Домой В регионе Бабруйскі райвыканкам зацвердзіў дату адкрыцця помніка Алесю Адамовічу

Бабруйскі райвыканкам зацвердзіў дату адкрыцця помніка Алесю Адамовічу

Урачыстая прэзентацыя бюста пісьменніка пройдзе ў Дзень пасёлка Глуша, 9-га лістапада.

Помнік размесціцца каля глушанскага дома культуры. Зараз вядуцца заключныя працы па ўсталяванні пастамента і непасрэдна бюста.

Праект помніка Адамовичу

У суботу 9-га лістапада, а 13-й гадзіне адбудзецца ўскладанне кветак і малебен на магіле Алеся Адамовіча на глушанскіх могілках.

На 14-ю гадзіную запланаванае адкрыццё. Перад гасцямі выступяць прадстаўнікі мясцовай улады, дачка пісьменніка Наталля Адамовіч, ініцыятар усталявання помніка, бабруйскі актывіст Андрусь Архіпенка.

Андрусь спадзяецца, што сярод ганаровых гасцей будзе беларуская пісьменніца, нобелеўская лаўрэятка, якая называла Алеся Адамовіча сваім настаўнікам, Святлана Алексіевіч.

Пасля адкрыцця помніка ў Доме культуры пройдзе канцэрт. Выступяць мясцовыя калектывы самадзейнасці. Таксама па запрашэнні Наталлі Адамовіч мусіць прыехаць бард Зміцер Бартосік.

Пра ўсталяванне ў Глушы помніка Алесю Адамовічу даўно марыла старшыня глушанскага пасялковага савета Марыя Сушчанка. За рэалізацыю ідэі ўзяўся бабруйчанін Андрусь Архіпенка.  На пачатку 2018 года ён сабраў подпісы за помнік,  а пасля і грошы з дапамогай краўдфандынгу. Сярод ахвярадаўцаў – стваральнік партала tut.by Юры Зісер і Святлана Алексіевіч.

Аўтары бюста – скульптары Генік Лойка і Яўген Білей.

Для тых, хто жадае паехаць у Глушу на адкрыццё помніка, будуць арганізаваныя аўтобусы з Бабруйска і Менска. Неўзабаве на адной з краўдфандынгавых платформ будзе абвешчаны збор сродкаў на аплату транспарта, пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў Андрусь Архіпенка. Па ўсіх пытаннях даезда ў Глушу можна звяртацца да Андруся па тэлефоне: +37529123-88-73.

бабруйскі, райвыканкам, адкрыццё, помнік, Алесь Адамовіч, Глуша

Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 верасня 1927 года ў в. Канюхі ў Менскай вобласці. Але з самага ранняга дзяцінства жыў разам з бацькамі ў Глушы пад Бабруйскам, якую лічыў сваёй малой Радзімай. Тут жа ён хацеў быць пахаваным. Пісьменнік памёр ад інфаркта 26 студзеня 1994 годзе, і ўсё было зроблена па ягоным наказе.

Алесь Адамовіч вядомы як яскравы публіцыст, які не баяўся падымаць самыя вострыя сацыяльныя, грамадскія, палітычныя пытанні. Шмат у чым менавіта дзякуючы Алесю Адамовічу беларусы і свет даведаліся праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і яе наступствы.

Пяру Адамовіча належаць такія кнігі, як «Вайна пад стрэхамі», «Хатынская аповесць», «Блакадная кніга» (у суаўтарстве з Д.Граніным), «Я з вогненнай вёскі» (у суаўтарстве з Я. Брылем і У. Калеснікам), «Vixi», сцэнар да фільма «Ідзі і глядзі» (рэжысёр – Элем Клімаў; у 2017 годзе фільм быў адзначаны ўзнагародай 74-га Венецыянскага кінафестываля) і шмат іншых твораў.

 

Марына Міхневіч