Домой Культура Альгерд Бахарэвіч: «На бабруйскіх вуліцах на мяне глядзелі так, нібы я амэрыканец…»

Альгерд Бахарэвіч: «На бабруйскіх вуліцах на мяне глядзелі так, нібы я амэрыканец…»

Альгерд Бахарэвіч, БабруйскВядомы беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч пасля творчай сустрэчы з бабруйчанамі ў тайм-клубе «1387» адказаў на некалькі нашых пытанняў. Прапануем іх вашай увазе.

– Распавядзіце, з чаго вы пачыналі літаратурную дзейнасць, што спрыяе натхненню?

– У школе, яшчэ да таго, як захварэў на так званую «беларушчыну», я пісаў вершы па-расейску. А потым, у 1990-м годзе, адкрыў для сябе затанулы кантынэнт пад назваю «Беларусь», адкрыў яе мову, культуру, гісторыю. І пачаў пісаць па-беларуску.

На першым курсе пэдагагічнага ўнівэрсытэту пазнаёміўся з маладымі літаратарамі, якія тады гуртаваліся вакол газэты «Чырвоная Зьмена» (мы казалі: «Крывавая»). І ў 1992-м у гэтай газэце выйшла невялікая падборка маіх вершаў, а затым у новаствораным часопісе «Першацьвет» – яшчэ адна.

Так усё і пачалося. У 90-я гады мы з маладымі менскімі авангардыстамі паспрабавалі зрабіць Маленькую Літаратурную Рэвалюцыю – заснавалі літаратурна-мастацкі рух «Бум-Бам-Літ», выдалі анталёгію «Тазік Беларускі», выступалі са сваімі скандальнымі тэкстамі, шумелі і эпатавалі публіку, публікаваліся ў газэтах і часопісах. Пра ўсё гэта я даволі падрабязна пішу ў сваёй кнізе «Мае дзевяностыя», якую можна чытаць онлайн на journalby.com. Бо гэта ўжо – гісторыя…

А ў 1999 я канчаткова вырашыў пісаць прозу і зрабіцца прафэсійным пісьменьнікам. У 2001 выйшла мая першая кніга. І з таго часу літаратура – мой асноўны занятак.

Што спрыяе натхненьню? Я думаю, мая вялікая ўнутраная свабода, якую я ўсяляк у сабе культывую. І яшчэ тое, што тэксты, літаратура – мой спосаб гаварыць са сьветам. І яшчэ боль, цемра і прыгажосьць, якія я адчуваю так востра, бо такім ужо нарадзіўся. Натхненьне, дарэчы, толькі малая частка працы празаіка. Усё астатняе – барацьба з мовай. Зь яе ўладай і яе чараўніцтвам.

– У творах рэальныя падзеі альбо прыдуманыя?

– У раманах – прыдуманыя. Прыдуманыя падзеі і прыдуманыя пэрсанажы. Праца пісьменьніка – ствараць праўдзівыя сытуацыі і жывых людзей, якія ніколі не існавалі і якіх тым ня менш усе пазнаюць. Але, вядома, у тэксты трапляе і тое, што я змог падгледзець у так званым рэальным жыцьці. Жэсты, рухі, нейкія слоўцы і выразы, выпадкі, паводзіны і павадкі… Карыкатура мне таксама не чужая. Браць у сьвету ўсё самае яркае, дзіўнае, загадкавае і сьмешнае і рабіць з гэтага літаратуру – гэта цікавая праца.

– Ці можа ў Беларусі пісьменнік зарабляць толькі літаратурай?

– Такіх пісьменьнікаў зусім няшмат. Я і яшчэ некалькі. Прычым зарабляць – гэта значыць мець сродкі на хлеб надзённы, адзеньне і дах над галавой. Ня больш. Прычым кнігі прыносяць пісьменьнікам зусім мала. Але літаратура – гэта ня толькі прададзеныя асобнікі. Гэта і публічныя выступы, гэта і пераклады, гэта і калюмністыка, і эсэ для беларускіх і замежных часопісаў, гэта і правы на твае тэксты, і ўдзел у фэстывалях, і шмат што іншае, што таксама ёсьць творчасьцю. Літаратура (і ня толькі ў Беларусі) – гэта самы няўдалы і цяжкі спосаб зарабляць на жыцьцё. Нікому ня раю. Затое яна дае свабоду. Магчымасьць падарожнічаць па сьвеце. І незалежнасьць ад «начальства».

– Вашы любімыя кнігі?

– Я кажу гэта ва ўсіх інтэрвію ўжо гадоў 15. Мае ўлюбёныя пісьменьнікі, якія я называю старымі майстрамі – гэта Джойс, Набокаў і Кафка. Адпаведна, самыя значныя для мяне кнігі, гэта «Уліс», «Дар», «Працэс», «Замак». Чаму? Джойс навучыў мяне імкнуцца да самага дна мовы і шукаць космас у малым. Набокаў даў мне ўрок таго, як важны для пісьменьніка стыль, як з дапамогай словаў можна пісаць музыку. Кафка адкрыў мне вусьціш і боль сьвету, пра якія мусіць казаць сапраўдная літаратура. Усе трое спрычыніліся да маёй свабоды, перакулілі мой сьвет і зрабілі мяне тым, кім я ёсьць.

–  Вы некалькі гадоў жылі ў Германіі. Як адрозніваецца жыццё немцаў і беларусаў? Што больш за ўсё ўразіла ў гэтай краіне?

– Так, я пражыў у Нямеччыне амаль сем гадоў. Пераважна ў Гамбургу, але і ў іншых месцах таксама. Нямеччына – свабодная, дэмакратычная і прытомная краіна (на дадзены момант, бадай, самая прытомная на кантынэнце). Краіна, якая зрабіла свае высновы зь мінулага, прайшла праз нацянальнае пакаяньне, краіна працавітых людзей і неверагоднай культуры.

Натуральна, пасьля Беларусі мяне ўражвала ўсё: адсутнасьць на вуліцах паліцыі, якая зьяўляецца толькі тады, калі гэта сапраўды патрэбна. Нямецкія бібліятэкі. Нямецкі кніжны рынак. Нямецкае паважлівае стаўленьне да пісьменьніцтва як да працы. Нямецкая прынцыповая антымілітарнасьць. Нямецкая талерантнасьць – да любога іншага: гееў і лесьбіянак, эмігрантаў і г. д. Нямецкае разуменьне таго, што без культуры нам усім гамон. Усяму гэтаму беларусам яшчэ вучыцца і вучыцца.

– Вы паспелі пашпацыраваць па Бабруйску, паглядзець горад?

–  «А чего это вы по-беларусскі разговаріваете? Вы із Амерікі пріехалі?» – запытаўся ў нас бабруйскі таксіст.

Бабруйск – цудоўны. Дзякуй арганізатару імпрэзы і нашаму гіду Анатолю Санаценку, які паказаў нам свой родны горад такім, якім яго варта любіць і цаніць. Прыватныя дамы з падворкамі пачатку 20 стагодзьдзя, бастыёны крэпасьці, каля якіх можна было б зладзіць неверагодны літаратурны фэстываль, гістарычныя будынкі, ня вынішчаны дагэтуль дух старога места…

Чаго не хапае гораду Б.? Вядома, свабоды. А яшчэ харошай такой дэкамунізацыі. І прытомнага мэнэджара ў мэрыі. Калі што, Менску не хапае таго ж самага. Але чаму па-за сталіцай мы ўвесь час пачуваемся замежнікамі?.. На бабруйскіх вуліцах на нас глядзелі так, нібы мы і праўда амэрыканцы.

– Чаму вы выйшлі з Саюза беларускіх пісьменнікаў?

– Я ня ведаю, у чым сэнс існаваньня такіх арганізацый. Саюзы пісьменьнікаў – гэта бессэнсоўны рэлікт савецкага часу. СБП – сьмешна-патрыярхальная і прымітыўна-нацыяналістычная арганізацыя, якая вельмі нягегла спрабуе захаваць манаполію на літаратуру ў эпоху, калі ніякіх манаполій ні ў каго быць ня можа. Ды яшчэ і мае ў сваіх шэрагах купу графаманаў. Зрэшты, у лукашэнкаўскім «саюзе» графаманаў наогул – абсалютная большасьць. Я выйшаў з СБП пасьля таго, як на ягоным зьезьдзе ён ніяк ня выказаў свайго стаўленьня да цкаваньня мяне як пісьменьніка за эсэ пра Янку Купалу. І я ні разу не пашкадаваў пра гэтае рашэньне. Мне саюзы без патрэбы – я самадастатковы і дасягаю ўсяго, чаго хачу, выключна з дапамогай сваёй свабоды і сваёй творчасьці.

– Ці дапушчальна ў літаратурных творах ужываць нецэнзурную лексіку?

– Дапушчальна. Мат існуе, мы чуем яго і ведаем. Дык чаму мы мусім рабіць выгляд, што яго няма? Тады літаратура будзе крывадушнай. Іншая рэч, што мат не павінен быць самамэтай. Ягонае выкарыстаньне мусіць быць абгрунтаванае патрэбамі тэксту.

–  Альгерд – гэта сапраўднае імя? Чаму менавіта так вас назвалі?

– Мама і тата назвалі мяне Алегам. Так і стаіць у пашпарце. Але ўжо больш за 20 гадоў мяне так клічуць толькі бацькі. Гісторыя была такая. Калі мне было 20 і я пачынаў пісаць па-беларуску, мой сакурсьнік Паўлюк Быкоўскі, цяпер вядомы незалежны журналіст, сказаў мне напаўжартам: Алег – гэта неяк не па-беларуску. Давай ты будзеш Альгердам. Так што я ў нейкім сэнсе ахвяра беларускага адраджэньня… Цяпер усе ведаюць мяне як Альгерда і нешта мяняць ужо, мабыць, позна. У маёй жонкі Юлі Цімафеевай ёсьць верш з такімі радкамі: «Каму належыць маё імя? Ня мне дакладна…»

– Аб чым марыць Альгерд Бахарэвіч?

– Аб тым жа, аб чым кожны прытомны чалавек. Аб любові, годнасьці і разуменьні. Але яшчэ, як і кожны прытомны беларус: мару дажыць да таго часу, калі мая краіна зробіцца свабоднай.

 

Падрыхтаваў Васіль Кулікоў

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя