Домой Видео Ахвяраванні бабруйчан ці інвестары? Хто ўратуе Бабруйскую крэпасць?

Ахвяраванні бабруйчан ці інвестары? Хто ўратуе Бабруйскую крэпасць?

Пра сучасны стан і перспектывы самага каштоўнага бабруйскага помніка даўніны – крэпасці над Бярэзінай – «Бабруйскі кур’ер» паразмаўляў з прадстаўнікамі гарадской улады, экспертамі і гараджанамі.

Абяцанкі: храналогія

 хто ўратуе Бабруйскую крэпасць? ахвяраванні бабруйчан ці інвестары? "Бабруйскі кур’ер", Антон Астаповіч, старшыня таварыства аховы помнікаў

Бабруйская крэпасць узводзілася напярэдадні вайны з Напалеонам, пачынаючы з 1810 года, на месцы старажытнага горада. Там, адкуль Бабруйск некалі пачынаўся. У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь яна мае другую катэгорыю, што значыць «каштоўнасць рэспубліканскага значэння».

 хто ўратуе Бабруйскую крэпасць? ахвяраванні бабруйчан ці інвестары? "Бабруйскі кур’ер", Антон Астаповіч, старшыня таварыства аховы помнікаў

Абяцанні, што крэпасць вось-вось будзе адноўлена, бабруйчане чуюць ужо даўно. Так, дзяржаўнай праграмай «Культура Беларусі» на 2011-15 гады было прадугледжана адкрыццё гісторыка-культурнага музейнага комплекса «Бабруйская крэпасць». На рэалізацыю праграмы ў Магілёўскай вобласці з бюджэта выдзялялася каля 145 мільярдаў недэнамінаваных беларускіх рублёў.

Тады ж, у 2011 годзе, помнік уключылі ў «Спіс аб’ектаў рэстаўрацыі – гісторыка-культурных каштоўнасцящ РБ» з арганізацыяй на іх базе турыстычнай інфраструктуры. Спіс быў зацверджаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Падкрэслівалася, што гэта – асобная дзяржаўная праграма, якая прадугледжвае фінансаванне з рэспубліканскага бюджэта. Былі вызначаныя тэрміны рэстаўрацыі Бабруйскай крэпасці – з 2012 па 2017 гады.

На сайце гарвыканкама можна прачытаць, што да 2015 года павінен быў рэалізавацца першы этап праекта рэгенерацыі крэпасці, які распрацоўваў БелНДІП горадабудаўніцтва. Другі этап гэтага праекта мусіць быць скончаны да 2025 года. http://bobruisk.by/gorod/fortress/?curPos=2

У 2013 годзе бабруйскія СМІ пісалі, што распрацоўка праектна-сметнай дакументацыі праекта «Аднаўленне земляных умацаванняў і рэстаўрацыя фартыфікацыйных збудаванняў помніка архітэктуры другой катэгорыі «Бабруйская крэпасць» завершаная https://komkur.info/gorodskaja-zhizn/krepis-krepost/. Хутка мусіла пачацца праца над трэцім палігонам (частка крэпасці каля Лядовага палацу). У інвестыцыйнай праграме аблвыканкама на 2013 год нават сродкі на гэтыя працы закладаліся.

У кастрычніку бягучага года, на прэзентацыі новага генеральнага плана горада да 2030 года, бабруйчане пачулі, што аднаўленне крэпасці адкладаецца на неакрэслены тэрмін. Прычыны – не стае сродкаў. Таму ўсё, што ў крэпасці плануецца рабіць бліжэйшым часам – гэта кансервацыя. http://babruysk.by/u-bobrujska-net-ni-silueta-ni-lica/

Ахвяраваць на крэпасць бабруйчане не спяшаюцца

У той жа час, у лістападзе бягучага года бабруйскі гарвыканкам зноў абвесціў пра адкрыццё дабрачыннага рахунка па зборы сродкаў на аднаўленне бабруйскай крэпасці. Зноў, бо гэтая навіна раз-пораз з’яўляецца ўжо цягам шасці гадоў. Упершыню такі рахунак быў адкрыты ў 2011 годзе пры аддзеле культуры гарвыканкама, патлумачыла дырэктарка Бабруйскага краязнаўчага музея Наталля Арцёмчык. Але ў 2012 годзе рахунак быў закрыты і адкрыты наноў пры музеі, за якім замацаваныя 19 аб’ектаў крэпасці.

Заклік у рэкламе дабрачыннага рахунка абяцае рэстаўрацыю крэпасці і стварэнне на ейнай тэрыторыі музейнага комплексу. Ці зробяць бабруйчане сваімі сіламі і гаманцамі тое, што не здолелі зрабіць рэспубліканскі і мясцовы бюджэты?

Старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў зазначыў, што грошы на рахунак паступаюць «мінімальныя» і «акумулююцца ў адным месцы». У той жа час у аддзеле ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі нам сказалі, што пакуль не паступіла ні капейчыны.

