Домой Общество Псіхолаг: “Аднаполая сям’я – гэта ненармальна”

Псіхолаг: “Аднаполая сям’я – гэта ненармальна”

Разважанне над уплывам розных мадэляў сям’і  на станаўленне асобы прайшло падчас семінара “Роля маці і бацькі ў выхаванні, ці навошта дзіцяці бацькі”.

Семінар правяла перынатальны псіхолаг цэнтра падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля” Кацярына Шавелева  ў рамках V Міжнароднага фестываля падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства “Шчасце ў дзецях”.

Удзельнікамі семінара сталі псіхолагі, настаўнікі і проста бацькі.

Бацькоўства – самая складаная задача для сужонкаў, зазначыла псіхолаг. Асабліва ў сучасным свеце, калі  моцна змяніліся традыцыйныя, звычайныя ролі мужчыны і жанчыны.

Сёння жанчына часта не можа спакойна выхоўваць дзіця, бо разрываецца паміж працай і сям’ёй. Яна імкнецца ва ўсім паспець, быць ідэальнай, бо менавіта гэтага ад яе патрабуе сучаснае грамадства. Усё больш сем’яў, дзе маці адна выхоўвае дзіця, ці ў якіх бацька прысутнічае толькі фармальна. Гэткія мадэлі сям’і такія бацькі перадаюць і свайму патомству. І часта гэта скончваецца няшчасным жыццём і візітам да псіхолага, заўважыла спадарыня Кацярына.

Адмысловец звярнула ўвагу, што падрыхтоўка да бацькоўства пачынаецца ўжо тады, калі будучыя бацькі самі толькі з’яўляюцца на свет.  Перш чым чалавек стане бацькам ці маці, ён праходзіць тры ступені падрыхтоўкі.  У першыя гады жыцця маленькі чалавечак вучыцца разумець, навошта патрэбныя бацькі, ён сам адчувае моцную патрэбу ў бацьках.

Крыху пазней, ва ўзросце 4-5 гадоў, дзіця вучыцца жыць, “гуляе” у жыццё. У гэты час яно пачынае разумець, хто такія дзеці, чым адрозніваюцца ад дарослых, навошта яны патрэбныя. Прачынаюцца эмацыйныя адносіны да дзяцей. Псіхолаг зазначыла, што менавіта ў гэты час дзеці найлепш прымаюць малодшых брацікаў і сястрычак. Яны не баяцца немаўлят, а наадварот, вельмі цікаўныя да іх. Яны вучацца клапаціцца пра малодшых, і дзякуючы гэтаму становяцца ў будучыні лепшымі бацькамі, чым тыя, што былі адзінымі ў сям’і.

Дзеці патрэбныя кожнаму здароваму мужчыне і кожнай здаровай жанчыне, упэўнена спадарыня Кацярына. Модная сёння філасофія child free мае ў сваіх каранях глыбокія праблемы ва ўзаемаадносінах са сваей уласнай сям’ёй. “Паломка” у такіх людзей здарылася, хутчэй за ўсё, на гэтым самым раннім этапе, калі ў маленькага дзіцяці развіваецца патрэба ў бацьках, зазначыла вядоўца семінара.

Дзіцяці для нармальнага развіцця патрэбныя і маці, і бацька, прыйшлі да высновы ўдзельнікі семінара. Псіхолаг звярнула ўвагу, што так, як у зачацці ўдзельнічаюць мужчына і жанчына, людзі рознага полу, гэтак жа мужчына і жанчына мусяць удзельнічаць ва ўсім жыцці дзіцяці дзеля яго псіхічінага і эмацыйнага здароўя. Аднаполая сям’я – гэта ненармальна. Не можа вырасці здаровай асоба ў сям’і, дзе ёсць дзве мамы ці два таты, падкрэсліла Кацярына Шавелева.

Міжнародны фестываль падтрымкі мацярынства і дзяцінства “Шчасце ў дзецях” праводзіцца ў Бабруйску ўжо пяты раз. Ён прымяркаваны да Міжнароднага дня сям’і, што адзначаецца 15 траўня.

Марына Міхневіч