Домой Образование 19 верасня ў Бабруйску стартаваў новы сезон «Мова нанова»

19 верасня ў Бабруйску стартаваў новы сезон «Мова нанова»

Модныя курсы беларускай мовы пасля летніх канікул аднавіліся.

У першым занятку прыняў удзел госць з Менска — журналіст «Еўрарадыё», удзельнік рок-гурта «HandMadE», спартовец Яўген Валошын.

Першая тэма была прысвечана спорту. Вядучая зачытвала цытаты аб беларускай мове, а ўдзельнікі імкнуліся адгадаць, каму яна належыць. Аказалася, што сярод прыхільнікаў роднай мовы такія вядомыя спартоўцы, як футбаліст Віталь Радзівонаў, легкаатлетка Аліна Талай, муай-таец Віталь Гуркоў, плаўчыха Аляксандра Герасіменя. Гэта іх выказванні прагучалі з вуснаў вядучай.

Потым слова, а затым і гітару, узяў Яўген Валошын. Ён адзначыў, што беларуская мова для многіх спартоўцаў становіцца моднай. Беларускамоўныя старонкі пачалі з’яўляцца ў папулярных спартыўных клубах.

Скончылася «Мова нанова» невялікім канцэртам Яўгена Валошына. Акрамя сваіх песень, выканаўца спеў і вядомыя беларускія, а ўсе гледачы — яму падпявалі.

Моўныя курсы «Мова нанова» будуць праходзіць кожную пятніцу, у 18.00, па адрасе: вул. Кастрычніцкая, 33, кв. 1. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.

Васіль Кулікоў