Домой Общество Аб чым раскажуць пальцы?

Аб чым раскажуць пальцы?

Здымаць адбіткі пальцаў у мужчынскай паловы Бабруйска пачалі яшчэ каля месяца таму назад. Спачатку ў міліцыю для гэтай працэдуры позвай ад ваенкамата запрашалі хлопцаў прызыўнага ўзросту, потым справа дайшла да працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў. А на мінулым тыдні ўжо самі міліцыянты актыўна наведвалі месцы працы і навучання, агульна запрашая усіх мужчын ад 18-ці да 55-ці гадоў на працэдуру дактыласкапіі.

На пытанні: “Навошта гэта трэба?”, часцей за усё адказвалі, што такая неабходнасць нібыта выклікана расследаваннем выбуху, які адбыўся трэцяга ліпеня ў Мінску.
«Раніцай прыйшлі чатыры міліцыянты і, па сутнасці, нічога не тлумачачы,  практычна прымусілі усіх прайсці працэдуру дактыласкапіі, – распавядае Сяргей, студэнт другога курса Бабруйскай філіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта. – Некалькі чалавек адмовіліся, на што яны сказалі, што будуць выкліканыя позваю».

Першакурснік той жа навучальнай установы Павел дадае:
– Нам растлумачылі, што гэта звязана з расследаваннем выбуху ў Мінску гэтым летам, што гэта неабходна ў абавязковым парадку. Атрымліваецца, навошта адмаўляцца, калі ты ні ў чым не вінаваты?.. Але я лічу, што ў нас такіх людзей няма. Калі б злачынца тут вучыўся, то ён бы ужо даўно з’ехаў за мяжу.

Не абыйшлі увагай і прадпрыемствы горада. Напрыклад на ААТ «ТАІМ» міліцыя прыехала 23 кастрычніка. Рабочы гэтага завода Уладзімір нам паведаміў:
–  Гэта было на прахадной – здымалі адбіткі пальцаў. Працаўнікоў ці выклікалі, ці па спісе… Мяне гэта некалькі здзівіла, і спачатку я падумаў, што «пальчыкі катае» ваенкамат, таму што працэдуру праводзілі жанчыны, у міліцэйскай форме нікога не было.

Пошукавыя працы вядуцца не толькі ў Бабруйску, але і па усёй краіне. Аператыўнікі тлумачаць іх неабходнасць адсутнасцю інфармацыі пра месцазнаходжанне злачынцы. Але пакуль незразумела, якім чынам збор адбіткаў пальцаў кожнага мужчыны Беларусі дасць нейкія вынікі ў расследаванні выбуху, які адбыўся трэцяга ліпеня ў сталіцы, калі любы грамадзянін мае права адмовіцца ад гэтай крымінальнай працэдуры без наяўнасці на тое адмысловых падстаў.

Антон ПУЦІЛА

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Напишите свой комментарий!
Введите здесь ваше имя