Домой Аляксей Ненадавец Ахвяры, прынесеныя Вадзяніку

Ахвяры, прынесеныя Вадзяніку

(Заканчваем публікацыю. Глядзіце папярэднія блогі на тэму беларускай  дэманалогіі).

                          

У народнай творчасці захавалася нават меркаванне, чаму так шанаваў вадзянік свайго сябра млынара.

Мала таго, што гаспадар быў звязаны з нячыстай сілай, запрадаў ёй сваю душу, але ён жа яшчэ пастаянна прыносіў вадзяніку ахвяры, паднашэнні, таксама шанаваў, ледзьве не абагаўляў яго: «Вопытны млынар з вадзянога млына пры першых замаразках, калі вада пакрываецца тонкай коркаю ільда, апускае вадзяному пад кола кавалак сала, «каб калёсы не скрыпелі», як растлумачыў гэта стары млынар Рыгор Парэцкі (Халопенічы, Барысаўскі павет). А калі забіваюць свінню, то кідаюць і цэлае сцягно. Зрэшты непераборлівы вадзяны задавольваецца і часткаю свіных кішак, пакрытых кішэчным тлушчам. Не прынясі млынар гэтай ахвяры вадзяному, то не набярэшся змазкі для колаў, вадзяны будзе вылізваць яе з буксаў і злізваць з восяў і, акрамя таго, можа шмат нашкодзіць».

Млынары вадзяніку ў якасці ахвяры, прыносілі яшчэ: частку памолу, водку, барановыя галовы, пеўня, здохлых жывёлін, конскія галовы ці чарапы. Часам кідалі, у абавязковым спалучэнні, шыла, мыла і галаву пеўня. Сцвярджалі, што даўней кожны млынар імкнуўся прынесці чалавечую ахвяру, бо з млына надалей, маўляў, «толку ніякага не будзе».

У А. Афанасьева знаходзім наступнае сведчанне: «Млынары, каб вадзянік не парваў плаціны, аднойчы ў год прыносяць яму адкормленую чорную свінню; хто гэта не зробіць, таго ён замучвае падчас сну, а плаціну, напэўна, размые. Як певень, што служыў сімвалам агню, быў прысвечаны дамавіку і лічыўся лепшай для яго ахвярнай ежай, так гусь, прадстаўнік воднай стыхіі, прысвячаўся вадзяніку. Калі выкіне жар з коміна, то з мэтай захавання хаціны ад пажару апускаюць у яго жывога гуся: сродак гэты, паводле народнага, гэткі ж выратавальны, як і вада, што залівае агонь. Гусі і качкі ўсё лета жывуць на рэках, азёрах і вадаёмах пад наглядам і аховаю дзядулькі-вадзяніка, а на зіму пакідаюць замерзлыя воды. У палове верасня, калі становіцца адчувальным набліжэнне зімы, вадзяніку ахвяруюць гуся як развітальны падарунак – у падзяку за тое, што ахоўваў дамашніх гусей і качак на працягу лета».

А. Афанасьеў гаворыць пра гуся і не звяртае асаблівай увагі на тое, якой афарбоўкі ён быў – шэрай ці белай, і дарма, бо гэта ў такой адказнай справе надзвычай важна. Вадзянік надта ж любіў чорны колер: «Вадзянікі суадносяцца з чорным колерам: ім прыносілі ў ахвяру чорнага ката, чорнага пеўня, існаваў звычай трымаць на млыне чорных катоў і іншых жывёлін гэтай масці, якія даспадобы вадзяніку».

Трэба абавязкова мець на ўвазе, што калі, напрыклад, трымалі пеўня ці пеўняў на млынах, то абавязкова чорнага коле­ру. Справа ў тым, што міфолагі сцвярджаюць, што певень звязаны і з падземным светам. Тут вялікую ролю адыгрывае афарбоўка пеўняў: калі светлы, чырвоны певень звязваўся з агнём, сонцам, то чорны – з вадою, з падземным царствам і сімвалізаваў сабою суд Божы, які караў зло.

Так, Казьма Пражскі ў «Чэшскай хроніцы» (ХІ – ХІІ стст.) паведамляў аб звычаі хадзіць да крыніц і забіваць там чорных пеўняў і чорных курэй, адначасова заклікаючы д’ябла.

Яшчэ ў ХІХ ст. існаваў звычай тапіць пеўняў і курэй у вадаёмах у Дзень святога Фейта. Вядомы таксама і абрад рускіх людзей, калі яны прыносілі ў ахвяру вадзяніку пеўня, якога жывым закопвалі ў зямлю, і звычай трымаць на вадзяных млынах чорных пеўняў і іншых жывёл чорнага колеру (напрыклад, катоў), бо гэты ко­лер лічыўся     свяшчэнным.

Сустракаецца ўказанне і яшчэ на некаторыя віды ахвяраванняў. Напрыклад: «У першыя замаразкі млынары ахвяроўвалі яму мяса, а ў некаторых месцах рыбакі звярталіся да яго з просьбаю паспрыяць лоўлі».

