Домой Общество Аляксандр Лукашук: «Свабода» — нешта значна большае, чым радыё…» (Відэа)

Аляксандр Лукашук: «Свабода» — нешта значна большае, чым радыё…» (Відэа)

Аляксандр ЛукашукАляксандр Лукашук

У адным з нумароў газеты (БК 25 ад 23 чэрвеня) мы ўжо паведамлялі, што 17 чэрвеня, напярэдадні 86-га дня народзінаў пісьменніка Васіля Быкава, у Бабруйску адбылася прэзентацыя новага выдання «Радыё Свабода» мультымедыйнага дыска «Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому». Прадставіць новы дыск прыехаў з Прагі шэф-рэдактар беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук. Зразумела, мы не маглі адмовіцца ад магчымасці паразмаўляць з такім госцем

Я вельмі рад быць у Бабруйску, таму што адсюль мы часта атрымліваем на «Радыё Свабода» лісты, званкі і «імэйлы». Мы ведаем што тут (і ў горадзе, і побач з ім) у нас ёсць аўдыторыя ў тым ліку і чытачы вашай газеты. Часам, калі бачым нешта цікавае на вашым сайце, ці ў газеце, мы звяртаемся да гэтай тэмы, каб распавеці слухачам з усёй Беларусі. За вашу прафесійную працу мы вельмі ўдзячны!.. Зараз беларуская служба «Радыё Свабода» месціцца ў Празе і вядзе вяшчанне на працягу васьмі гадзін штодня, а таксама 20 гадзін на сайце праз інтэрнэт. «Свабода» зараз нешта значна большае, чым проста радыё. Гэта і фота, і відэа, і тэксты, і графіка, і самае галоўнае ўдзел аўдыторыі ў фармаванні таго, што будзе ў эфіры. Паняцце «народная журналістыка», ці «грамадзянская жур-налістыка» для нас сталі вельмі важнымі пасля выбараў 1996 года. Менавіта тады мы сталі адкрытымі для грамадзянска актыўнай аўдыторыі, сказалі, што гэта радыё мы робім разам і змянілі свой слоган; ён стаў гучаць так: «Твой голас голас Свабоды». Правы чалавека, свабода слова нашы цэнтральныя тэмы, таксама пытанні нацыянальнай культуры для нас вельмі важныя У нас невялікая рэдакцыя: 12 чалавек працуе ў Празе і каля дзвюх дзесяткаў журналістаў на сталай аснове, ці час ад часу дапамагае ствараць інфармацыйныя праграмы.

Аляксандр, калі ласка, трохі падрабязней аб тым, з якой нагоды вы тут? З чым прыехалі да нас?

У Бабруйску ўпе-ршыню. Для таго, каб сустрэцца з слухачамі, з людзьмі, пра каторых мы вельмі часта распавядаем у нашых перадачах, якія ўяўляюць сабой вельмі важную грамадзянскую супольнасць. Гэта людзі, якія працуюць у незалежных грамадзянскіх арганізацыях, у друку, старыя людзі, якім баліць за тое, што адбываецца ў краіне Вядома, для нас гэта вялікая радасць прыехаць і расказаць, што і для чаго мы робім, прывезці некаторыя нашыя падарункі.

Што гэта за падарункі?

«Радыё Свабода» гэта не толькі радыёперадачы, нас не толькі можна пачытаць на інтэрнэт-сайце і пабачыць на тэлеканале «Белсат». Але таксама некаторыя нашыя прадукты мы выпускаем, як кнігі. Ужо выйшла каля 20-ці кніг у серыі «Бібліятэка Свабоды». Вельмі важныя сярод іх кнігі нашых аўтараў, вельмі вядомых людзей, якія гучалі на хвалях «Радыё Свабода». Я зараз гавару пра Васіля Ўладзіміравіча Быкава. Упэўнены, што ў Бабруйску ёсць шмат людзей, якія ўжо доўгі час жывуць з імем Быкава, якія звязваюць з ім тое лепшае, што ёсць у Беларусі Васіль Уладзіміравіч быў добрым сябрам «Свабоды», часта гучаў у нашым эфіры. Мы выдалі дзве кнігі «Быкаў на «Свабодзе», а зараз з’явіўся аўдыёдыск амаль шэсць з паловай гадзін быкаўскага голасу, дзе ён чытае свае мемуары «Доўгая дарога дадому».

Некалькі слоў хацелася б пачуць аб тым, як з’явіўся гэты дыск?

Васіль Быкаў не вельмі пагаджаўся расказваць аб сябе і пісаць мемуары. За 20 гадоў нашага знаёмства я не аднойчы задаваў яму пытанне: «А калі з’явяцца вашы мемуары франтавыя і літаратурныя? Бо існуе традыцыя пісаць такія мемуары, тым больш, калі ты добра ведаў такіх людзей, як Твардоўскі і Салжаніцын, шмат сустракаўся са знакамітымі людзьмі падчас сваіх замежных падарожжаў. Вядомая яго роль і ў працэсе набыцця незалежнасці, у падзеях 1991 года. Яго ведаў і высока цаніў вялікі рускі дысідэнт Андрэй Сахараў Ён доўгі час адмаўляўся, не хацеў пісаць мемуары, але аднойчы, калі ён ужо жыў у Франкфурце, на чарговае маё пытанне, нечаканна адказаў: «Вы ведаеце, хутка сканчваю» Мы за гэта зачапіліся, і вось аднойчы ў нашай штаб-кватэры ў Празе мы атрымалі вялікі рукапіс з мемуарамі. Я быў першым чытачом гэтай кнігі, за выключэннем ягонай жонкі Ірыны Міхайлаўны, і мне стала зразумела, што яе нельга чытаць дыктару, ці журналісту. Гэта асабістая кніга і яе мусіць прачытаць сваім голасам сам аўтар. Мы доўгі час угаворвалі яго, ён спачатку адмаўляўся, быццам бы ў вас ёсць добрыя хлопцы і дзяўчынкі, але ўсё ж пагадзіўся. Ён прыехаў да нас, цэлы тыдзень прыходзіў у студыю, садзіўся каля мікрафона і пачыналася чытанне І вось яно зараз вяртаецца да тых, хто ўжо любіць, або яшчэ палюбіць Быкава.

Падаецца, што вы набылі сапраўдны скарб!.. Я не ведаю, ці ёсць яшчэ прыклады, калі ў аўдыёфармаце можна пачуць голас жывога Быкава?

Вы ведаеце, нават за савецкім часам Быкаў не вельмі ахвотна чытаў свае творы, ды і яго не так часта запрашалі для гэтага на радыё і тэлебачанне. Кнігі выходзілі, але прыкладаў запісаў з чытаннем твораў няма. Але, я мушу сказаць, што існуе яшчэ адна калекцыя запісаў Быкава, якія рабіла дома яго жонка Ірына Міхайлаўна. Час ад часу дома ён чытаў свае невялікія творы, але ў такім аб’ёме, вашая ацэнка сапраўды вельмі трапная, гэта скарб, які цяпер належыць усім Першае месца, куды мы завезлі гэты дыск Горадня, месца, дзе пачынаўся творчы шлях народнага пісьменніка. Сёння мы па другі бок ад сталіцы у Бабруйску, а 21 чэрвеня, у дзень народзінаў Васіля Быкава, сустрэнемся з тымі, хто добра яго ведаў, і будзем таксама слухаць яго голас.

Антон ПУЦІЛА. Фота аўтара

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя