Домой Главные новости Бабруйчанін просіць Галівуд зняць кіно пра Чарнобыль па сцэнару Алеся Адамовіча

Бабруйчанін просіць Галівуд зняць кіно пра Чарнобыль па сцэнару Алеся Адамовіча

Андрусь Архіпенка, які збіраў подпісы за ўсталяванне бюста пісьменніку , напісаў ліст у «Sony Pictures» з прапановай вярнуцца да ідэі фільма «Імя той зорцы – Чарнобыль».

Андрусь Архіпенка, ліст у «Sony Pictures», бабруйчанін просіць Галівуд, зняць кіно пра Чарнобыль, па сцэнару Алеся Адамовіча
Андрусь Архіпенка

Алесь Адамовіч напісаў сцэнар мастацкай стужкі  «…Імя той зорцы – Чарнобыль». Рэжысёрам будучага фільма мусіў стаць Стэнлі Крамер. Здымкамі планавала заняцца кінакампанія «Columbia Pictures». Цікавасць у Галівуда Адамовіч выклікаў пасля фільма «Ідзі і глядзі». Так сталася, што Крамер так і не змог зняць кінастужку па пэўных асабістых прычынах.

Андрусь Архіпенка вырашыў, што варта паспрабаваць нагадаць Галівуду пра тую ідэю. Тым больш, што нейкага гучнага мастацкага кіно пра Чарнобыль за гэтыя гады так і не з’явілася.

На думку Андруся, такі фільм трэба зняць, каб ускалыхнуць у свядомасці людзей маштабнасць і ўвесь трагізм Чарнобыльскай катастрофы.

Прыводзім поўны тэкст ліста Андруся ў «Sony Pictures».

«Шаноўныя супрацоўнікі студыі SonyPictures!

Да вас звяртаюцца сябры ініцыятыўнай групы «Прыпынак Адамовіча» і ўсе, хто неабыякавы да творчасці пісьменніка і сцэнарыста Алеся Адамовіча.

У 1987 годзе, Алесь Адамовіч напісаў для Columbia  Pictures сцэнар па сваіх творах, пра Чарнобыльскую катастрофу ў 1986 года, і ён быў ухвалены. Але па нейкіх акалічнасцях Стэнлі Крамер не змог зняць фільм.

У мінулым годзе адзначалася 90-годдзе з дня нараджэння пісьменніка і сцэнарыста, і ў 2019 годзе будуць адзначацца 25-я ўгодкі з дня ягонай смерці. У свеце як ніколі навісае пагроза ядзернага канфлікту. Алесь Адамовіч у сваёй творчасці пастаянна казаў пра пагрозу ядзернай зброі, і зрабіў вялікі ўнёсак для прыадчынення праўды пра трагедыю ў Чарнобылі.

Мы просім вас даць адказ наконт магчымасці вяртання да сцэнара праз столькі год, каб зняць па ім фільм. І тым самым ушанаваць памяць пісьменніка Алеся Адамовіча, аўтара шматлікіх твораў, сярод якіх адметнае месца займае фільм, зняты разам з Элемам Клімавым «Ідзі і глядзі», які на працягу 30 гадоў з’яўляецца самым лепшым фільмам пра вайну.
З павагай, ініцыятыўная група «ПрыпынакАдамовіча» і ўсе, каму не абыякава творчасць Алеся Адамовіча».

Працягваецца конкурс праектаў на стварэнне арт-аб’екта «Прыпынак Адамовіча». Заяўкі прымаюцца да 23 траўня.

На платформе «Талака» вядзецца збор сродкаў на ўсталяванне ў Глушы помніка Алесю Адамовічу.

Андрусь Архіпенка, ліст у «Sony Pictures», бабруйчанін просіць Галівуд, зняць кіно пра Чарнобыль, па сцэнару Алеся Адамовіча
Алесь Адамовіч

 

Марына Маўчанава

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя