Домой В стране АГП стварыла жаночую арганізацыю. У кіруючым органе – бабруйчанка…

АГП стварыла жаночую арганізацыю. У кіруючым органе – бабруйчанка…

23 студзеня у Мінску адбыўся ўстаноўчы з’езд сацыяльга-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Гендарнае партнёрства». На ім былі абраны кіруючыя органы і кіраўнік арганізацыі.

З’езд прайшоў у «Апартатэлі Камфорт», што па вуліцы Шчорса. На ім прысутнічала дэлегацыя і з Бабруйску.

З вітальным словам на пачатку мерапрыемства выступіў сп. Анатоль Лябедзька. Ён пазычыў, каб гэтая ініцыятыва жанчын мела поспех і прыносіла плённыя вынікі.

У першай палове мерапрыемства была абмеркавана назва і Статут аб’яднання. Што датычыла назвы, то тут ішла доўгая дыскусія. Было прапанавана шэсць варыянтаў. Аднак абралі – «Гендарнае партнёрства», за якую выступала спн. Антаніна Кавалёва. У Статут жа меліся ўнесці некаторыя (але не значныя) праўкі, якія не змянілі сутнасці тэксту.

Пасля кароткага перапынку распачалася другая частка з’езду. На ёй абіралі кіруючы склад новай арганізацыі. Найвышэйшым органам аб’яднання стаў Агульны Сход, які мае збірацца раз на тры гады.

Кіруючым органам была прызначана Рада, чальцамі якой абралі некаторых удзельнікаў з’езду.

Кіраўніком «Гендарнай платформы» чакаема была абрана Антаніна Кавалёва – дзеючы намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Хто такая спн. Антаніна? Гэта юрыст; яна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Мае вопыт працы юрысконсультам, натарыусам, галоўным спецыялістам Міністэрства юстыцыі. У АГП з 2002 года, працавала ў выканкаме партыі. Пра сябе яна аднойчы сказала: «Заўжды лічыла сябе дысідэнтам, чым палітыкам».

Таксама былі абраныя Кантрольна-рэвізійная камісія і адказныя за рэгістрацыю аб’яднання. Што паважна для Бабруйска – сябрам Рады новай жаночай арганізацыі стала грамадскі актывіст Галіна Смірнова.

Цяпер справа за «малым» – рэгістрацыя жаночага аб’яднання.

Яўген Васьковіч