У А. Афанасьева зафіксавана: «У Архангельскай губерні пра прыбываючую ваду гавораць, што яна прыбывае і зажывае. У гэты ж час гняўлівага вадзяніка міласцівяць ахвярамі. Сяляне, сабраўшыся, купляюць кабылу, не вагаючыся ў кошце; тры дні адкармліваюць яе хле­бам і адыходамі канаплянага масла; потым спутваюць ёй ногі вяроўкай, на шыю прывязваюць два жарнавы, галаву абмазваюць мёдам, у грыву ўплятаюць чырвоныя каснікі і апоўначы апускаюць у апалонку (калі яшчэ стаіць лёд) ці топяць пасярод ракі (калі лёд сышоў). Тры дні чакае вадзянік гэтага гасцінца, час ад часу паказваючы сваё незадавальненне калыханнем вады і глухім стогнам. Задобраны паднашэннем, ён супакойваецца».

Вядома ж, шанавалі вадзяніка і рыбакі. «Ідучы на рыбалку, спрактыкаваны рыбак ніколі не адкажа на пытанне сустрэчнага, што ён ідзе лавіць рыбу, так як вадзянік любіць сакрэты і паважае людзей, якія ўмеюць захоўваць таямніцу.

Некаторыя старыя рыбакі даводзяць свае пачастункі вадзяніку да таго, што кідаюць яму крышачку табакі («На табе, вадзянік, табакі: давай мне рыбку») і з той жа мэтай подкупу падкурваюць снасць багародскай траўкай». Здаралася, што згадваліся куды больш значныя ахвяры, якія прыносіліся вадзянікам не адным чалавекам, а цэлым калектывам рыбакоў: «Рыбакі частуюць вадзяніка, патапляючы пры гэтым (чужую) кабылу: вось табе, дзядулька, пачастунак на наваселле – любі ды шануй нашу сям’ю».

Нядзіўна, што «ў сваёй роднай стыхіі вадзянік непераможны, а на зямлі сіла яго значна слабее. Гаспадар ведаў, ён па ўсёй іх прасторы валодае рыбай і іншымі жывёламі, якія толь­кі там водзяцца; усё, што ні здараецца на рэках, вадаёмах ці азёрах, робіцца па яго волі: ён ахоўвае плыўца ў бурнае надвор’е, дае рыбаку багаты ўлоў, глядзіць за яго невадамі і брэднямі і ў той жа час, паводле разбуральных уласцівасцей адлюстроўваемай ім стыхіі, схільны да злых учынкаў.

Усе беды на вадзе бываюць ад яго: ён заклікае плыўцоў у небяспечныя мясціны, перакульвае чаўны, размывае грэблі і плаціны, псуе рыбацкае прычындалле і палохае жывёлу на вадапоі. Здараец­ца, што рыбакі, выцягваючы невад, выцягваюць разам з ры­бай і вадзянога дзеда, які ў той жа час разрывае сець, нырае ў ваду і ўслед за гэтым выпускае ўсю злоўленую рыбу. Адзін рыбак, заўважыўшы, што па рацэ плыве цела тапельца, узяў  яго ў човен, але ў жаху ўбачыў, што мярцвяк ажыў: ускочыў, зарагатаў і кінуўся ў букту. Так пажартаваў з ім вадзянік».

А. Афанасьеў сцвярджаў: «Асацыяцыя дажджу з мёдам прымусіла прызнаць вадзяніка ахоўнікам пчалаводства; з даўніх часін першы адроены рой сабраць у мех, прывязаўшы да яго камень, тапіць у рэчцы ці ў вадаёме – у ахвяру вадзяніку; хто так зробіць, у таго будзе заўсёды шмат пчол».

Паводле другога рускага вуснапаэтычнага падання, самі пчолы з’явіліся на свеце наступным чынам: «Аднаго разу, пад вечар, рыбакі закінулі ў возера свой невад і чакалі, што выцягнуць добры ўлоў. Але на гэты раз выйшла ўсё наадварот, у невадзе быў толькі адзін пчаліны рой, ад якога і распладзіліся астатнія пчолы».

Толькі вось мёд вадзяніка мае, адпаведна, вадзяністы прысмак, а соты – не крыжападобныя, як у звычайных пчолак, а круглыя. Ноччу, напярэдадні першага Спаса – «мядовага» – пчаляры адорвалі вадзяніка, прыносілі ў падарунак першыя раі пчол і соты, іх кідалі ў ваду ці бліжэйшую балаціну.

Патрыярхальны чалавек, назіраючы за з’явамі прыроды, спрабуючы аналізаваць прыродныя стыхіі, ці то сам таго не ўсведамляючы, ці то, наадварот, свядома выдумваў сабе для лягчэйшага разумення і тлумачэння ўсіх гэтых з’яў шматлікіх дэманалагічных істот, якіх надзяляў цудадзейнымі ўласцівасцямі. Праўда, з цягам гадоў, а дакладней, стагоддзяў, гэтыя міфалагічныя персанажы страцілі большую частку сваіх найбольш моцных якасцей, застаючыся ў народнай свядомасці казачнымі героямі ці персанажамі жартоўных жанраў фальклору.

Да іх і стаў адносіцца ўсёмагутны некалі вадзянік.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя