Домой Видео 5 гадоў тайм-клубу «1387». Як прайшоў «дзіўны дзень народзінаў»

5 гадоў тайм-клубу «1387». Як прайшоў «дзіўны дзень народзінаў»

19 кастрычніка першая ў Бабруйску анцікавярня з вымоўнай назвай у гонар даты заснавання горада адзначыла юбілей.

У 2014 годзе ўсё пачыналася з маленькага памяшкання па вуліцы Савецкай. Тады заснавальніца і дырэктарка тайм-клуба Наталля Халанская запрашала бабруйчан і гасцей горада прыйсці выпіць кавы, папрацаваць у ціхай утульнай атмасферы, ці згуляць у настольныя гульні.

Як ня раз казала Наталля, было страшна і незразумела, ці будзе далей працаваць на той момант новы для Бабруйска фармат – плаціць грошы не за ежу, як у звычайнай кавярні, а за час. Але вельмі хутка вакол «1387» пачала збірацца каманда аднадумцаў, энтузіястаў, людзей, якім як раз не хапала такога месца ў горадзе  –  са сваёй асаблівай, свабоднай, крэатыўнай атмасферай.

Сёння тайм-клуб «1387» – ці не адзінае ў Бабруйску мейсца, дзе штомесяц адбываецца шмат цікавых падзей, прэзентацый, сустрэч. Сюды едуць з канцэртамі вядомыя музыкі, літаратары, эксперты ў самых розных сферах…

Госці з розных куткоў Беларусі прыехалі павіншаваць тайм-клуб з днём народзінаў. Акрамя, 19 кастрычніка ў «1387» прайшоў канцэрт гурта «MorkvoЦвет» ды Юліі Шабанавай з праекта «Юго-Запад».

Пра тое, што сёння тайм-клуб «1387» значыць для Бабруйска, а таксама пра складанасці і перамогі на шляху да 5-гадовага юбілея і пажаданні на наступныя пяць гадоў – глядзіце ў нашым відэасюжэце.

 

Марына Міхневіч