Домой Видео Алесь Сьнег: «У Бабруйску знікае нефармальная культура»

Алесь Сьнег: «У Бабруйску знікае нефармальная культура»

Паэт ды арт-мэнэджэр Алесь Снег выступіў на літаратурнай вечарыне ў Бабруйску. Апроч паэтычнай дзейнасці, Алесь доўгі час займаецца арганізацыяй канцэртаў ды рознага фармату імпрэз, чытае лекцыі пра прасоўванне ў сацыяльных сетках ды арт-мэнэджмэнт. Яго творчае самавыяўленне пачалося менавіта ў родным горадзе – Бабруйску.

Пасля імпрэзы Алесь адказаў на некалькі пытанняў «БК».

Ты ўжо некалькі год як з’ехаў з Бабруйску ў Менск. Па чым сумуеш у сталіцы?

– Больш за ўсё мне хапае людзей з майго дзяцінства. Калі прыязджаю ў Бабруйск ёсць такая настальгія менавіта па тых падзеях, якія былі менавіта ў дзяцінстве.

Нядаўна я зразумеў, што калі жыў у Бабруйску, то не заўважаў мясцовай архітэктуры, да прыкладу, на Сацыялістычнай дый у іншых месцах. Я ж раней не падымаў галаву – шоў наперад да «бабра» на рынак. Зараз я разглядаю кожны будынак і разумею, што ён унікальны.

Дзіўна, што я заўважыў многія рэчы ў горадзе, пажыўшы некаторы час у Менску. Увогуле зараз я іначай хаджу па вуліцах, звяртаю ўвагу на тое, на што раней не звяртаў зусім.

А чым так адметны для цябе Бабруйск?

– Ён суровы горад – суровы ў сваіх людзях, але гэта не кепска. Калі я ехаў на імпрэзу ў аўтобусе па Бабруйску, то заўважаў, што людзі амаль не ўсміхаюцца. А з іншага боку – і ў Менску тое самае, і ў Магілёве, і шмат дзе. Але чамусьці менавіта тут я гэта моцна заўважыў і злавіў сябе на думцы, што варта пачаць усміхацца іншым. Такога раней я за сабой не заўважаў. Мне захацелася, каб у гэтым сур’ёзным годзе кожнаму перадалася ўсмешка.

Гэтая імпрэза ў Бабруйску настальгічная для цябе?

– Вельмі адказная імпрэза, бо прыйшлі мае сваякі – мама, сястра, а таксама сябры. Настальгічная таксама – і па горадзе, і па маёй паэзіі. Насамрэч, калі я выступаю апошнім часам – гэта звычайна новыя вершы, бо я доўгі час выступаў з адной і той жа праграмай, дзе дзесяткі абрыдлых мне вершаў. Гэта ўжо надакучыла і мне, і слухачам.

А на гэтай імпрэзе я вырашыў падняць усё тое, што раней чытаў і мне на дзіва было прыемна адчуць тыя эмоцыі, якія я адчуваў раней. Таму вечар дакладна настальгічны.

Ужо шмат гадоў ты выступаеш на імпрэзах, твае вершы становяцца песнямі. Ты актыўны малады творца, але дагэтуль не маеш свайго друкаванага зборніка. Чаму? Гэта прыпцыповая пазіцыя?

Алесь Сьнег, "У Бабруйску знікае нефармальная культура", інтэрв'ю

– Як кажуць многі музыкі: «Я ў працэсе запісу альбома». Яны ствараюць яго гадамі і могуць не запісаць яго ў выніку. То я так увесь час ў працэсе стварэння кнігі. Вершы ёсць, я ад іх не адмаўляюся. Я б хацеў, каб яны чыталіся, але магчыма яшчэ не настаў час. Кніга ў нейкай ступені знаходзіцца на рэдактуры. Яе вычытвалі і гэта ўжо важны крок. Але ўсё яшчэ не саспела да канца.

А можа быць, што нічога і не будзе. У нейкі момант я злавіў сябе на думцы, што важна падаваць жывыя вершы. Манера чытання, паўзы, інтанацыі – гэта цікавей і больш адгукаецца слухачам, чым проста тэкст.

Ці спрабуеш ты праз вершы таксама прасоўваць мову, беларускую культуру ў асяродку моладзі? Ці можа быць беларускамоўная паэзія моднай?

– Я сапраўды часам карыстаюся такім метадам – калі ёсць нешта хайпавае, то я пішу пра гэта верш. У мяне ёсць розныя эксперыменты такога кшталту. Ёсць верш пра інстаграм. У часы, калі былі вялізныя чэргі ў банках, я пісаў пр гэта таксама. Гэта адначасова і спосаб «злавіць папулярнасць», а таксама добрая практыка пісаць вершы не тыповыя для мяне – не пра каханне.

Чаму найбольш табе пішацца менавіта пра каханне? Чаму так мала сацыяльнай лірыкі, якая даволі папулярная сярод маладых паэтаў твайго пакалення?

– У мяне ёсць некалькі вершаў на іншыя тэмы – не пра каханне. Ёсць сярод іх менавіта і сацыяльная лірыка. Часам падчас чытання яны мяне асабліва ўзрушваюць, але не магу сказаць ці прабівае гэтак жа людзей.

Я люблю Беларусь і хачу, каб Беларусь была добрай краінай, але магу пра гэта не пісаць. У многіх замацавалася такая думка, што калі ты пішаш па-беларуску, то абавязкова мусіш яшчэ пісаць пра 9 траўня, вялікую вайну і нешта такое. Але гэта штучны стэрэатып.

Тэма кахання і пачуццяў найбольш мяне натхняе. Амаль усе гэтыя вершы альбо пра мяне самога і тут няма асаблівага падзелу з лірычным героем, а некаторыя гэта гісторыі сяброў, нешта пачутае ад іншых людзей, што мяне натхніла, ці нейкія сітуацыі, якія назіраў на ўласныя вочы. Мае вершы – гэта мая эмацыйная суб’ектывізацыя свету.

Стаўшы дырэктарам «Арт-Сядзібы» ці не думаў ты пра тое, каб наладзіць культурніцкае жыццё ў Бабруйску?

Алесь Сьнег, "У Бабруйску знікае нефармальная культура", інтэрв'ю

– Я перыядычна думаю як наладзіць культурнае жыццё гэтага горада. Хочацца і колецца. Для гэтага рэальна трэба шмат працы. Трэба людзей заахвочваць. Мне вельмі прыемна, што на гэтай імпрэзе былі людзі рознага ўзросту. Што адметна, я прыязджаў не так даўно з лекцыяй пра «Арт-Сядзібу» на «Мову Нанова», і гэтыя людзі, што былі там на лекцыі прыйшлі і на мой выступ тут. Гэта азначае, што іх нешта зачапіла. І мне вельмі хацелася б каб гэтыя людзі засталіся ў такой плыні беларушчыны.

Я не ведаю ці змагу я нешта тут зрабіць у Бабруйску, але бачу, што тут ёсць людзі, якія здольныя зварушыць гэты горад. Трэба трошку болей намаганняў і часу.

– Твой досвед арт-мэнэджмэнта распачаўся менавіта ў Бабруйску. Яшчэ жывучы тут ты быў далучаны да арганізацыі канцэртаў, тусовак, вёў тэматычны блог. А як табе бачыцца культурная сітуацыя ў горадзе зараз? Што змянілася?

– Змянілася ўсё. Раней былі часы, калі людзі хадзілі на канцэрты вельмі актыўна, была масавая нефармальная культура. Я вёў блог пра розныя гурты і іх было вельмі шмат! Я нават мог выбіраць, у якога гурта браць інтэрв’ю, а ў якога не. Я не кроплі не журналіст, але мне было вельмі цікава. І што адметна – я гэта пісаў па-беларуску! Пра гурты якія спяваюць па-ангельску, па-расейску – усёадно пісаў па-беларуску, бо гэта распаўсюд той жа самай беларускай мовы з дапамогай тэкстаў.

Зараз гэтага няма, напэўна таму, што няма тых людзей – ані гуртоў, ані арганізатараў. Апроч таго, няма і клубаў. Я шчыра перакананы, што калі ёсць месца і людзі, якія здольныя ўсё добра арганізаваць – з’явяцца і гурты. Гэта справа не на пяць хвілін, але маю спадзеў, што з нейкім часам гэтая культурніцкая прорва зменіцца. І нашае легендарнае месца каля кінатэатра «Таварыш»,  на лавах побач з якім сядзела не адно пакаленне нефармалаў, ажыве наноў.

 

Гутарыла Ганна Дусь

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя