Домой Общество Бабруйская сям’я Аўчыннікаў займаецца развядзеннем дэкаратыўных птушак

Бабруйская сям’я Аўчыннікаў займаецца развядзеннем дэкаратыўных птушак










Не кожнаму чалавеку яго хобі прыносіла прыбытак. А вось у Бабруйску ёсць сям’я, хобі якой перарасло ў нешта большае. Сям’я Аўчыннікаў займаецца развядзеннем дэкаратыўных птушак: паляўнічыя двух відаў, шмат фазанаў, чорныя лебедзі (яны, дарэчы, занесены ў Чырвоную кнігу і ў Беларусі не водзяцца).

Сям’я Аўчыннікаў пераехала ў Бабруйск з вёскі Паўлавічы Кіраўскага раёну перад гарбачоўскай перабудовай. Спачатку яны жылі ў цэнтры горада, а потым пераехалі на Фарштадт. Гадоў дваццаць таму Соф’я і Мікалай зацікавіліся дэкаратыўнымі птушкамі. Пачалі выводзіць дзеля асабістага задавальнення. Пачыналася ўсё з курэй. Потым набылі больш пародзістых. А калі паехалі ў Маскву на выставу, то ўбачылі прыгожых дэкаратыўных птушак і адразу ж зацікавіліся.

Калі была магчымасць, мы ездзілі за птушкамі і ў Польшчу, і ва Украіну, гаворыць спадарыня Соф’я. Тады была магчымасць ездзіць, нам давалі дазвол на паездку за вызначаным відам птушак. Зараз вельмі цяжка штосьці прывезці з гэтых краін, і ўсё з-за «эпідэміяў» грыпу. А ў Расію мы не ездзім, бо там ужо няма нічога новага.

Кормім мы гэтых птушак, як і звычайных курэй, збожжам. Яшчэ, кажа спадарыня Соф’я, яны вельмі любяць зеляніну, асабліва пекінскую капусту. Норму ежы на дзень як такую ніхто не вызначае. Птушкам насыпаюць колькі зерня і зеляніны адразу на ўвесь дзень. Прадукты ў асноўным закупляем у фермераў, бо так выходзіць больш танна. Раз на тыдзень поім іх марганцоўкай, насыпаем каменьчыкаў. Але адным з галоўных у рацыёне паўлінаў, фазанаў і ўсіх астатніх птушак усё ж такі з’яўляецца комплекс вітамінаў.

Вітамінкі мы разводзім у вадзічцы. Дні тры поім нашых гадаванцаў і ўсё нармалёва, з усмешкай кажа спадарыня Соф’я.

Пасля таго, як птушка знясе яйка, а гэта адбываецца дзесьці з красавіка, яго адразу забіраюць і кладуць у інкубатар. Там яно знаходзіцца ці 21, ці 28 дзён (гледзячы ад таго, якая птушка). Потым яшчэ з месяц птушаняты сядзяць у вальеры ў скрынцы пад спецыяльнай лямпай. А яны, як гаворыць спадарыня Соф’я, каштуюць вельмі дорага і за імі трэба ехаць у Маскву, бо ў нас такая тэхніка надта прымітыўная. Птушкі растуць тры гады. Узімку, калі няма снегу, яны выходзяць гуляць на вуліцу.

Купляць птушак да Аўчыннікаў прыязджаюць даволі часта. Нават заапарк закупаў іх, бо ў іх не было дэкаратыўных птушак. Каштуе ж гэткая прыгажосць ад шасцідзесяці да ста долараў.

Зараз за набыццём птушак звяртаюцца часцей, чым раней, гаворыць спадарыня Соф’я. Неяк прыязджалі да нас, каб набыць птушак для палявання. Часта набываюць з іншых краін, ці з астатняй Беларусі. Бабруйчане ж купляюць не вельмі часта. Набываюць дэкаратыўную прыгажосць нават пенсіянеры.

Сям’я Аўчыннікаў у будучым хоча набыць сабе новых дэкаратыўных птушак, але як гэта зрабіць, пакуль не ведаюць.

Яўген ВАСЬКОВІЧ. Фота аўтара

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя