Домой В регионе Ад нараджэння беларускага тэатру да сталінскіх рэпрэсій… Як мы вандравалі па...

Ад нараджэння беларускага тэатру да сталінскіх рэпрэсій… Як мы вандравалі па літаратурнай Бабруйшчыне

Айцец беларускай драматургіі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, замардаваны камуністамі малады пісьменнік Платон Галавач, «беларускі Вацлаў Гавэл» Алесь Адамовіч. Іх яднае малая радзіма – Бабруйскі раён. Бабруйчане зладзілі экскурсію па родных мясцінах гэтых славутых беларусаў.

«Тым яшчэ авантурыстам быў гэты Дунін-Марцінкевіч»

Экскурсія «Бабруйшчына літаратурная: ад ХІХ стагоддзя да сучаснасці» мусіла прайсці яшчэ ў красавіку, у рамках «Фэста экскурсаводаў». Але абставіны склаліся так, што вандроўка была адмененая. Як распавялі арганізатары, пабачыўшы цікаўнасць людзей да экскурсіі, і тое, як шмат было заявак, яе ўсё ж вырашылі правесці, хоць і пазней, – толькі 26-га траўня.

Магілёўская школа гарадскіх ініцыятыў «Цяпліца» дапамагла з транспартам, тайм-клуб «1387» аказаў інфармацыйную падтрымку. Гідам была  экскурсавод-адмысловец, журналістка Марына Маўчанава.

Дунін-Марцінкевіч, музей у Сычкава, Алесь Адамовіч, Глуша, Платон Галавач
У Панюшкавічах

Першым пунткам вандроўкі стала вёска Панюшкавічы – радзіма Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Экскурсавод распавяла пра вядомыя факты біяграфіі драматурга і пра тое, якія з іх з’яўляюцца, гаворачы сучаснай мовай, фэйкам, што адкрыў даследчык жыцця Дуніна-Марцінкевіча беларускі гісторык Зміцер Дрозд.

«Тым яшчэ авантурыстам быў гэты Дунін-Марцінкевіч», – заўважалі ўдзельнікі экскурсіі.

Аказваецца, беларускі драматург праяўляў добрую фантазію не толькі ствараючы свае п’есы, але і ва ўласным жыцці. Напрыклад, ён прыдумаў сабе і нават дакументальна аформіў старажытане дацкае паходжанне ад роду Дуніных. На самой жа справе і бацькі, і ранейшыя продкі Вінцэнта былі проста Марцінкевічамі.

Радавод пісьменнік прыдумляў не толькі сабе, але і тым, каму было патрэбна давесці сваё шляхецкае паходжанне. Пасада перакладчыка ў Менскай духоўнай кансысторыі дазваляла гэта зрабіць. Але за падробку прыйшлося і адказаць і правесці некалькі месяцаў у Пішчалаўскім замку (сучасная «Валадарка») у Менску.

Сапраўдныя жарсці кіпелі ў асабістым жыцці заснавальніка беларускага тэатра. Ён выкраў сваю каханую, а потым заключыў з ёй таемны шлюб.

Панюшкавічы сёння – маленечкая вёсачка на некалькі хацін у Сычкаўскім сельсавеце. На меркаваным месцы, дзе стаяла сядзіба, у якой нарадзіўся Вінцэнт, зараз можна пабачыць дзве драўляныя альтанкі, памятны камень з шыльдай і драўляны ўказальнік, які кажа пра тое, што гэта – малая радзіма драматурга. Большасць удзельнікаў экскурсіі казалі, што яны тут упершыню. Даехаць сюды, не ведаючы, што менавіта тут знаходзіцца, і дзе, няпроста. На трасе Бабруйск-Менск ці нават у суседняй вёсцы Шчаткава няма ніводнага ўказальніка, які б распавядаў, якое значнае месца для беларускай культуры зусім побач.

Музей у Сычкава: да экспанатаў можна дакранацца і браць у рукі

Далей мы паехалі ў Бабруйскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, што ў вёсцы Сычкава. Тут ужо экскурсію па экспазіцыі правёў малады навуковы супрацоўнік Міхаіл Сямашка. Распавядаючы пра археалагічныя знаходкі ў раёне – прадметы побыту першых людзей Бабруйшчыны – ён дазволіў экскурсантам узяць у рукі тую ж каменную сякеру, вырабленую шмат тысячагоддзяў таму.

Дунін-Марцінкевіч, музей у Сычкава, Алесь Адамовіч, Глуша, Платон Галавач
У музеі ў Сычкава

Мы пачулі пра яшчэ аднаго славутага ўраджэнца Бабруйскага раёна, вёскі Плёсы – паэта і празаіка Міколу Аўрамчыка. Лёс Аўрамчыку выпаў няпросты. Яму давялося пабываць на прымусовых працах у Нямеччыне.  У сваіх творах ён частаў ўзгадваў родныя мясціны. У музеі ў экспазіцыі выстаўленыя ягоныя кніжкі з аўтографамі. Памёр Мікола Аўрамчык зусім нядаўна, у траўні 2017 года, на 98-м годзе жыцця.

А ў зале этнаграфіі можна было пазнаёміцца з проста шыкоўнай калекцыяй прадметаў сялянскага побыту, рушнікоў і посцілак. І ўсё гэта можна было памацаць і ўзяць у рукі.

Што кідаецца ў вочы ў музеі дык гэта тое, што ён існуе і працуе на энтузіязме дырэктара і супрацоўнікаў. Памяшканням патрэбы рамонт. У будынку няма санвузла – прыбіральня знаходзіцца на вуліцы.

Дзяўчына на паветраным шары над Бабруйскім раёнам

Дунін-Марцінкевіч, музей у Сычкава, Алесь Адамовіч, Глуша, Платон Галавач

З Сычкава мы накіраваліся ў Ізюмава, былы маёнтак Дурынічы, які належаў графскаму роду Забэлаў. Там на старых могілках стаіць сапраўдны скарб Бабруйшчыны – капліца-пахавальня графскай сям’і. Выраблена яна з цёсанага камяня, даследчыкі сцвярджаюць, што яна мае ў сабе рысы мадэрну. У Бабруйскім раёне больш няма такіх пабудоў.

Будавалася капліца ў 1900-1907 гадах над старым фамільным склепам. То бок, пад капліцай ёсць і больш старажытныя пахаванні – ХІХ і ХVІІІ стагоддзяў.

Дунін-Марцінкевіч, музей у Сычкава, Алесь Адамовіч, Глуша, Платон Галавач
Каля капліцы-пахавальні Забелаў у Ізюмава

Некалі капліца мела шыкоўную ўнутраную аздобу – алтар з чорнага дуба і арган, прывезены з Прагі. Нажаль, сёння ўжо асыпалася апошняя тынкоўка і страчаная нават арыгінальная плітка з падлогі. Нядаўна ў капліцы зрабілі рамонт, і замянілі аўтэнтычную польскую плітку Радамскага завода «Marywil» на самыя звычайныя шэрыя прамавагульноыя пліты. Так, цяпер падлога выглядае акуратна і дагледжана (яшчэ некалькі гадоў таму яна была ў некалькіх месцах узарваная, а ўнізе, пад магільнымі плітамі нават можна было пабачыць косткі). Але шкада аўтэнтычнасці, тых, сапраўдных слядоў часу…

Апошнім уладальнікам Дурынічаў быў граф Шыман Эразм Забэла. Ён з’ехаў з Бабруйшчыны разам з карпусамі Доўбар-Мусніцкага, і далейшыя ягоны лёс невядомы. А ягоная адзіная дачка пахаваная тут, у Ізюмава. Пра яе мясцовыя жыхары распавядалі шмат легенд. Казалі, што яна была хворая на сухоты, і дзеля таго, каб яна магла дыхаць разрэджаным паветрам, граф Шыман Эразм выпісаў з-за мяжы паветраны шар, і яна на ім лётала па-над вёскай. А яшчэ казалі, што хавалі яе ў шлюбнай сукенцы і каштоўнай дыядэме. А ўжо ў савецкія часы прызжыя працаўнікі, што праводзілі ў раёне электрычнасць, узарвалі ейную магілу, і забралі тую дыядэму.

Платон Галавач: «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас»

Наступным прыпынкам на нашым шляху сталі Гарбацэвічы, дзе знаходзіцца школа, якая носіць імя Платона Галавача.

Аказалася, сярод экскурсантаў амаль ніхто не ведаў гэтага пісьменніка, і пра той трагічны лёс, што яго напаткаў.

