знаходзіцца ў жудасным стане».

Ганна Ліннік працягвае кампанію па зборы подпісаў за будаўніцтва новай дзіцячай лякарні. Пакінуць свой подпіс ці прапаванаць іншы ўдзел ці дапамогу, а таксама задаць усе хвалюючыя пытанні можна буде ў Грамадскай прыёмнай БХД. Яна распачне працу ў наступны аўторак, 4 снежня, па адрасе: вул.Кастрычніцкая, 173-А, з 17.00 да 20.00.

Прыёмная будзе працаваць кожны аўторак.

 

Марына Міхневіч