Домой Без рубрики Актывістку звольнілі за тое, што яна рэалізавала свае канстытуцыйнае права?

Актывістку звольнілі за тое, што яна рэалізавала свае канстытуцыйнае права?

Тамара Бандарчук працавала прыбіральшчыцай у брожскім клубе. Асноўная яе праца — кіраўнік кружка народных рамёстваў у тым жа клубе, але нагрузка ў яе там невялікая і большасць прыбыткаў прыносіла праца прыбіральшчыцы… Тамара Іванаўна была назіральніцай ад БХК (Беларускі Хельсінскі Камітэт) на мясцовым выбарчым участку падчас прэзідэнцкіх выбараў. Аднак 10-га студзеня яна даведалася, што яе звольнілі з пасады прыбіральшчыцы без тлумачэння прычын. Прытым, што прэтэнзій і нават заўваг у яе ніколі не было і да пенсіі ёй заставалася ўсяго 4 месяцы… Вось падрабязнасці яе звальнення з вуснаў самой Тамары Іванаўны:
— Пытанне сваёй працы назіральніцай на выбарчым участку я ўзгадніла з загадчыкам клуба, дзе я працую. Мы крыху змянілі мой працоўны графік, заўваг да мяне ў яе не было. Але ўжо ў першы дзень датэрміновага галасавання на ўчастку ўзнік канфлікт з старшынёй брожскага сельсавета Віктарам Грынёвым, які таксама быў назіральнікам на гэтым участку. Калі ў той дзень я прыйшла на абедзены перапынак у клуб, мне сказалі, што тэлефанаваў старшыня сельсавета, цікавіўся графікам маёй працы, і на якой падставе я знаходжусь на выбарчым участку? Загадчыца адказала, што пытанне са мной ужо разгледзела і ўрэгулявала, што заўваг да мяне ў яе няма. На гэтым усё быццам бы скончылася, пытанняў больш не ўзнікала. Заўваг у старшыні выбарчай камісіі да мяне ніякіх не было, дарэчы, у мяне — таксама, праца камісіі, у адрозненне ад былых разоў, працякала якасна. Аднак 10-га студзеня мне тэлефануе знаёмая і гаворыць:
— Цябе звольнілі з працы…
— Як звольнілі?!. Я працую!
— Не, цябе звольнілі!
Я тэлефаную ў аддзел кадраў, пытаю: “Мяне што, звальняюць?..” Мне адказваюць: “Так, на ваша месца з 13-га студзеня выходзіць іншы чалавек…” І сапраўды 13-га студзеня прыходзіць гэтая жанчына і гаворыць: “Мне патэлефанавалі з сельскага савету і папрасілі, каб я выйшла на працу ў клуб. Калі я запярэчыла, маўляў, там жа працуюць, то мне адказалі: “Ну і што, што працуюць? Значыць, больш працаваць не будуць! Не пойдзеце вы, знойдзем іншага… Намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Святлана Сяргееўна Носава казала знайсці на месца прыбіральшчыцы іншага чалавека”
Калі я спытала ў загадчыка клуба: “Чаму са мной так?”, то яна адказала: “У мяне ніякіх прэтэнзій няма. Калі я зайшла з гэтым пытаннем да начальніка аддзела культуры райвыканкаму Аляксандра Волікава, то ён мне адказаў: “Гэта не маё рашэнне, гэта рашэнне вышэйстаячай арганізацыі!..”
Таксама Тамара Іванаўна дадала:
— Мне многія, спачуваюць, тэлефануюць, прапануюць дапамогу, і пры гэтым пытаюць: “А навошта цябе гэта было патрэбна? Ты ж ведала!..” На што я адказваю: “Нават, калі б і ведала, нават, калі б і зусім звольнілі, ўсё роўна б пайшла назіральнікам!..” Вось такім чынам нашы ўлады помсцяць за рэалізацыю свайго канстытуцыйнага права і такім чынам запужваюць людзей!
Гэта ўжо другі выпадак, калі пасля выбараў Тамара Бандарчук губляе працу. У 2007 годзе, калі яна балатавалася ў дэпутаты мясцовага савету і працавала прыбіральшчыцай у Брожскім сельсавеце, з ёй не працягнулі працоўны кантракт. Пасля таго выпадку яна прайшла ўсе судовыя інстанцыі і дайшла да апошняй — Міжнароднага суда ў Жэневе (дарэчы, адказ адтуль чакаецца ўжо ў гэтым годзе)… З той пары доўжыцца канфлікт паміж ёй і старшынёй сельсавета Віктарам Грынёвым, які не можа дараваць ёй судовыя цяжбы. Сама яна лічыць, што менавіта ён ініцытыяваў новае звальненне, а далей ужо закруцілася карусель “тэлефоннага права”…

Антон ПУЦІЛА.

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя