Домой Видео Бабруйчане паглядзелі нямое кіно і патанчылі

Бабруйчане паглядзелі нямое кіно і патанчылі

Тайм-клуб «13:87»  на вечар пераўтварыўся ў селянскі клуб першай паловы мінулага стагоддзя.

3 лістапада у бабруйскай Крэатыўнай прасторы «13:87» адбылася прэм’ера фільма «Чароўныя нажнічкі». Гэта – нямое чорна-белае кіно, знятае з добрым густам у стылістыцы першага сінематографа аматарамі з Барысава.

Крыху містычную гісторыю пра краўца і ягоныя прыгоды зараз немагчыма знайсці ў сеціве. Поўнаметражную гадзінную кінастужку можна паглядзець толькі ў рэальнай прасторы пад жывое музычнае суправаджэнне, якое ажыцяўляюць музыкі з капэлы «Жыдовачка». І гэты крок поўнасцю апраўданы – простыя гісторыі, сыграныя акторамі-аматарамі, расказаныя наіўнай кінамовай з дапамогай жывой музыкі ствараюць магічны эфект прысутнасці, быццам бы ты знаходзішся ўнутры нейкай тэатральнай дзеі.

Фільм не з’яўляецца рэканструкцыяй жыцця барысаўскіх габрэяў,таму што сцэнар, насычаны гумарам і тонкай іроніяй, быў напісаны паводле яўрэйскіх казак. Аўтарка праекту, музыкантка, сцэнарыстка і рэжысёрка – Наталля Голава (Anna Avota). Дагэтуль дакрануцца да гэтага незвычайнага дзейства давялося гледачам з Барысава, Маладзечна і Магілёва. У планах барысаўскіх творцаў – наведванне іншых гарадоў Беларусі.

Аўтарка замаўлялася на ўдзел у нацыянальным конкурсе Менскага міжнароднага фестывалю «Лістапад». Яе карціну паглядзелі, вельмі пахвалілі, але ў конкурс не прынялі…

Амаль увесь саўндтрэк фільма танцавальны, таму вечарына адбываецца ў фармаце «кіно і танцы». І абсалютна лагічна натхнёныя наведвальнікі Тайм-клуба пасля прагляду і кароткага абмеркавання пачалі танчыць пад акампанемент усё тых жа музыкаў…

 

Антон Пуціла
Видэарэпартаж аўтара і Віктара Масаловіча

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя