Домой В регионе Бабруйскі райвыканкам узгодніў усталяванне помніка Алесю Адамовічу

Бабруйскі райвыканкам узгодніў усталяванне помніка Алесю Адамовічу

Лiст з адпаведным рашэннем за подпiсам намеснiцы старшынi райвыканкама Таццяны Варанко атрымаў лiдар iнiцыятыўнай групы «Прыпынак Адамовiча» Андрусь Архiпенка.

Помнік усталёйвае ініцыятыўная група бабруйчан «Прыпынак Адамовіча». Як распавёў лідар групы Андрусь Архіпенка, адкрыццё бюста плануецца прымяркаваць да дня нараджэння Алеся Адамовіча 3 верасня. Бюст плануецца размясціць каля Дома культуры ў пасёлку Глуша.

Прыпынак Адамовiча, Андрусь Архiпенка

Прыпынак Адамовiча, Андрусь АрхiпенкаПляцоўка, абраная для ўсталёўкі бюста, – часовая, неаднаразова зазначаў Андрусь. Калі будзе гатовы сквер каля будынка аптэкі – будучага музея пісьменніка, помнік перанясуць туды.

Яшчэ з мінулага года гатовы макет будучага бюста, які прэзентаваў падчас адкрыцця арт-аб’екта «Прыпынак Адамовіча» скульптар Генэк Лойка . Разам з Яўгенам Білеем ён у самы бліжэйшы час прыступіць да вырабу непасрэдна помніка. Генэк Лойка мяркуе, што праца зойме каля двух месяцаў.

Андрусь Архіпенка збіраецца запрасіць на адкрыццё бюста вядомых беларусаў – пісьменнікаў, культурных дзеячаў. Яшчэ раней пра свой магчымы ўдзел казала Святлана Алексіевіч.

У студзені 2018 года Андрусь пачаў перамовы з мясцовымі ўладамі наконт помніка Адамовічу і адначасова збор подпісаў сярод беларусаў. Была адкрыта ў тым ліку электронная петыцыя. Агулам ў інтэрнэце і на вуліцах гарадоў Андрусь з памочнікамі сабралі каля 900 подпісаў.

Наступным крокам была краўфандынгавая кампанія па зборы сродкаў на платформе «Талака». Атрымалася сабраць 9600. З іх 2 тысячы еўра ахвяраваў Юрый Зісер, і яшчэ тысячу – Святлана Алексіевіч.

Леташні лаўрэят прэміі Алеся Адамовіча Аляксандр Лукашук таксама перадаў грашовую частку ўзнагароды на помнік.

Макет першапачаткова вырабіў скульптар Уладзімір Мелехаў. Потым да працы падключыліся Генэк Лойка і Яўген Білей.

Каб ушанаваць памяць Алеся Адамовіча на ягонай малой радзіме ў Глушы і прыцягнуць увагу да імя і спадчыны пісьменніка, Андрусь Архіпенка разам з камандай летась стварылі і адкрылі арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча». Цяпер глушанцаў і гасцей пасёлка сустракае сапраўдны мастацкі твор, якім стаў звычайны аўтобусны прыпынак, з партрэтам Адамовіча і словамі пра Глушу з ягонага апавядання «Vixi».

Цяпер каманда Андруся ўдзельнічае ў буйным рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў «Socialweekend». Актывісты ініцыятывы хочуць атрымаць падтрымку на стварэнне мінімальнай турыстычнай інфраструктуры ў Глушы і распрацоўку інтэрактыўнай экскурсіі-спектакля па творах Алеся Адамовіча.

Алесь Адамовіч нарадзіўся 3 верасня 1927 года (афіцыйная дата, сапраўдная – 3 жніўня 1926 года) у в. Канюхі ў Менскай вобласці. Але з самага ранняга дзяцінства жыў разам з бацькамі ў Глушы, якую лічыў сваёй малой Радзімай. Тут жа ён хацеў быць пахаваным.

Пісьменнік памёр ад інфаркта 26 студзеня 1994 года.

Прыпынак Адамовiча, Андрусь Архiпенка

Алесь Адамовіч вядомы як яскравы публіцыст, які не баяўся падымаць самыя вострыя сацыяльныя, грамадскія, палітычныя пытанні. Шмат у чым менавіта дзякуючы Алесю Адамовічу беларусы і свет даведаліся праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і яе наступствы.

Пяру Адамовіча належаць такія кнігі, як «Вайна пад стрэхамі», «Хатынская аповесць», «Блакадная кніга» (у суаўтарстве з Д.Граніным), «Я з вогненнай вёскі» (у суаўтарстве з Я.Брылём і У.Калеснікам), «Vixi», сцэнар да фільма «Ідзі і глядзі» (у 2017 годзе фільм быў адзначаны ўзнагародай 74-га Венецыянскага кінафестываля) і шмат іншых твораў.

 

Марына Міхневіч