Фота з архіву сям’і спадара Леаніда Запольскага.
Яўрэі — народ пакутніцкі. Ва ўсе часы яны падвяргаліся ганенням. Падчас другой Сусветнай вайны фашысты распрацавалі нават праграму сістэматычнага знішчэння гэтага народа на акупаваных тэрыторыях.
Толькі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў гады вайны было знішчана каля 528 тысяч яўрэяў. Насуперак гэтаму ладзіліся ўзброеныя паўстанні ў гета і партызанскія яўрэйскія атрады. Шматлікія жыхары беларускіх вёсак і гарадоў хавалі ў сваіх дамах пакутнікаў-уцекачоў ад немцаў.
Такі гераічны ўчынак здзейсніла Вера Пятроўна Валькоўская, калі ў вёсцы Цімкавічы (Капыльскі раён Мінскай вобласці), немцы заснавалі гета. Спадарыня Вера схавала ў сваім доме Ісаака Шустэра, які ратаваўся ад нямецкай аблавы. Гэта адбывалася з восьмага верасня 1941 года — дня заснавання гета — па 27 ліпеня 1942 года. Спадарыня Вера рызыкавала не толькі асабістым жыццём, але і самым дарагім — сваімі дзецьмі: сынам Уладзімірам і дочкамі Нінай ды Людмілай.
У Цімкавічах адбылося тры расстрэлы яўрэяў. Падчас першага — 25 сакавіка 1942 года — было знішчана 400 чалавек. Пасля другога і трэцяга — 26 і 27 ліпеня 1942 года — не стала яшчэ 510 яўрэяў. 30 ліпеня рэчы загінулых былі вывезеныя ў невядомым накірунку, мажліва, у Нямеччыну. Гэтыя падзеі апісваюцца ў асабістым дзённіку жыхара вёскі Аляксандра Андруквіча. У ім ён, напрыклад, распавядае, што яго ў прымусовым парадку выводзілі на закопванне расстраляных яўрэяў.
Адзін з выратаваных — Ісаак Шустэр — у пасляваенны перыяд жыў ў Бабруйску. У 1990 годзе спадар Ісаак сышоў на пенсію, а ў 91-м уся яго сям’я выехала на сталае месца жыхарства ў ізраільскі горад Азур.
Зараз вядзецца праца па наданні спадарыні Веры Валькоўскай звання «Праведнік свету». Для гэтага накіроўваліся дакументы ў Ізраіль. На гэта 10 снежня 2009 года спадару Леаніду Запольскаму (унуку спадарыні Веры) прыйшоў такі адказ: «Усе матэрыялы накіраваны ў аддзяленне Праведнікаў Свету Мемарыяла Яд Вашэм…».