Домой Культура Алесь Камоцкі: «Трэба, каб аўтарская песня кранала!»

Алесь Камоцкі: «Трэба, каб аўтарская песня кранала!»

Алесь КамоцкіАлесь Камоцкі

Музычна паэтычны фестываль «Культурная эвалюцыя», які адбыўся 4 6 верасня ў сядзібе «Вішнёвы сад» пад Бабруйскам, падараваў нам сустрэчы з мэтрамі аўтарскай песні. Адным з іх, прадстаўляўшым беларускамоўную плынь гэтага жанру, з’яўляўся Алесь Камоцкі. Ён сам прыняў удзел у канцэрце адкрыцця, з’яўляўся членам журы фестывалю, а таксама — правеў майстр — клас для аўтараў выканаўцаў і паэтаў, хто піша па беларуску.

Не прайшоў міма найбольш вядомага беларускамоўнага барда і карэспандэнт “БК”.

— Алесь, якія вашы першыя ўражанні ад фестывалю?
— Першае ўражанне: вельмі цікава жыць на будоўлі. Я першы раз жыву на будоўлі! Сапраўды цікава, калі ты прачынаешся, а ў цябе перад вакном нешта нясуць некуды і гэта будуць мантаваць… Калі ты адкручваеш кран, а адтуль вада бяжыць чорная, а потым увогуле нічога не бяжыць. Гэта вельмі рамантычна, вельмі прыгожа, вельмі аздабляе (смяецца)… Ну, гэта, вядома, я жартую. А калі насамрэч, і гэта добра. Вельмі добра, што людзі адважыліся правесці такі даволі вялікі фестываль!.. Шкада толькі, што не так поўна людзей, але і так трохі ёсць (учора ўвечары на канцэрце шумелі). З-за асвятлення я не бачыў, колькі іх было дакладна, але ўлічваючы, як яны шумелі, людзі прыехалі. Дожджык перашкаджае, але я не думаю, што гэта — вялікая перашкода фестывалю… Вельмі добра, што робіцца такі фестываль, што робіцца ён на рэчцы, што ёсць імкненне зрабіць яго цывілізавана, не зусім па-турысцку. Карацей, мне ўсё гэта падабаецца і хочацца, каб з гэтым годам усё не скончылася для гэтага фестывалю!

— Вы вядзеце майстр клас. Ці ўбачылі вы там нешта цікавае для сябе, хтосьці ўразіў?
— Так атрымліваецца, што і па-за межамі фестывалю я цікаўлюся маладымі людзьмі, тымі, хто піша, ці пачынае пісаць вершы і песні. Таму нічога новага я для сябе тут не адкрываю. Тыя людзі, што сюды прыехалі, я іх з большага ведаю, і тэксты іх ведаю, за многімі магу нават падпяваць! Але добра, што мы збіраем іх разам. Кожны з іх праводзіць нейкія свае канцэрцікі, але вось так сабрацца разам, канешне, вельмі цікава.

— Тыя, хто ладзілі гэты фэст, адной з сваіх мэтаў ставілі аб’яднаць дзве плыні, якія існуюць у аўтарскай песні — рускамоўную і беларускамоўную. Як вы лічыце, гэта атрымліваецца?
— Шчыра кажучы, гэта пытанне, у якім менавіта я не надта разбіраюся, таму што асабліва я не падзяляю на такія плыні. Для мяне падзялення на беларускамоўную і рускамоўную плыні не існуе. Я так парашыў для сябе ўжо даўна. Я падзяляю на тых, хто добра гэта робіць і не надта. Якая розніца, на якой мове чалавек піша!? Калі ён гэта робіць добра — то цудоўна. Некаторыя пішуць на розных мовах і ўсё нармальна! Я лічу, што гэта штучнае падзяленне. Яно нам дасталося ад часоў Савецкага Саюза і яшчэ, можа, нават раней… Другое пытанне, што той, хто не размаўляе на сваей мове, той абкрадае сябе, але гэта абсалютна іншае пытанне, якое я тут і не стаў бы нават ставіць.

— А сярод тых, хто піша па беларуску, якія вы бачыце тэндэнцыі? Ці есць тут нейкая пазітыўная дынаміка?
— Так, па-першае, значна больш тых, хто піша на мове. Я аб гэтым ведаю яшчэ з 80-х гадоў, а апошнія гадоў 15 займаюся гэтым пытаннем актыўна. Але есць пазітыўная дынаміка і адносна якасці. І гэта вельмі заўважна!.. Калі, напрыклад, яшчэ 10 гадоў таму нейкія дзяўчынкі спявалі там пра “халодную каву”, пра тое “ай-яй-яй, як жа гэта ён мяне не заўважыў!..”, то зараз тэматыка значна пашырылася. Мне таксама падабаецца, што з’яўляецца шмат людзей, якія больш значэння надаюць музыцы. Апошнія гадоў пяць ужо назіраецца гэта тэндэнцыя. Мы бачылі і слухалі сення Кацярыну Ваданосаву і гурт “Alta mente”, Алеся Зайцава і “Босае сонца”. Яны граюць з добрымі музыкамі і надаюць многа ўвагі таму, каб гэта добра гучала. Яны глядзяцца класна і гучаць даволі моцна. І гэта вельмі важна!.. Есць такі гурт, як “Хорціца” — гэта таксама пэўны ўзровень. Для мяне аўтарская песня — гэта не проста спевы пад гітарку каля вогнішча. Трэба, каб гэта было ў розных варыянтах і яшчэ неяк кранала!..

Антон ПУЦІЛА. Фота аўтара

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя