Домой В регионе 71-гадовага бабруйчаніна асудзілі на шэсць гадоў за гандаль наркотыкамі. Ён кажа –...

71-гадовага бабруйчаніна асудзілі на шэсць гадоў за гандаль наркотыкамі. Ён кажа – я невінаваты

У судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска завершыўся разгляд справы Аляксандра Каваленкі, якога абвінавачвалі ў продажы метадону. Праваабаронцы кажуць, што працэс і прысуд выклікаюць шмат пытанняў…

Помста за сына?

Аляксандр Каваленка суд

Гісторыя супрацьстаяння сям’і Каваленкаў і міліцыі даўняя і няпростая. Упершыню сутыкнуцца з беларускай праваахоўнай сістэмай Каваленкам давялося ў 2004 годзе, калі іхняга сына абвінавацілі ў забойстве і асудзілі яго да 25 гадоў зняволення. Бацькі сцвярджалі – хлопец невінаваты, ён проста апынуўся не ў той час і не ў тым месцы. Аляксандр і Валянціна Каваленкі пачалі пісаць скаргі, у спробах дамагчыся праўды выходзілі на адзіночныя пікеты, стаялі нават каля Адміністрацыі прэзідэнта. Іх неаднаразова штрафавалі. Але ў сужонкаў атрымалася зменшыць тэрмін зняволення для сына да 17 гадоў, і ўжо ў 2021 годзе ён мусіць быць дома.

Валянціна Каваленка запэўнівае – усё, што потым адбывалася і адбываецца сёння з ейным мужам – гэта помста за барацьбу за сына.

У 2006 годзе ўжо самога Аляксандра Каваленку абвінавацілі ў гандлі наркотыкамі і  прысудзілі 9 гадоў у калоніі, але пасля 3 гадоў і 2 месяцаў у яго і жонкі атрымалася дамагчыся перагляду справы, і мужчына быў прызнаны невінаватым. Яго вызвалілі, знялі судзімасць і выплацілі кампенсацыю ў памеры 2500 рублёў.

Трэба заўважыць, што потым  Аляксандар Каваленка і ягоная жонка Валянціна сталі актывістамі грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры». Не раз выходзілі на   пікеты, пратэстуючы супраць несправядлівых прысудаў.

Аляксандр Каваленка суд

17-га кастрычніка 2019-га года расказаная вышэй гісторыя фактычна паўтарылася. Аляксандра Каваленку затрымалі недалёка ад дома, пры сабе ў яго нібыта знайшлі пачак ад цыгарэтаў з паперкамі, прасякнутымі растворам дзімедрола і метадона. У той жа час пенсіянер казаў, што гэты пачак знайшоў каля каліткі, і падняў, каб выкінуць у бліжэйшую сметніцу.

Пасля затрымання пенсіянер даведаўся, што ён з красавіка ў распрацоўцы, бо ў аддзел па наркакантролі патэлефанаваў нейкі грамадзянін Сяргей  Б., які распавёў, што ўжо цягам 5 гадоў набывае ў Каваленкі наркотыкі. 5 красавіка нібыта праводзілася кантрольная закупка, падчас якой Каваленка прадаў падстаўной асобе (Сяргею Б.) 10 «чэкаў» (доз) метадона і атрымаў за гэта 440 беларускіх рублёў.

Каваленка: такія ўмовы – гэта катаванні…

4 месяцы – з кастрычніка 2019-га па люты 2020-га Каваленка правёў у СІЗА. Ён скардзіўся на ўмовы ўтрымання, распавядаў, што ў камеры пастаянная вільгаць, і таму цяжка дыхаць, бо там у маленькім памяшканні 10 чалавек мыюць і сушаць бялізну, ходзяць у туалет, кіпяцяць гарбату. Такія ўмовы Каваленка называў катаваннямі. У СІЗА, а потым і на судзе, у пенсіянера здараліся гіпертанічныя крызы. Пасля аднаго з іх, які адбыўся падчас першага судовага паседжання ў Глуску 28-га студзеня, Каваленку шпіталізавалі. А там, як ён распавядаў, яго прыкоўвалі кайданкамі да ложка.

Пасля першага судовага паседжання ў Глуску наступныя праходзілі ўжо ў Бабруйску. Але справу працягнуў разглядаць суд Глускага раёна пад старшынствам суддзі Вольгі Галаўнёвай. У Бабруйску ў суд да Каваленкі неаднаразова выклікалі «хуткую дапамогу».

