Адкрыццё прайшло 11 кастрычніка з паказам прэм’ернага спектакля «Сіртакі» па п’есе Вольгі Прусак.

Рыхтавала прэм’еру творчая група з Менска. Некалі яны ўжо ставілі ў Бабруйску два спектаклі – «Кропкі на часавай восі» і «Змешаныя пачуцці». Цяпер абралі п’есу маладага беларускага драматурга з Віцебска Вольгі Прусак. Рэжысёр-пастаноўшчык «Сіртакоў» – Таццяна Траяновіч. Мастак-пастаноўшчык – Валянціна Праўдзіна. Балетмейсцер – Валер Султанаў.
Гэта – чарговая гісторыя правінцыйнай дзяўчыны, якая адправілася ў вялікі горад шукаць шчасця (дэбютная адсылка да «Сіняй птушцы» – менавіта аб гэтым).






Шмат увагі ў гэтай пастаноўцы надавалася пластыцы і харэаграфіі, рухам акцёраў і танцу – менавіта праз харэаграфію стваральнікі вырашаюць свой спектакль, перадаюць эмоцыі і пачуцці, характар персанажаў п’есы. І трэба прызнаць, што – гэта самы моцны бок спектакля! У першую чаргу, дзякуючы музычна-харэаграфічным рашэнням, на сцэне ствараецца адмысловы настрой, атмасфера.



Галоўная музычная і танцавальная тэма пастаноўкі ў жанры «Моладзевы драйв» – запальны грэцкі «Сіртакі» (так называецца рэстаран, у якім працуюць галоўныя героі п’есы) – дапамагае пагрузіць гледача ў сонечную атмасферу свята. Гэты рэфрэн і іншыя вясёлыя песні і танцы на кантрасце ўзмацняюць тыя драматычныя моманты, якія таксама маюцца ў спектаклі. Дадзены прыём працуе на ўсе сто адсоткаў!..
Бездакорная таксама праца мастака-пастаноўшчыка над сцэнаграфіяй і касцюмамі… Момантамі, часам, нават, асобнымі сцэнамі, прэм’ерны спектакль сваім лірызмам нагадвае «Кропкі на часавай восі», пастаноўку, якая прынесла «дунінцам» трыюмф на апошнім Фестывалі нацыянальнай драматургіі. Аднак «Кропкі» паўстаюць сэнсава куды больш паўнаважкім і эпічным спектаклем. «Сіртакі» ж, хутчэй, нагадвае нейкую лірычную замалёўку, кранальную, мілую, часам – шчымліваю, але не больш…
Паўторны паказ спектакля адбудзецца ў суботу, 12 кастрычніка, а 18-й гадзіне.
А наступнай падзеяй новага сезона стане чарговы Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі, які распачнецца ў нашым тэатры 1-га лістапада. У Бабруйск прыедуць са сваімі спектаклямі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр ім. Я.Коласа, Гомельскі гарадскі моладзевы тэатр, Кіеўскі акадэмічны тэатр «Залатыя вароты», Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Нацыянальны акадэмічны тэатр ім.Я.Купалы і іншыя. На закрыццё фестываля 6-га лістапада бабруйскі тэатр зноў пакажа «Сіртакоў».
Падрабязней пра адкрыццё юбілейнага тэатральнага сезону глядзіце ў нашым відэасюжэце.
Марына Міхневіч,
Антон Пуціла
Фота Антона Пуцілы і Віктара Масаловіча
Відэа Віктара Масаловіча