Домой Главные новости Бабруйчане прапанавалі ўнесці ў генеральны план горада аднаўленне касцёла

Бабруйчане прапанавалі ўнесці ў генеральны план горада аднаўленне касцёла

бабруйчане прапанавалі, унесці ў генеральны план горада, аднаўленне касцёла, аддзел архітэктуры Актывісты ініцыятывы «Вернем бабруйскаму касцёлу гістарычны выгляд» падалі ў аддзел архітэктуры прапанову – адбудаваць знішчаную камуністамі вежу храма.

«Мы, жыхары Бабруйска і парафіяне парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прапануем уключыць у генеральны план забудовы Бабруйска аднаўленне і вяртанне гістарычнага выгляда адзінаму бабруйскаму неагатычнаму касцёлу, што знаходзіцца па адрасе: вул.Кастрычніцкая, 121, а таксама кансервацыю найстарэйшага будынку Бабруйска – былога езуіцкага касцёла, што знаходзіцца на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 2 катэгорыі», – гаворыцца ў звароце.

Актывісты распавялі ў заяве, як не першы год вядуцца перамовы з уладамі аб зносе прыбудовы да касцёла і поўным вяртанні святыні парафіянам, і як для гэтага заўсёды знаходзяцця нейкія перашкоды.

бабруйчане прапанавалі, унесці ў генеральны план горада, аднаўленне касцёла, аддзел архітэктуры Аўтары прапановы падкрэсліваюць, што аднаўленне касцёла прынесла б гораду значную карысць: «Мы лічым, што аднаўленне касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі мусіць быць адным з прыярытэтных пытанняў у планаванні будучага выгляду Бабруйска. Будынак касцёла – адзіны неагатычны помнік у Бабруйску. Але ён схаваны за прыбудовай ААТ «Бабруйскбудкомплекс». Вяртанне першапачатковага выгляду касцёла прынесла б гораду значную карысць. Адноўлены, храм стаў бы сапраўдным упрыгожаннем архітэктурнага ансамбля горада. Касцёл і цяпер выклікае вялікую цікаўнасць у турыстаў. Без пяціпавярховіка замест фасаднай вежы ён мог бы стаць візітнай карткай горада і месцам, куды найперш паедуць госці Бабруйска».

Да прапановы актывісты прыклалі амаль 500 подпісаў за аднаўленне касцёла, якія збіралі на пачатку вясны бягучага года.

Таксама аўтары зварота прапануюць не забывацца на самы стары будынак Бабруйска – былы езуіцкі касцёл, што знаходзіцца на тэрыторыі крэпасці. У прапанове гаворыцца пра неабходнасць ягонай кансервацыі.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны ў 1906 годзе. У 1968 годзе фасад храма быў забудаваны пяціпавярховікам, у якім размесцілася адміністрацыя Бабруйскага будаўнічага камбіната (з 2012 года – ААТ «Бабруйскбудкомплекс»). Не так даўно «Бабруйскбудкомплекс» прызнаны банкротам і будзе ліквідаваны да  верасня 2018 года. Адміністратыўны будынак плануецца выставіць на аўкцыён. Парафіі прапануюць набыць яго на агульных умовах.

З 22 верасня па 16 кастрычніка 2017 года ў аддзеле архітэктуры Бабруйскага гарвыканкама праходзіла грамадскае абмеркаванне генеральнага плана забудовы Бабруйска. У гэты час любы зацікаўлены гараджанін мог падаць свае заўвагі ці прапановы адносна плана.

17 кастрычніка 2017 года а 12-й гадзіне ў 210 кабінеце ў аддзеле архітэктуры Бабруйскага гарвыканкама адбудзецца прэзентацыя генеральнага плана.

 

Марына Міхневіч