Домой Видео Бабруйчане збіраюць подпісы за будаўніцтва новага дзіцячага шпіталя

Бабруйчане збіраюць подпісы за будаўніцтва новага дзіцячага шпіталя

Стары шпіталь не бачыў рамонту больш за трыццаць гадоў. Грошы на ягоную рэканструкцыю збіралі цягам года ўсёй краінай, але не сабралі нават і 3% ад неабходнай сумы.

Не хапае койка-месцаў і сучаснага абсталявання

бабруйчане, збіраюць подпісы, будаўніцтва дзіцячага шпіталя
Ганна Ліннік — злева

бабруйчане, збіраюць подпісы, будаўніцтва дзіцячага шпіталяІніцыятар збору подпісаў – бабруйчанка, актывістка БХД, мама і бабуля Ганна Ліннік. Жанчына перакананая – рамонт старога будынка праблему не вырашыць. Цяперашні дзіцячы шпіталь занадта малы, сцвярджае актівістка, дзеці ў сезон захворванняў ляжаць на калідоры.

«Летась, калі была эпідэмія пнеўманіі, пра якую, праўда, не хацелі казаць, дзеці ляжалі там нават у сталовай, на калідорах. Не было месцаў. Я маўчу ўжо пра тое, у якім стане там увогуле ўсё знаходзіцца. Акрамя, існуе праблема з абсталяваннем, з вузкімі спецыялістамі. Напрыклад, нам трэба было рабіць МРТ, і дзіцячы шпіталь такой тэхнікі не мае. Мы запісваліся ў гарадскую бальніцу, і тое – з вялікімі цяжкасцямі, бо гэта адзіны апарат на горад. Не стае сучасных апаратаў угд», – распавяла Ганна.

Таму Бабруйску патрэбны новы сучасны шпіталь. Тым больш што ў хуткую рэканструкцыю існага людзі ўжо слаба вераць.

«Цягам дзевяці  гадоў мы чуем абяцанні пра рамонт дзіцячага шпіталя. Збіралі грошы і з прадпрыемстваў, і дабрачынны рахунак быў адчынены, і нічога не зроблена дагэтуль, – кажа Ганна Ліннік. – Зараз улады абвесцілі, што да 2021 чакаюць ад нас прапановаў, што б мы хацелі бачыць у горадзе, якія змяненні. Я лічу, што самае неабходна для нас – сучасны дзіцячы шпіталь. Гэта, канешне, добра, калі будуюцца лядовыя палацы, адкрываюцца нейкія паркі, і на гэта выдзяляюцца грошы. Але адначасова нібыта не бачаць аднаго з самых галоўных аб’ектаў, які патрэбен жыхарам горада і раёна».

Дзіцячы шпіталь – у радзільны дом, гінекалогію – у анкадыспансэр

бабруйчане, збіраюць подпісы, будаўніцтва дзіцячага шпіталя

бабруйчане, збіраюць подпісы, будаўніцтва дзіцячага шпіталяЗа тыдзень Ганна і ейныя аднадумцы сабралі больш за 150 подпісаў. Збор будзе працягвацца. На пачатку снежня актывісты хочуць правесці сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады па гэтым пытанні. А ўжо ў гэты панядзелак, 19 лістапада, спадарыня Ліннік будзе размаўляць з адміністрацыяй дзіцячага шпіталя. Актывістка спадзяецца даведацца пра рэальны стан з рэканструкцыяй, а таксама атрымаць падтрымку медыкаў сваёй ініцыятывы.

Медсястра, якая працуе ў шпіталі, распавяла, што рэканструкцыя неўзабаве ўсё ж пачнецца. Ужо ў гэтым месяцы мусіць адбыцца пераезд шпіталя на базу гінекалагічнага аддзялення ў радзільным доме. Сама ж гінекалогія адтуль будзе пераведзена ў анкалагічны дыспансэр у Кісялевічах. Паводле словаў медсястры, ніхто з супрацоўнікаў шпіталя незадаволены такім рашэннем.

Бабруйскі дзіцячы шпіталь быў пабудаваны ў 1963 годзе. Адзіны рамонт быў праведзены ў 80-я гады. Шпіталь разлічаны на 150 койка-месцаў. Ён абслугоўвае не толькі Бабруйск і Бабруйскі раён, але і чатыры суседных раёна.

Летась бабруйскія ўлады абвесцілі дабрачынны марафон па зборы сродкаў на рэканструкцыю шпіталя. У выніку сабралі каля 300 тысяч беларускіх рублёў. Яшчэ прыблізна 200 тысяч рублёў выдзялілі з бюджэта. «Беларусбанк» ахвяраваў 250 тысяч рублёў на закупку дзіцячага рэанімабіля.

Агулам на рэканструкцыю патрэбна 8 мільёнаў 156 тысяч беларускіх рублёў.

Падрабязней пра збор подпісаў за пабудову новага шпіталя глядзіце ў нашым відэасюжэце.

 

Марына Міхневіч