Аляксандр Каваленка неаднаразова падаваў хадайніцтва, каб яго ў судзе абараняла ягоная жонка Валянціна Каваленка, але суд адмовіў. Больш за тое, Валянціну выдалілі з судовай залі і не пускалі на паседжанні да самага канца  разгляду справы.

Яшчэ адно хадайніцтва Каваленкі было аб тым, каб яму паказалі ўсе матэрыялы справы, у тым ліку тыя, што датычаць той самай кантрольнай закупкі. У адказ ён зноў атрымаў адмову, бо гэтая часткая справы нібыта засакрэчаная з мэтай бяспекі сведкі – таго самага Сяргея Б.

Аляксандр Каваленка заявіў, што ў судзе растапталі ўсе ягоныя правы, і таму ён адмаўляецца ўдзельнічаць у працэсе. Мужчына не адказваў на звароты суддзі, а на спрэчкі бакоў і агучванне прысуда адмовіўся ісці – у суд яго прынеслі на руках.

У сваім апошнім слове Каваленка сказаў, што ён невінаваты, да наркотыкаў не мае ніякага дачынення, а за кратамі апынуўся таму, што яго падставілі сусед і міліцыя.

Віна Каваленкі ў тым, за што яго затрымалі, – недаказаная…

Падчас агучвання выраку, суддзя зазначыла, што віна Аляксандра Каваленкі ў тым эпізодзе, за які яго затрымалі, недаказаная. На папярэдніх паседжаннях старэйшы аперупаўнаважаны аддзела па наркакантролі УУС Бабруйскага гарвыканкама Вадзім Худавец распавядаў, што з раніцы 17-га кастрычніка ён сачыў за ўсім шляхам Каваленкі ад моманту выхаду з каліткі дома да затрымання за бліжэйшым скрыжаваннем. На дадатковым допыце Худавец распавёў, што ён не бачыў сваімі вачыма шлях Каваленкі, а атрымліваў інфармацыю ад сваіх падначаленых, якія ўдзельнічалі ў затрыманні. У той жа час супрацоўнікі, якія затрымлівалі Каваленку, распавялі ў судзе, што не бачылі, як Каваленка выходзіў з дому, заўважылі яны яго толькі калі ён збочыў на дарогу, дзе яны і чакалі. Адзін з іх узгадаў, што Каваленка казаў, што той пачак ад цыгарэтаў, што ў яго знайшлі, ён падняў з зямлі каля каліткі. Паколькі паказанні сведкаў не даказваюць, што нехта бачыў увесь шлях Каваленкі да затрымання, то нельга сцвярджаць, што насамрэч не было так, як Каваленка распавядаў, зазначыла суддзя.

Адначасова бок абвінавання не прадставіў суду інфармацыі пра тое, дзе Каваленка набыў наркотык, каму яго збіраўся ў той дзень прадаць. Падчас вобшуку дома ў пенсіянера не знайшлі ніякіх наркатычных рэчываў, не было іх слядоў і на змывах з ягоных рук. Таму суддзя пастанавіла выключыць гэты эпізод з абвіначвання Каваленкі з-за недаказанасці.

У той жа час суд прызнаў красавіцкі эпізод з кантрольнай закупкай цалкам даказаным. І пастанавіў прызнаць Аляксандра Каваленку вінаватым паводле ч.3 арт.328 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – незаконны зварот наркатычных рэчываў, і прысудзіць пакаранне ў выглядзе 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, як таго і прасіў пракурор Аляксандр Дзмітрыеў.

Акрамя, Каваленка мусіць сплаціць 440 рублёў, якія ён нібыта атрымаў за продаж наркотыкаў падчас кантрольнай закупкі, і пакрыць суму, што была выдаткавана падчас следства – 280.50 рублёў.

Жонка падсуднага Валянціна Каваленка заявіла пасля паседжання, што яна будзе падаваць апеляцыю і змагацца за мужа да апошняга, як яны змагаліся ўвесь гэты час за сына.

Глядзіце таксама наш відэасюжэт,  у якім – каментарыі Валянціны Каваленка, праваабаронцы Тамары Сяргей і іншае.

 

Марына Міхневіч