Платон Галавач нарадзіўся 18 красавіка 1903 года ў вёсцы Пабокавічы пад Бабруйскам, у небагатай шматдзетнай сям’і (акрамя яго ў бацькоў было яшчэ чатыры дзіцяці). Калі малому Платону было ўсяго паўтары гады, памерла ягоная матуля. У сямігадовым узросце ён быў вымушаны пайсці працаваць пастухом. Пазней ён усё ж такі скончыў школу. Пісаць пачаў даволі рана, друкаваўся ў газетах. У сваіх творах казаў пра тыя лёсы, што бачыў навокал. Напрыклад, аповесць «Вінаваты» распавядае пра хлопца, які быў выключаны з вучэльні за тое, што ягоны бацька некалі працаваў у царскай ахове. «Спалох на загонах» малюее нам вельмі вымоўныя сцэны таго, што адбывалася падчас калектывізацыі.

Платона Галавача арыштавалі ноччу 28 кастрычніка 1937 года. Яго абвінавачвалі ў дзейнасці на карысць тэрарыстычнай суполкі. Вельмі хутка прайшоў суд, і ўжо ноччу з 29 на 30 кастрычніка яго расстралялі…

Тады ж разам з ім былі забітыя каля 100 дзейчаў беларускай культуры. У камеры Платон Галавач пакінуў запіску «Таварышы, даруйце, калі ў чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон».

Глуша Адамовіча

Скончылася нашая вандроўка ў Глушы – малой радзіме Алеся Адамовіча. Тут столькі цікавых мясцін, што гэты пасёлак варты асобнай экскурсіі. Напрыклад, «глушанскі скансэн» – пляцоўка, дзе некалі планаваўся музей пад адкрытым небам. Нажаль, ідэя не была рэалізаваная, але дагэтуль захаваліся такія цікавыя будынкі, як вятрак ці царква ХІХ стагоддзя. Таксама тут працуе ганчарная майстэрня, дзе можна замовіць нават майстар-клас па вырабе збаноў з гліны.

Дунін-Марцінкевіч, музей у Сычкава, Алесь Адамовіч, Глуша, Платон Галавач
Вятрак ХІХ стагоддзя ў Глушы

Канешне ж, Глуша – гэта Алесь Адамовіч. Мы пабачылі «Прыпынак Адамовіча», які ўжо паспеў стаць знакамітым.

«А дзе тут прыпынак? Мы паехалі, бо вельмі хацелі яго пабачыць», – можна было пачуць ад экскурсантаў.

Дунін-Марцінкевіч, музей у Сычкава, Алесь Адамовіч, Глуша, Платон Галавач
На Прыпынку Адамовіча

Акрамя Прыпынку, гід паказала нам будынак аптэкі, у якім працавала маці Алеся Адамовіча, і дзе хочуць стварыць музей пісьменніка. Распавяла пра што пісаў Адамовіч, што не толькі вайна была асноўнай тэмай ягоных твораў, але і праўда пра Чарнобыльскую катастрофу і ўвогуле – развагі пра «мірны» і «ваенны» атам.

Мы даведаліся пра тое, што сёлета праект бабруйчан «Глуша Адамовіча» выйграў у конкурсе «Socialweekend» грашовую падтрымку ад «Беларусбанка» на распрацоўку экскурсіі-спектакля па творах Адамовіча, і што ўжо ў верасні чакаецца адкрыццё помніка пісьменніку ў Глушы. Будзе нагода яшчэ завітаць у Глушу.

Дунін-Марцінкевіч, музей у Сычкава, Алесь Адамовіч, Глуша, Платон Галавач
Аптэка, у якой працавала мацi Алеся Адамовiча

Апошняй кропкай экскурсіі сталі могілкі пад Глушай, дзе пахаваны Алесь Адамовіч, ягоныя бацькі, брат, пляменніца, жонка.

Дунін-Марцінкевіч, музей у Сычкава, Алесь Адамовіч, Глуша, Платон Галавач
Каля магілы Алеся Адамовіча

Вярталіся дадому, уражаныя тым, наколькі цікавая і шмат у чым для нас невядомая наша родная Бабруйшчына, і колькі яшчэ ёсць у ёй адкрыццяў.

 

Алена Анейчык