Домой В регионе Бабруйскі раён выратуе турызм?

Бабруйскі раён выратуе турызм?

Бабруйск летась трапіў у спіс населеных пунктаў з самых напружаным эканамічным становішчам. Бабруйскі раён – сярод рэгіёнаў з найменьшымі заробкамі. Старшыня Глушанскага пасялковага савета Марыя Сушчанка ўпэўнена – выйсце ёсць, і яно даўно ляжыць на паверхні: трэба развіваць турызм.

Глуша: ад дабрабыту да працоўнай эміграцыі

У Бабруйскім раёне сёння пражываюць 16 600 чалавек. Цягам апошніх гадоў насельніцтва хутка змяньшаецца. Адток жыхароў з вёсак і пасёлкаў раёна, цяжкасці з працоўнымі месцамі, малыя заробкі – ужо не першы год асноўныя праблемы рэгіёна.

Сёння аснова эканомікі Бабруйскага раёна – сельская гаспадарка. Большасць насельніцтва працуе ў калгасах, ці, як яны сёння называюцца – сельска-прамысловых комплексах. Гэтыя комплексы датуюцца дзяржавай. Некаторыя з іх, як, напрыклад, «Міхалёўская ніва» ці «Неўскі Агра», яшчэ некалькі гадоў таму былі прызнаныя неплацёжаздольнымі. Яшчэ некаторыя перададзеныя «пад крыло» бабруйскім прадпрыемствам, як, напрыклад, калгас у Варатыні, які стаў філіялам Бабруйскага завода ТДіА.

Пра бягучую сітуацыю і перспектывы Бабруйскага раёна на прыкладзе аднаго пасёлка мы паразмаўлялі са старшынёй Глушанскага пасялковага савета Марыяй Сушчанка.

Пасёлак сельскага тыпу Глуша знаходзіцца ў 25 кіламетрах ад Бабруйска. На мапе Беларусі ён узнік у 1896 годзе ў сувязі з будаўніцтвам шклозавода. Больш за сто гадоў усё жыццё Глушы круцілася вакол гэтага завода – ён забяспечваў жыхароў працай і заробкам.

У 2002 годзе завод быў спынены і абвешчаны банкротам. Былыя працаўнікі засталіся без працы. Вельмі хутка насельніцтва Глушы пачало змяньшацца. Людзі сталі раз’язджацца ў пошуках працы. З’язджаюць і дагэтуль. Хоць, як зазначае Марыя Леанідаўна, Глуша ў параўнанні з іншымі пасёлкамі і вёскамі Бабруйскага раёна яшчэ трымаецца.

Сёння ў пасёлку пражываюць каля 1300 чалавек. Тут дзейнічаюць некалькі дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў: філіял бабруйскай фабрыкі «Славянка» швейны цэх «Славянка-Глуша», Глушанскае лясніцтва, школа, лякарня, некалькі прыватных прадпрыемстваў, працуюць індывідуальныя прадпрымальнікі, ёсць аграсядзіба. Заробкі вельмі розныя, кажа Марыя Сушчанка. Але ёсць прадпрыемствы, дзе людзі маюць даволі добры прыбытак, напрыклад, «Славянка-Глуша». Марыя Леанідаўна кажа, што там заробкі нават большыя, чым на гарадской «Славянцы».

Тым не меньш, працоўная эміграцыя працягваецца. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што сёння большасць глушанцаў – жанчыны, дзеці і пенсіянеры. Працаздольныя мужчыны едуць у Бабруйск, Менск ці за мяжу, каб пракарміць сям’ю.

«Так, з’язджаюць сёння ўсе, гэта тэндэнцыя па ўсёй краіне, – кажа спадарыня Сушчанка. – Бо параўнайце заробкі беларусаў і расейцаў, нават тыя заробкі, якія ў нас лічацца высокімі. У нас ад 500 рублёў да тысячы, скажам. У Расеі таксама – ад 500 да тысячы, але долараў. Розніца адчувальная».

Сёння, кажа Марыя Леанідаўна, эмігранты з першай хвалі, якая адбылася пасля закрыцця шклозавода, забіраюць да сябе сем’і з Глушы.

Некаторыя едуць працаваць дальнабойшчыкамі ў Еўропу, на сезонныя працы кшталту прыборкі клубніц і таму падобнае.

З тых глушанцаў, што не хочуць з’язджаць з радзімы, нягледзячы на цяжкасці, ёсць такія, што імкнуцца развіваць сваю справу – напрыклад, гадуюць трусоў. Перспектыўным накірункам самазанятасці старшыня пасялковага савета лічыць вырошчванне галубікі, тым больш, што ў Глушы вельмі спрыяльная для гэтай расліны глеба.

Фестывалі, Адамовіч як брэнд, рэзідэнцыя лесавіка – як прывабіць у Глушу турыстаў?

Марыя Леанідаўна ўпэўнена, што развіццё турызма можа стаць выратаваннем для Глушы і для Бабруйскага раёна ўвогуле. Бо гэта створыць дадатковыя працоўныя месцы і прыцягне грошы ў рэгіён.

Марыя Леанідаўна яшчэ дзесяць гадоў таму спрабавала перанакіраваць Глушу на шлях самазанятасці і ўстойлівага развіцця. Яна рэалізавала ў пасёлку так званую «Павестку 21» – праграму дзеянняў, прынятую ААН для ўстойлівага развіцця населеных пунктаў ці рэгіёнаў.

У рамках «Павесткі» Глуша была газіфікаваная, з’явіліся ачышчальныя збудаванні, мадэрнізаваны жыллёвы фонд. У пасёлак атрымалася прыцягнуць вытворчасць з Бабруйска і адчыніць філіял швейнай фабрыкі «Славянка». Тады ж з’явілася цяперашняя разынка Глушы – этнаграфічны фестываль «Глушанскі хутарок», які стаў штогадовым.

Старшыня пасялковага савета перакананая, што каб утрымацца на плаву, Глушы і далей трэба ісці гэтым шляхам – развіваць прыдарожны сэрвіс, агратурызм.

У дадатак да «Глушанскага хутарка» можна прыдумаць яшчэ які-небудзь фестываль.

Глуша, Бабруйскі раён

«Можна зрабіць нейкі творчы фэст, для пісьменнікаў, творцаў, звязаць яго з імем Алеся Адамовіча, напрыклад, праводзіць плэнэры», – разважае наша суразмоўца.

Увогуле, вялікую надзею Марыя Леанідаўна ўскладае на імя Алеся Адамовіча як будучы брэнд Глушы, што ўрэшце будзе адчынены музей пісьменніка, створаныя турыстычныя маршруты, і гэта прыцягне ў Глушу наведнікаў.

Глуша, Бабруйскі раён

Акрамя, Марыя Леанідаўна прапануе развіваць спартыўны накірунак, тым больш, што Глуша мае такую старонку ў мінулым, калі тут дзейнічаў спартыўны комплекс. Да таго ж, у Глушы ёсць возера, на якім таксама можна развіваць турыстычныя актыўнасці, упэўнена Марыя Леанідаўна – зімой ладзіць пракат квадрацыклаў, улетку – катамараны.

Таксама Марыя Леанідаўна хоча стварыць адмысловую экасцежку. А бабруйскі актывіст, лідар ініцыятывы «Прыпынак Адамовіча» Андрусь Архіпенка прапануе дадаць да яе веласцежку, і так звязаць Бабруйск з Глушай, каб ладзіць нейкія велаактыўнасці.

Андрусь Архіпенка разам з камандай удзельнічае ў рэспубліканскім конкурсе «Socialweekend» з праектам «Глуша Адамовіча», які як раз і накіраваны на турыстычнае развіццё пасёлка.

«Мы вырашым адразу дзве праблемы – ушанаванне памяці Алеся Адамовіча і стварэнне ўмоваў для эканамічнага развіцця пасёлка на падставе турызму, – кажа актывіст. – Возьмем, напрыклад, што хаця б на пачатку ў Глушу будуць прыязджаць тысяча турыстаў у год. Хоць гэта і мала, але кожнаму трэба будзе паабедаць, магчыма, пераночыць, набыць сувенір, замовіць экскурсію. У сярэднім, кожны патраціць каля 100 рублёў. Гэта 100 тысяч рублёў у год – нялішнія грошы для пасёлка і жыхароў. Гэта будзе спрыяць адкрыццю пунктаў харчавання, аграсядзібаў, больш актыўнай дзейнасці рамеснікаў».

Яшчэ адзін шлях прыцягнення турыстаў у Глушу Марыя Леанідаўна бачыць у міфалогіі, і ўзгадвае як прыклад «сцяжынку жахаў», якую ёй давялося пабачыць у ЗША.

Глуша, Бабруйскі раён

«Сама па сабе назва «Глуша», паглядзіце, хто можа жыць у глушы? – разважае спадарыня Сушчанка. – Ужо на гэтым можна будаваць нейкую легенду, зрабіць, напрыклад, рэзідэнцыю лесавіка. Бо мы сёння прасоўваем Санта-Клаўса, напрыклад, а не памятаем пра ўласную міфалогію, не прасоўваем сваё, а на гэтым можна і трэба зарабляць».

Надзеі па рэалізацыі праектаў Марыя Леанідаўна ўскладае на «прыватнікаў», на нейкія інвестыцыі. Але яна разумее, як у нас няпроста працаваць прадпрымальнікам, як шмат усялякіх бюракратычных працэдур перашкаджаюць хуткай рэалізацыі ідэй.

Марыя Леанідаўна як прыклад называе такую еўрапейскую сістэму як «начлег-сняданак», калі мясцовыя жыхары ў вёсцы запрашаюць да сябе пераночыць турыстаў, кормяць іх.

Глуша, Бабруйскі раён

«Чым дрэнна было б, калі б уласнікі нашых дамоў, якія стаяць вельмі зручна, уздоўж трасы, маглі павесіць на доме шыльду «начлег – сняданак»?, – задаецца пытаннем старшыня пасялковага савета. – Зручна было б для ўсіх – і для турыстаў ці проста тых, хто міма едзе, і для мясцовых жыхароў – яны б маглі зарабіць».

Нажаль, у нас, каб аказваць такія паслугі, неабходна рэгістраваць аграсядзібу, то бок, зноў шмат бюракратычных перашкодаў. Марыя Леанідаўна ўпэўна, што тут трэба шукаць нейкую заканадаўчую лазейку для такіх ініцыятыў, каб самазанятасць і ўдзел мясцовых жыхароўу развіцці турызма не зводзілася толькі да рамесніцтва.

 

Марына Міхневіч