Домой Видео Алесь Сьнег выступіў у Бабруйску

Алесь Сьнег выступіў у Бабруйску

19 кастрычніка ў Бабруйску прайшла творчая вечарына паэта Алеся Сьнега, арганізаваная «Бабруйскім кур’ерам».

Алесь нарадзіўся ў Бабруйску, але ўжо некалькі гадоў жыве ў Менску і з нядаўняга часу кіруе культурніцкай установай «Арт-Сядзіба». У сталіцы Алесь займаецца папулярызацыяй беларускай мовы ды культуры, арганізуе канцэрты, кінапрагляды і літаратурныя вечарыны.

Падчас імпрэзы ён зазначыў, што гэты выступ для яго вельмі настальгічны да адказны, бо апроч іншых наведвальнікаў паслухаць яго прыйшла мама, сястра ды блізкія сябры.

Большая частка творчасці маладога паэта – менавіта лірыка. Ён неаднаразова падкрэсліваў, што вершы для яго – гэта эмоцыі, а каханне – галоўная крыніца натхнення.

Апроч чытання вершаў Алесь стараўся шмат размаўляць з публікай, таксама адказаў на пытанні прысутных.

Алесь Сьнег выступіў у Бабруйску, творчая вечарына паэта, "Бабруйскі кур'ер"

Асобна ён закрануў важную для гісторыі Беларусі падзею  –  стогоддзе абвяшчэння БНР, якое будзе адзначацца 25 сакавіка 2018 года.

– Мне б вельмі хацелася, каб такія даты станавіліся нацыяльнымі святамі, каб людзі наўпрост выходзілі ў кавярні ды святкавалі. У Бабруйску ёсць помнік ахвярам рэпрэсій на Плошчы Перамогі і я маю спадзеў, што бабруйчане ўшануюць гэты памятны дзень і там таксама. Вельмі важна, каб гэтыя даты не прападалі, каб пра іх помнілі, – распавёў Алесь Снег.

Алесь Сьнег выступіў у Бабруйску, творчая вечарына паэта, "Бабруйскі кур'ер"

Малады аўтар пакуль не мае ўласнага паэтычнага зборніка. Ён кажа, што час для гэтага не прыйшоў і часта інтанацыя, чытанне больш узрушае слухача, чым тэкст.

На завяршэнне Алесь Сьнег падзякваў прысутным і раздаў аўтографы, зазначыўшы вельмі цёплую атмасферу на імпрэзе.

 

Падрыхтавала Ганна Дусь