Домой Видео Альгерд Бахарэвіч: «Наша Беларусь яшчэ не прачытаная светам»

Альгерд Бахарэвіч: «Наша Беларусь яшчэ не прачытаная светам»

7 верасня ў тайм-клубе «1387» вядомыя пісьменнікі Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева паразмаўлялі з бабруйчанамі пра беларускую літаратуру.

Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева – літаратары, публіцысты, перакладчыкі, а апрача гэтага – муж і жонка. У Бабруйску свае кнігі яны прэзентавалі ўпершыню. Сустрэча прайшла пры падтрымцы интэрнэт-выдання  «Бабруйскі кур’ер».

Альгерд Бахарэвіч нарадзіўся 31 студзеня 1975 года ў Менску. Як ён сам пра сябе сказаў, на свой узрост ён ужо паспеў выдаць больш кніг, чым іншыя беларускія пісьменнікі. Бахарэвіч – аўтар кніг прозы «Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў»(2002), «Натуральная афарбоўка» (2003), «Праклятыя госці сталіцы» (2008), «Сарока на шыбеніцы» (2009), «Дзеці Аліндаркі» (2014), «Белая муха, забойца мужчын» (2015) ды іншых. Ён пераклаў на беларускую мову Вільгельма Гаўфа «Халоднае сэрца» ды напісаў да яе раман-пасляслоўе. Некаторыя творы Бахарэвіча перакладаліся на нямецкую, чэскую, украінскую, балгарскую, славенскую, расейскую мовы. Апошні раман Бахарэвіча – «Сабакі Еўропы» – фаліянт на 900 старонках – выйшаў у 2018 годзе. Урыўкі з яго пісьменнік зачытваў падчас сустрэчы з бабруйчанамі.

Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, тайм-клуб "1387", вядомыя пісьменнікі, Бабруйск

Юлія Цімафеева – паэтка, перакладчыца. Нарадзілася ў 1982 годзе на Брагіншчыне. Цяпер жыве ў Менску. Аўтарка зборнікаў паэзіі «Кніга памылак» (2014),  «Цырк» (2016). Апошні паэтка прэзентавала бабруйчанам.

Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, тайм-клуб "1387", вядомыя пісьменнікі, Бабруйск

Юлія Цімафеева – адна са стваральніц інтэрнэт-часопіса перакладнай літаратуры «ПрайдзіСвет». Перакладала прозу і паэзію шматлікіх аўтараў з ангельскай, нямецкай, гішпанскай і партугальской моваў. Ейныя вершы таксама перакладзеныя на некалькіх замежных моваў.

Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, тайм-клуб "1387", вядомыя пісьменнікі, Бабруйск

Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, тайм-клуб "1387", вядомыя пісьменнікі, БабруйскПадчас імпрэзы Бахарэвіч і Цімафеева разважалі пра стан і лёс беларускай літаратуры. Спадар Альгерд заўважыў, што малыя наклады – у 500 ці дзве-тры тысячы асобнікаў – гэта праблема не толькі Беларусі. Па ўсім свеце зараз назіраецца зніжэнне цікавасці да немасавай літаратуры, людзі больш чытаюць у сеціве.

«Але я спадзяюся, што і праз 50-100 гадоў яшчэ будуць выдавацца кнігі, што будуць тыя вар’яты, фрыкі, якія будуць пісаць», – зазначыў Бахарэвіч.

Пра беларускую літаратуру пісьменнік выказаваў шкадаванне, што нашых аўтараў вельмі дрэнна ведаюць у свеце, мала перакладаюць. «Наша краіна яшчэ не прачытаная светам», – сказаў літаратар.

Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, тайм-клуб "1387", вядомыя пісьменнікі, Бабруйск

Падрабязней пра сустрэчу пісьменнікаў з бабруйчанамі глядзіце ў нашым відэасюжэце.

 

Марына Міхневіч
Фота, відэа: Віктар Масаловіч

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя