Домой В регионе Бабруйчан запрашаюць на тэатралізаваны шпацыр па родных мясцінах Алеся Адамовіча

Бабруйчан запрашаюць на тэатралізаваны шпацыр па родных мясцінах Алеся Адамовіча

 шпацыр, Алесь Адамовіч, пасёлак, Глуша  шпацыр, Алесь Адамовіч, пасёлак, Глуша На такой экскурсіі вы дакладна яшчэ не былі! Упершыню можна будзе не толькі пабачыць аптэку, дзе працавала маці Алеся Адамовіча, дом, дзе жыла ягоная сям’я, прыпынак Адамовіча, але і акунуцца ў атмасферу твораў пісьменніка, убачыць і пачуць, пра што ён пісаў. Персанажы аповесцяў Адамовіча ажывуць на вачах экскурсантаў дзякуючы акторам Бабруйскага тэатра ім. В.Дуніна-Марцінкевіча і драматургу Вользе Прусак, якая напісала сцэнар адмыслова для шпацыра.

Калі: 10 лістапада, 15.00.

Ад’езд а 14-й ад тайм-клуба «1387».

Дзе: пасёлак Глуша Бабруйскага раёна. Пачатак –  на тэрыторыі «Музея рамёстваў» (пляцоўка, дзе праходзіць фестываль «Глушанскі хутарок»).

Алесь Адамовіч называў Глушу сваёй малой радзімай. Хоць нарадзіўся ён у зусім іншым месцы – у вёсцы Канюхі ў Менскай вобласці. Але з маленства жыў з бацькамі ў Глушы.

Алесь Адамовіч вядомы як яскравы публіцыст, які не баяўся падымаць самыя вострыя сацыяльныя, грамадскія, палітычныя пытанні. Шмат у чым менавіта дзякуючы Алесю Адамовічу беларусы і свет даведаліся праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і яе наступствы.

Пяру Адамовіча належаць такія кнігі, як «Вайна пад стрэхамі», «Хатынская аповесць», «Блакадная кніга» (у суаўтарстве з Д. Граніным), «Я з вогненнай вёскі» (у суаўтарстве з Я.Брылем і У. Калеснікам), «Vixi», сцэнар да фільма «Ідзі і глядзі» (рэжысёр – Элем Клімаў; у 2017 годзе фільм быў адзначаны ўзнагародай 74-га Венецыянскага кінафестываля) і шмат іншых твораў.

Падчас тэатралізаванага шпацыра экскурсанты пабачаць урыўкі з «Нямко», «Хатынскай аповесці», «Вайны пад стрэхамі», «Апошняй пастаралі», аповесці «Венера, або як я быў прыгоннікам».

Тэатралізаваны шпацыр па матывах твораў Алеся Адамовіча – частка праекта «Глуша Адамовіча», які сёлета перамог на рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў «Social weekend».

Удзел у экскурсіі – бясплатны. Будзе арганізаваны аўтобус з Бабруйска, але колькасць месцаў абмежаваная, таму просім запісвацца загадзя па тэлефоне: +375292418290 (Марына).

Таксама жадаючыя могуць дабрацца да Глушы на аўтобусе ад аўтавакзала.