Фінансаваць крэпасць цягам апошніх гадоў спрабавалі і адмысловай латэрэяй «Твая ўдача». Праводзілася яна з 2012 па 2016 гады. Як распавяла загадчыца сектара культуры аддзела ідэалагічнай працы Вольга Алейнік, усе атрыманыя з латэрэі сродкі пайшлі на аплату праекта «Аднаўленне земляных умацаванняў і рэстаўрацыя фартыфікацыйных збудаванняў» для трэцяга палігона крэпасці, які распрацоўвае ААТ «Белпраектрэстаўрацыя».

Начальніца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Таццяна Гарбачова спадзяецца, што дабрачынны рахунак усё ж будзе папаўняцца.

«Бабруйская крэпасць – гэта важны турыстычны, экскурсійны аб’ект для горада, таму мы разлічваем, што атрымаецца прывабіць спонсараў. Зразумела, што гэта справа добраахвотная. Кожны мусіць сам вырашыць, хоча ён падтрымаць такую важную для горада справу, ці не, –зазначыла Таццяна Гарбачова. – Мы заклікаем неабыякавых грамадзянаў. Сярод тых, хто перш за ўсё нас падтрымае, я думаю, будуць установы культуры. Таму што там працуюць людзі, што лепш за ўсіх разумеюць значнасць гісторыка-культурнай спадчыны».

«Бабруйская крэпасць – вялікі клопат для горада, але мы з аптымізмам глядзім у будучыню»

Паводле Вольгі Алейнік, на сённяшні дзень праект па аднаўленні трэцяга палігону гатовы на 75%.  Калі даробяць яшчэ 25% – невядома. На рэалізацыю праекта грошай не хапае. Толькі на частку запланаваных працаў патрэбна сем з паловай мільёнаў беларускіх рублёў (дэнамінаваных), зазначыла загадчыца сектара культуры.

У першую чаргу вырашылі аднаўляць менавіта трэці палігон, бо ён захаваўся лепш за ўсё, патлумачыла начальніца аддзела ідэалагічнай працы.

«Трэці палігон зручней за ўсё для агляду, там добрая пляцоўка, моставае збудаванне, элементы так званай Мінскай брамы. Маюцца чарцяжы, па якіх гэта ўсё можна аднавіць», – дадала дырэктарка музея.

Паводле Наталлі Арцёмчык, у выглядзе крэпасці горад атрымаў насамрэч вялікі клопат.

«Калі ў іншых гарадах каштоўных аб’ектаў адзін, два, тры, то тут мы маем 49. І гэта толькі тыя, што фармуюць гісторыка-культурную каштоўнасць. А ўвогуле будынкаў у складзе крэпасці значна больш», – падкрэсліла спадарыня Наталля.

Адзін з гэтых будынкаў – былы езуіцкі касцёл 18 стагоддзя.

 хто ўратуе Бабруйскую крэпасць? ахвяраванні бабруйчан ці інвестары? "Бабруйскі кур’ер", Антон Астаповіч, старшыня таварыства аховы помнікаў

Самае старое збудаванне ў горадзе, адзіны сведка старажытнага Бабруйска, таго, які быў яшчэ да пабудовы крэпасці. Але рэстаўрацыя былога касцёла не плануецца нават на аддалены час. Паводле Наталлі Арцёмчык, будынак закансерваваны і чакае інвестараў, спонсараў, «сваёй гадзіны».

«А мы пакуль з аптымізмам глядзім у будучыню», – рэзюмавала Наталля Арцёмчык.

Не паддаецца песімыстычнаму настрою і Таццяна Гарбачова.

«Мы ж бачым, як актыўна сёння ў Беларусі ідзе рэстаўрацыя гісторыка-культурных каштоўнасцей. І мы ўпэўненыя, што і бабруйская крэпасць будзе адноўлена, і не толькі пры ўдзеле бабруйскга гарвыканкама, але таксама са сродкаў міністэрства культуры, – кажа начальніца аддзела ідэалагічнай працы. – Не трэба казаць, што ўсё дрэнна, што нічога не будзе. Трэба ісці наперад больш упэўнена, паслядоўна, запрашаць партнёраў, людзей, якім гэта цікава, для якіх гэта важна – укладаць сродкі ў гісторыка-культурную спадчыну».

Спадарыня Таццяна зазначыла, што сёння ёсць дзве праблемы, якія трэба вырашаць у першую чаргу – закрыць доступ у крэпасць асобам асацыяльнага ладу жыцця і забяспечыць бяспеку наведвальнікаў. Дзеля гэтага часткова закрываюцца ўваходу, вокны, а праваахоўныя органы сёлета ўзмацнілі патруляванне на тэрыторыі крэпасці.

Акрамя, паводле спадарыні Таццяны, сёння выканкам, а таксама адукацыныя ўстановы горада, сваімі сіламі спрабуюць захаваць хоць тое, што маем. Навучэнцы і валанцёры ладзяць у крэпасці суботнікі, прыбіраюць смецце.

«Важна, каб кожны гэтым зацікавіўся, – кажа начальніца аддзела ідэалагічнай працы. – Гэтай восенню мы прыходзілі наводзіць парадак у крэпасці двойчы на месяц. І кожны раз у адных і тых жа месцах, якія мы ўжо прыбіралі, мы знаходзілі бутэлькі, смецце, колы нават».

Гарадскія ўлады шукаюць ідэі, якія маглі б дапамагчы ўдыхнуць жыццё ў крэпасць. Старшыня гарвыканкама Аляксандр Студнеў не так даўно прапанаваў зрабіць на тэрыторыі помніка лыжнаролерную трасу ці музей камянёў. Аддзел ідэалагічнай працы плануе на 2018 год шэраг мерапрыемстваў на крэпасці.

Старшыня таварыства аховы помнікаў: трэба мяняць сістэму

Незалежныя эксперты ў галіне аховы спадчыны лічаць, што дабрачынны рахунак нічым крэпасці не дапаможа, і гэта не тая мера, што найперш мусяць прымаць гарадскія ўлады.

 хто ўратуе Бабруйскую крэпасць? ахвяраванні бабруйчан ці інвестары? "Бабруйскі кур’ер", Антон Астаповіч, старшыня таварыства аховы помнікаў
Фота з http://budzma.by/

«Уявіце сабе аб’ём капіталаўкладанняў у рэстаўрацыю хаця б аднаго будынка А тут цэлы ансамбль! Тут патрэбныя такія каласальныя сродкі, што ніводзін дабрачынны рахунак не дапаможа, – кажа старшыня Дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. – Гэты крок зроблены проста, каб паказаць – мы нешта робім, мы апякуемся Бабруйскай крэпасцю».

Што ж тады дапаможа? Рэцэпт Антона Астаповіча просты – трэба мяняць сістэму.

«Змяніць дзяржаўны падыход да гісторыка-культуных каштоўнаўсцяў, усю сістэму кіравання дзяржаўнай маёмасцю, цэлы шэраг нарматыўна-прававых актаў для таго, каб інвестар зацікавіўся гэтымі аб’ектамі, – пералічвае спадар Астаповіч захады, якія трэба прымаць найперш. – У нас жа няма ні падаткавых ільгот, нічога. А плюс яшчэ спрабуюць спаганяць 6% з прыбытку, калі ў камерцыйнай структуры ва ўласнасці гісторыка-культурная каштоўнасць».

Што да ўсіх планаў рэгенерацыі крэпасці, у тым ліку наконт лыжнаролернай трасы, якую прапанаваў старшыня гарвыканкама, Антон Астаповіч кажа, што любыя праекты мусяць выконвацца паводле нарматываў і заканадаўства аб ахове спадчыны.

«Але чым дапаможа лыжнаролерная траса крэпасці?» – задаецца пытаннем спадар Антон.

Паводле старшыні Таварыства аховы помнікаў, над аднаўленнем Бабруйскай крэпасці павінна працаваць добрая экспертная група. Трэба распрацаваць дэтальны праект, а ў ім не забыцца ўлічыць усе перспектыўныя паказнікі і рызыкі. Праект мусіць паказаць, як спалучыць будынкі крэпасці 19 стагоддзя з пазнейшымі казарменнымі збудаваннямі. Бо апошніх там шмат, і з імі таксама трэба нешта рабіць.

«А пакуль няма комплекснага падыходу да гэтай тэрыторыі, усе размовы – што там рабіць, проста беспрадметныя», – рэзюмаваў Антон Астаповіч.

Ці гатовыя бабруйчане ахвяраваць грошы на крэпасць? І што б яны хацелі ў ёй бачыць? Глядзіце ў нашай відэапытанцы.

 хто ўратуе Бабруйскую крэпасць? ахвяраванні бабруйчан ці інвестары? "Бабруйскі кур’ер", Антон Астаповіч, старшыня таварыства аховы помнікаў

 хто ўратуе Бабруйскую крэпасць? ахвяраванні бабруйчан ці інвестары? "Бабруйскі кур’ер", Антон Астаповіч, старшыня таварыства аховы помнікаў

 хто ўратуе Бабруйскую крэпасць? ахвяраванні бабруйчан ці інвестары? "Бабруйскі кур’ер", Антон Астаповіч, старшыня таварыства аховы помнікаў

 хто ўратуе Бабруйскую крэпасць? ахвяраванні бабруйчан ці інвестары? "Бабруйскі кур’ер", Антон Астаповіч, старшыня таварыства аховы помнікаў

 хто ўратуе Бабруйскую крэпасць? ахвяраванні бабруйчан ці інвестары? "Бабруйскі кур’ер", Антон Астаповіч, старшыня таварыства аховы помнікаў

 хто ўратуе Бабруйскую крэпасць? ахвяраванні бабруйчан ці інвестары? "Бабруйскі кур’ер", Антон Астаповіч, старшыня таварыства аховы помнікаў

 

Марына Маўчанава

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя